— Ты толькі паглядзі на яго, — абурыўся мент. — Мы сумленныя санітары гэтых вуліцаў, хабары не бяром, але для такіх як ты ў нас маецца асобнае пакаранне. Сяржант!
Сяржант узяў Дзяніса пад руку і ўтрох яны пайшлі за Палац Рэспублікі. На працягу шляху Дзяніс чуў, як з рацыі старшыны бесперапынна бразгаў мужчынскі голас: “Першы, першы, я — трэці, каля Дома Афіцэраў п’яная бойка, паўтараю…” Аднак мянты маўчалі.
— Добра, — сказаў старшына ўжо за палацам, — цяпер павярніся.
Дзяніс разгубіўся.
— Што вы збіраецеся… — роспачна запярэчыў ён.
— Не хвалюйся, колькi ўдараў дубінкай табе не перашкодзяць, паварочвайся, — буркнуў сяржант. — Ці ты жадаеш у апорку, а адтуль дакумент па месцы працы, ці вучобы.
Дзяніс пакорліва павярнуўся і знерухомеў у чаканні, бы перад растрэлам.
— Ну, хто першы? — пачуўся за яго спінай голас сяржанта.
— Давай ты, — сказаў старшына.
У наступнае імгненне Дзяніс прачуў на сваёй спіне такі моцны ўдар, што злёгку пахіснуўся, але раўнавагу не згубіў.
— Стаяць, смоўж, яшчэ за мною слова! — гыркнуў старшына.
Дзяніс дакрануўся да спіны — яна гарэла, нібы яе аблілі варам.
— Гатовы?!
Дзяніс заплюшчыў вочы.
— На-а-а!!!
Другі ўдар быў мацнейшым і прыйшоўся па нырках. Дзяніс сціснуў зубы, каб не ўскрыкнуць і рэзка прысеў на кукішкі. Яму хацелася ванітаваць.
— Усё, хлопец, бывай. Мы цябе не бачылі і ты нас таксама, — засмяяліся мянты.
Калі супрацоўнікі міліцыі зніклі, Дзяніс зваліўся на калены і, амаль не цалуючы глебу, званітаваў, ужо ў другі раз за гэты вечар. У спіне пякло, а ў нырках было адчуванне вакууму. Хацелася заплакаць, але ён стрымаў сябе і сеў на азадак. Толькі цяпер Дзяніс заўважыў, што непадалёк ад яго, на лаўцы, сядзела парачка размалёваных эма.
— Ты ў парадку? — спытаў ці то хлопец, ці то дзяўчына. — Мы ўсё бачылі і можам даць паказанні супраць пярэваратняў у пагонах.
Дзяніс падняў руку ўверх — сусветны знак “усё о’кэй” і паціху ўстаў. Трэба было выносіць адтуль ногі, каб у эма ад убачанага, незнарок, не здарылася сардэчнага прыступу.