“Вось яно што”.
Підар па-ранейшаму ўсміхаўся і Дзяніс, прапалены яго підарскай усмешкай, прыняўся самастойна разбіраць утвораны затор.
Дзяцел, як заўжды прасвістаў сабе пад нос і жэстам рукі паказаў, куды трэба паставіць цележку. У гэты момант Дзянісу захацелася разбіць яму носапырку, каб пунсовая кроў запэцкала яго сінюю робу і бетонную падлогу цэха.
Настрой быў сапсаваны, чаго Дзянісу зусім не хацелася пасярэдзіне глыбокай ночы на ненавісным заводзе. Яшчэ яму не хацелася і таго, каб над ім пачалі кпіць завадскія смаркачы, фанабэрыста абводзячы яго вакол пальцаў. Ён адчуваў, што сваімі дзеяннямі яны нібы павучалі яго.
Недзе глыбока ўнутры сваёй сутнасці Дзяніс разумеў сваю маладушнасць і кволасць перад грамадствам. Іншы раз ён усялякім чынам спрабаваў перадужыць гэтую негатыўную якасць свайго характару, але ў самыя адказныя моманты ў яго гэта не атрымлівалася і ўсё страхі выпаўзалі вонкі. Дзяніс нагадваў крохкую саломінку, якая ламалася пад уздзеяннем пэўных абставінаў і недарэчных учынкаў. Ужо потым ён па колькі разоў абдумваў свае дзеянні, чырванеючы пры гэтым, і не разумеў, чаму зрабіў менавіта так. Дзяніс нават даваў сабе жалезны зарок, што промаху больш не паўторыцца і ён ніколі не дазволіць іншым кепска з сабой абыходзіцца. Але, як следства — кожны раз ён даваў слабіну.
Вярнуўшыся з парожняй цележкай да працоўнага месца, Дзяніс убачыў майстра Прошына. Вакол яго стаялі Мявут, Масла і Зіна; Снайпер безуважна назіраў за іх гамонкай здалёк.
— Што за вечная навала з гэтым бракам, калі ў нас з’яўляюцца новенькія! — здушаным голасам абуралася Мявут. — Я дзесяць гадоў вырабляю гэтыя маразільнікі, а цяпер вы гаворыце брак!
Прошын залыпаў чырвонымі вачыма, відаць, яго пабудзіў брыгадзір Холадаў, паведаміўшы, што бабы пусцілі ў вытворчасць брак і стрымана сказаў:
— Так і ёсць.
Жанчыны на імгненне замаўчалі.
— Максім, чаму вы да нас так чапляецеся? — гулліва ўшчуваючы майстра, спытала Масла. — Мы жанчыны такія крохкія стварэнні, хіба вы не ведаеце, што да нас патрэбен іншы падыход.
Яна прыціснулася да майстра, абняла яго за стан і пачала “ставіць яму вочкі”. Такую практыку Масла, хутчэй за ўсё, пераняла ў Курвы. Прошын, здзіўлены такім абыходжаннем, пачырванеў, як бурак, нібы да яго ніколі ў жыцці не датыкаліся жанчыны і, хутка вызваліўшыся з яе пут, з ноткай далікатнасці, прамовіў:
— Я вас папярэдзіў. І яшчэ, у гэтым месяцы ўсім будзе зніжана прэмія…
Тут зноў не вытрымала Мявут.
— Ну што гэта такое?!. Што за завод такі?!. Гармідар адным словам!!! Цьху…
Дзяніс, вядомая справа, разумеў, што ўся прэмія Мявута і астатніх жанчын, не выключаючы Снайпера, пойдзе ў яго заробак. У нашай краіне летняя праца студэнтаў на розных прадпрыемствах і будоўлях толькі заахвочваецца. Гэта вельмі радавала Дзяніса і яму захацелася нахабна засмяяцца Мявуту ў твар.
Калі Прошын сышоў, жанчыны яшчэ доўга размаўлялі наконт відавочнай несправядлівасці, пасылаючы ў спіну Дзяніса незадаволеныя позіркі, а потым разыйшліся па працоўных месцах. Дзяніс адчуў, як яго сапсаваны настрой ураз адыграўся на ўсеагульнай абуранасці жанчын і ён на некаторы час забыў аб Світулі, якога, дарэчы, пасля змены намерваўся адправіць у накдаўн.
Вырабіўшы чарговую партыю маразільнікаў, Дзяніс рашуча павёз цележку да Дзятла. Ён ужо разлічваў на любыя праявы самадзейнасці, але не да такой ступені. У гэты раз шлях яму перагарадзілі дзве цележкі, на якіх віселі ўнутраныя камеры для "шафаў". Стаялі яны як раз каля пачатку другой канвеернай веткі, дзе працавалі Пазаліні, Свістуля і Підар. Дзяніс зразумеў, што такім чынам цудоўная тройца хацела намацаць яго слабое месца, трапіць у Ахілесаву пяту. Спачатку, як гэта звычайна здаралася, ён разгубіўся, пачырванеў і не мог сканцэнтраваць думкі, каб вывесці іх у адну формулу далейшых дзеянняў. Але раптам вочы яго напоўніліся крывёй, твар затросься і ён ужо больш не аддаваў справаздачы сваім дзеянням. З боку ўсё выглядала, як быццам бы раз’юшаны бык пусціўся бадаць людзей па вузенькіх вулачках Мадрыду. Дзяніс разагнаў сваю цележку і ўрэзаўся ёй у барыкады на сваім праездзе. Ад моцнага сутыкнення дзве цележкі павольна раз’ехаліся ў розныя бакі і Дзяніс спакойна праехаў далей. Уся тройца моўчкі ўтаропілася на яго, зусім не чакаючы такога разгортвання падзей. Але аслупяненне працягвалася нядоўга. Як самы старэйшы загаманіў Пазаліні:
— Ты што робіш, вар’ят? — і голас яго гучаў няўпэўнена.
Дзянісу было дастаткова кінуць на Пазаліні свой ваўчыны позірк, каб ён разгубіўся і сцяў зубы. Бачачы такі зыход, Свістуля прабурчаў сабе пад нос невыразны мацюк і хутка адвярнуўся.