— Вось так заўсёды. Ты эгаіст, Дзяніс…
Яна вылезла на дах. Дзяніс вылез следам. Сонца стаяла ў самым зеніце, было спякотна і паўсюль лунала цяжкае паветра. Пах руберойда адчуваўся яшчэ мацней. Дзяніс акуратна зачыніў за сабой люк, а Іра кінулася да краю даха.
— Асцярожна, рыжая, у мяне ногі падсякае, калі ты так носішся! — сказаў Дзяніс.
— Гэта ўсяго толькі дванаццаты паверх, — усміхаючыся, пралепятала Іра.
— Можна лічыць, што трынаццаты.
— Не мае значэння. Паглядзі адсюль на горад, як дзівосна!..
Дзяніс асцярожна пачаў да яе набліжацца.
— Ды не бойся, дурнік, смялей, — засмяялася яна.
— Трэба паступова, не спяшайся…
Іра працягнула яму руку і ён, узяўшыся за яе, моцна сціснуў ёй далонь. Яна падвяла Дзяніса да краю.
— Глядзі…
Ён нерашуча паглядзеў уніз. З гэтага, можна лічыць, самага высокага будынка на вуліцы Ілімская і, бадай, ва ўсім раёне, было відаць усё. Быў відаць дом, у якім жыла Іра, яе школа, узятая ў кольца шэрых несамавітых дзевяціпавярховікаў. Жылыя дамы апярэзвала дарога, якая цягнулася далей у горад, віднеўся ўніверсам “Рублёўскі”, рэкламны шчыт, на якім было напісана "За Беларусь". Быў відаць нават сектар драўляных хат з усходняга пасёлка, а ў Дзяніса за спінай адчыняўся выгляд на цёмна-зялёны яловы лес. У навакольным краявідзе адчувалася эклектыка ідыліі і індустрыялізму ў суровым спалучэнні вёскі і горада. Хаця Мінск гэта і ёсць вялікая вёска. Яшчэ не хапала каровы, якая б клыпала па асфальце з бомай на шыі і басаногай бабкай побач, імкнучыся хоць дзе-небудзь перайсці дарогу, паганяла яе пугай. Дзяніс набраў поўны рот сліны і з усяе моцы плюнуў уніз. Сліна, нібы па спіралі, паляцела ўніз і растварылася дзесьці ля шостага і пятага паверхаў.
— Свіння, — сказала Іра.
Дзяніс не звярнуў увагі на заўвагу, паглядзеў у далеч, а потым сеў на гарачую паверхню даху, абапёршыся спінай аб парэнчы.
— Ангарская — самы адстойны раён у Мінску, нават Зялёны Луг не такі адстойны, як здаецца з першага погляду.
— Што ты маеш супраць майго раёна? — імітуючы мужчынскі голас, сказала Іра, потым ацэньвальна паглядзела на яго, і села побач у паставе лотаса.
— Глядзі не запэцкайся.
— Адчапіся.
Некаторае імгненне яны маўчалі.
— А вось на Кунцаўшчыне на шмат лепш, — каб працягнуць спрэчку, сказаў Дзяніс. — Там, прынамсі, цывілізацыя адчуваецца.