Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

“Ну вось, пачалося!”

— Падыходзь па адным, — закрычаў асілак з Малінаўкі, — будзем здаваць на крапавы бярэт!

Жаданне пазмагацца выявілі Дзяніс, Міха, Андрэй, Лысы, Жорык і Сяргей. Разумнейшыя адышлі падалей. Першым, як не дзіўна, наляцеў Коля, абраўшы ахвярай нізкарослага Сяргея. Аднак Сяргей аказаўся ўстойлівым хлопцам і Коля, каб не страціць аўтарытэту заўзятага вулічнага байца, пачаў ужываць кропкавыя ўдары нагамі і завяршыў паядынак дакладным хукам у сківіцу суперніка, які ў тое ж імгненне быў абезрухомлены. Андрэй спужаўшыся, закрычаў:

— Калян, стапэ!

На Колю адразу ж наваліўся Лысы, і пачаў прэсаваць яго мясістыя плечы абцасамі сцёртых камілотаў, за Лысым на Колю рынуліся Жора, Дзяніс і Міха. Андрэй паспрабаваў спыніць бойку, адцягваючы ўсіх за рукі, але незаслужана атрымаў сіняк пад вока. Дзяніс таксама быў абяззброены, прачуўшы ўдар у вобласць сонечнага спляцення і, адышоўшы ад кучы на колькі крокаў, паваліўся ніц… Усё. Далей ён, роўным рахункам, нічога не памятаў, як скрозь зямлю праваліўся.

Прыйшоў у сябе Дзяніс, адчуваючы, што ванітуе, седзячы на лаўцы. Зладзіўшы вынітавыя пазывы, ён паглядзеў па баках і ўбачыў, што на другім канцы лаўкі ляжаў непрытомны Андрэй, а пад ім утварылася гадкая лужына, якая нагадвала карціну мастака-імпрэсіяніста, ад чаго ванітавыя пазывы ў Дзяніса ўзнавіліся з новай сілай. Праз колькі часу яму стала лягчэй і ўзнікла пачуццё цвярозасці. Неяк падняўшыся з лаўкі, Дзяніс зразумеў, што ўсё яшчэ знаходзіцца каля стадыёна. Трохі воддаль стаялі Коля, Сяргей, Міха, Ілля і Лысы з Жорыкам. Палілі.

— А дзе астатнія? — спытаў Дзяніс.

— Разыйшліся, сказалі, што піць з намі болей не будуць. Мы — гопнікі і быдла, — сказаў Міха.

Цяжка было з імі не пагадзіцца. Дзяніс паглядзеў на незадаволены твар Колі, разбiты лоб Сяргея і сіняк пад вокам у Лысага.

— Што ж… трэба выпіць, — прапанаваў Дзяніс.

— Было б што, — сказаў Ілля.

— Тады трэба ісці ў краму, — настойваў Дзяніс.

— Хопіць на сёння, — сказаў Коля, зласлiва гледзячы на Лысага.

Дзяніс адышоў, зноў сеў на лаўку і запаліў. Алкагалічная анестэзія, якая здаралася з ім ня часта, але калі яна ўсё ж такі здаралася, звычайна, на раніцу, Дзяніс размаўляў з унітазам, паглынула яго свядомасць сівой імгой. Ачухаўся ён, калі ўся кампанія падыходзіла да Кастрычніцкай плошчы. Горад ужо засмоктвала ў вячэрні прыцемак. Паўсюль гарэлі яскравыя агні і туды-сюды сноўдалася чырвонапысая моладзь. У Дзяніса ўзнікла адчуванне лёгкай эйфарыі — ён прачнуўся і свята толькі пачыналася. Падыходзячы да плошчы з боку Дома Афіцэраў, хлопцы заўважылі людскі гармідар каля рэкламнага экрана, па якім транслявалі футбол. Людзі пілі, закусвалі і напружана назіралі за відовішчам, якое разгортвалася на зялёным полі. Падышоўшы бліжэй, Дзяніс заўважыў, што ўвесь натоўп быў разгалінаваны на дзве часткі: бліжэйшыя да экрана, а гэтая частка складала пераважную большасць, трымалі ў руках расейскiя сцягі, а ўжо за імі, над астатнімі, не больш пяцідзесяці чалавек — развіваўся гішпанскі сцяг. Усё мацней чулася: “Ра-се-я!” І, дзесьці, у самым хвасце: “Оле-оле-оле-оле, Гiшпанія, давай!”

— Ну, што, пайшлі бліжэй да экрану, — прапанаваў Андрэй.

— Не, я пайду да гішпанцаў, — сказаў Міха.

— Што так? — не зразумеў яго Сяргей.

— Я хачу быць у меншасці, а за Расею скандуе большасць.

— Ну і здраднік, мы з Расеяй адзін брацкі народ, — сказаў Коля.

— А спрачаемся, што вашая Расея прадзьме, — умяшаўся Ілля. — Я ў футболе не разбіраюся, аднак што такое Расея ў параўнанні з Гiшпаніяй.