Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— У партфелі засталіся ключы Колі і Кіслотніка, — разважаў Дзяніс.

— Коля, відаць, моцна раззлуецца, — невыразна вымавіў Ілля.

— Пляваць, там была мая залікоўка, гэта ж прыйдзецца зноў бегаць па ўсіх прэподах…

Яны ішлі ўздоўж па вуліцы, яшчэ не працверазеўшы і таму крычалі: “Гiшпанія перамагла, выкусіце, маскавіты!”

Не гледзячы на непрыемны зыход суботняй гулянкі, Дзянісу хацелася працягу, ён пакуль не ўсведамляў маштабу праблемы, у якую трапіў, таму вырашыў адкласці ўсё на раніцу. Разам з Іллёй яны спыніліся папаліць на школьным стадыёне і іх асабістая размова расцягнулася яшчэ на працяглы час. Дзяніс прыйшоў дамоў у тры гадзіны ночы, выпіў з-пад крана вады і паваліўся на канапу, заснуўшы сном немаўля.

Назаўтра яму трэба было выходзіць у ноч. Пачыналася трэцяя змена.

6

Ён паглядзеў на шкляны дах — у ім бачыўся кавалак базальтавага неба, на якім дрыжучы, мігацелі самотныя зоркі. Гадзіннік паказваў дваццаць тры сорак пяць. Трэцяя змена. Трэці цэх і больш нікога. Завод здаваўся пустым і толькі з трэцяга цэху даносілася рэха працы. Працавалі першыя дзве веткі канвеера і “лінія Краўса” агульнай колькасцю пяцьдзесят чалавек. Усе былі на сваіх месцах і кожны выконваў сваю аперацыю.

Пасля дзённага адпачынку рукі Дзяніса адразу адчулі боль і першыя паўгадзіны яму прыйшлося не салодка, прымацоўваючы да маразільных камер пляскатую папярочку, узнаўляць свае ўменні па ўласна выпрацаванай методыцы. Справа ішла марудна. За сваёй спінай Дзяніс, час ад часу, чуў бязглуздую размову паміж Мявутам і Маслам на фоне дурнаватага смеху Зіны. Снайпер згінаў металічныя лісты і пераважна маўчаў. Відаць, часаць языкамі з гэтымі каровамі яму было не цікава. Дарэчы, і з астатнімі працоўнымі такой ахвотай ён асабліва не вылучаўся. У чымсьці Дзяніс пазнаваў у Снайперы і сябе, — такім ён мог стаць у сталасці, канечне, калі застацца на заводзе.

Перад Дзянісам, як на далоні ляжалі дзве канвеерныя веткі; ён бачыў і Ласуна, і Гестапа, Грышу і брыгадзіра Холадава, Пазняка і Курву, а таксама змрочнага Пазаліні, Свістулю, Підара і Дзятла. Часам у яго полі зроку мільгала постаць майстра Прошыны. Усе астатнія працоўныя складалі масоўку — візуальны задні фон. Такім чынам канвеер падтрымліваў сваё існаванне ноччу.

Першую цележку Дзяніс запоўніў за паўгадзіны, што было адносна нізкім тэмпам. Усталяваная планка дваццаці хвілін была няшчадна парушаная. Ён адвёз цележку да Дзятла і ўзяў парожнюю. Вяртаючыся назад, Дзяніс неспадзявана зачапіў ёй унутраныя «шафы», якія на пры канцы другой веткі выстаўляў дзелавіты Свістуля і абярнуў колькі з іх на падлогу. Свістуля незадаволена ўзяўся падымаць "шафы".

— Прабач, — сказаў Дзяніс.

— У наступны раз глядзі куды едзеш, — зласліва сыкнуў Свістуля.

“А ён не добразычлівы хлопец”.

Підар праводзіў Дзяніса сарамяжлівым позіркам і на апошнім імгненні, калі Дзяніс ужо збіраўся адводзіць вочы, усміхнуўся яму куткамі вуснаў. Усмешка атрымалася з’едлівай. З такой усмешкаю, напэўна, забойцы наносяць сваім ахвярам смяротны ўдар.

Такой была трэцяя змена.

Дзяніс вярнуўся на працоўнае месца і з імпэтам узяўся за справу. Яшчэ адчуваўся галаўны боль пасля ўчорашняга трэш-чаду. Ён прачнуўся ў тры гадзіны дня і амаль да вечара праляжаў у канапе. Цела ныла разам з сумленнем. К чорту канвеер!

Ты не можаш!!! Доля слабакоў кідаць адказную працу на самым пачатку. Ты не слабак! Насупраць — ты адзін з нас.

…………………………………………………………………………………………………………………

Дзяніс бег па доўгім калідоры. Ён здаваўся бясконцым і Дзяніс адчуваў, нібы знаходзіцца на бегавой дарожцы. Хтосьці ўключыў яе і яму прыйдзецца бегчы, пакуль яна не спыніцца.