— Гэй… ты чуеш, што я кажу, гэй?! — перад Дзянісам стаяў майстар Прошын, а побач з ім вірлавокі мужык у цвідавым пінжаку.
Дзяніс залыпаў вачыма і адразу ж прыйшоў у сябе.
— Як праца? — відавочна, у другі раз спытаў Прошын.
— Усё о’кэй, лепш і быць не можа, — заявіў Дзяніс.
— Нейкі ён стомлены, — пагардліва гледзячы на яго, сказаў Прошыну вірлавокі. Прошын, як заўжды, пачырванеў.
— З табой усё ў парадку? — спытаў майстар.
— Норма, — Дзяніс паспрабаваў надаць голасу як мага больш сур’ёзнасці.
Майстар паціснуў плячыма і пайшоў далей, вірлавокі ж падазрона ўтаропіўся на Дзяніса, які прымацоўваў папярочку. І ўсё ішло, як па маслу; за гэтых колькі дзён ён навучыўся амаль дасканала выконваць сваю аперацыю, што пры выпадку змог бы працаваць з завязанымі вачыма. А вірлавокі, увесь гэты час, здавалася, чакаў, калі Дзяніс зробіць памылку. Урэшце, зразумеўшы, што ён ведае сваю справу, падышоў да яго бліжэй і ціха сказаў:
— Ты мне не падабаешся. Ведай, што я сачу за табой. Ты мяне зразумеў?!
Дзяніс вымушана кіўнуў.
Як толькі вірлавокі выдаліўся, да Дзяніса падышоў Снайпер.
— Што ён табе сказаў? — спытаў ён.
— Ды на конт маёй фізіяноміі і тое, што я яму не падабаюся.
Снайпер усміхнуўся.
— О, гэта ён казаў усім у гэтым цэху. Яму тут акрамя свайго чорнага азадка ніхто не падабаецца.