Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Ведаеш, Гітлер таксама шмат чаго думаў, — сказаў Андрэй і звярнуўся да Дзяніса: — Ну а ты?

— Пляваў я наогул і на Расею, і на Гiшпанію, футбол мяне ніколі не цікавіў, аднак пры такім падыходзе я згодзен з Міхай — “расейцаў” больш, я падтрымаю меншасць.

Яны разыйшліся ў розныя бакі.

Падыходзіць да гішпанскіх балельшчыкаў прыходзілася праз рускіх. Хлопцы пераступалі цераз не дапітыя бутэлькі з гарэлкай, міналі ачмурэлых гопнікаў, якія крычалі невыразныя клічы, пырскаючы слінай у твар, скінуўшы майкі і, выставіўшы на агляд свае піўныя пуза. Урэшце, яны дабраліся да сваёй мэты. Гiшпанскія балельшчыкі пілі піва; размалявалі твары ў гішпанскі нацыянальны колер, а барадаты мужык у шлеме канкістадора трымаў у руках яскравы гішпанскі сцяг. Хлопцы падышлі бліжэй і далучыліся да балельшчыкаў. Праз колькі часу яны ўжо заўзята скакалі разам з імі і выкрыквалі: “Гiшпанія, давай! Верым у перамогу!” За найбольш актыўнае гарлапанства, хлопцаў нават пачаставалі дармавым півам. Дзяніса па-сапраўднаму каўбасіла, Ілля пазнаёміўся з п’янай малалеткай, Міха размаўляў з барадатым мужыком аб трагічнай гісторыі ВКЛ. Усё выглядала даволі міралюбна, пакуль Расеі не ўкацілі першы гол. Дзяніс заўважыў, як натоўп наперадзе рэзка замер і па плошчы пракаціўся гуд расчаравання. У тую ж хвіліну “гішпанцы” радасна закрычалі, і Дзяніс убачыў, як з боку русейскiх фанатаў да іх паляцелі шкляныя бутэлькі. “Гiшпанцы” адказалі тым жа. Зусім недарэчы Дзянісу захацелася схадзіць па патрэбе. Выйдучы з шэрагаў балельшчыкаў, ён адчуў, што прыціснула яго вельмі моцна, а бегчы ў задворак было занадта позна. Позіркам ён знайшоў, недалёка ад Палацу Рэспублікі, кветнік з рознакаляровых сцяжкоў, сярод якіх перавага была аддадзена чырвоным, зялёным і белым. Аднак Дзяніса гэта не збянтэжыла. Ён рашуча пабег у той бок. Аснову кветніка складалі кардонныя транспаранты, на якіх было напісана: “Квітней Беларусь”. Дзяніс не знайшоў часу, каб агледзецца і шпарка пералез праз кветнік. Слухаючы прыемнае рыпенне сцяжкоў пад павевам лёгкага ветрыку, Дзяніс расшпіліў шырынку і на працягу некалькіх хвілін атрымліваў неймаверную асалоду. З плошчы пачуліся крыкі, відаць, пачалася бойка.

“Зараз-зараз, яшчэ крыху, вось я скончу…”

Пералазячы зваротна, Дзяніс па іроніі зачапіўся нагой за цвік у транспаранце і павіс на версе кветніка.

— Табе дапамагчы?! — пачуў ён кплівы голас знізу. Прыгледзеўся — мянты.

Зарад адрэналіну дазволіў яму адразу вызваліцца з пасткі і саскочыць на зямлю. Перад Дзянісам узнікла два міліцыянера: старшына і малодшы сяржант. Старшына нагадваў друзлага цюленя з мулявінскімі вусамі, а малады сяржант лыпаў вачыма і нервова аглядаўся па баках.

— Ну і што ты там рабіў, сябрук? — спытаў старшына.

— Мачыўся…

— Цікава. А што іншых месцаў няма, акрамя, як каля Палацу Рэспублікі?

Дзяніс паціснуў плячамі.

— Вось што, малады чалавек, — сур’ёзна вымавіў старшына, — калі б гэта было якое-небудзь завуголле, мы б цябе не чапалі, але, прабач мяне — тут, і яшчэ на сімвал нашай суверэннай рэспублікі!

Дзянісу раптам захацелася смяяцца.

“А што, крута, я, як самы радыкальны панк абмачыў дзяржаўную сімволіку”.

На яго твары ўзнікла ледзь прыкметная ўхмылка.

— Што будзем рабіць з гэтым парушальнікам? — спытаў старшына ў сяржанта.

Той спярша асалапеў, а потым стрымана прамовіў.

— Як звычайна.

— Грошай у мяне няма! — умяшаўся Дзяніс.