Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

“Чаму яны сунуцца зваротна?” — паўстала ў яго пытанне. “- І чаму за імі сунуся я?”

Але адначасова ў душы з’явілася боязь застацца аднаму. Лепш глядзець у вочы небяспецы разам. І ён далучыўся да кампаніі двух мужыкоў, якія ўсю дарогу абкладалі жаночымі геніталіямі ўсіх вышэйстаячых начальнікаў, што, па-сутнасці, не магло ніякім чынам паўплываць на змену сітуацыі.

Вяртаючыся назад да дыспетчарскай тым жа шляхам, Дзяніс убачыў жанчыну, якая ляжала на падлозе. Вакол яе стаялі Зіна, Масла і Курва. Кроў ад жанчыны расцяклася чырвонай плямай на цэлы метр.

— А што гэта з Марыяй здарылася? — спалохана спытаў адзін з мужыкоў, з якім ішоў Дзяніс.

— Забілася, — адказала расчырванелая Зіна і адразу ж зачыніла вочы азызлымі далонямі.

Дзяніс, хаваючы прыступ невымернай агіды, хутка пайшоў далей. Упершыню ён убачыў чалавека, які сканаў на яго вачах і адчуванне гэта было не з самых прыемных. Што казаць, калі ён нават нябожчыкаў баяўся і ўсялякімі сродкамі спрабаваў не прысутнічаць на пахаваннях. Потым начамі ён не мог заснуць, яго думкі запаўнялі, усялякага кшталту, жахі з ажылымі трупамі і іншымі анамаліямі паўсядзённага жыцця. Цяпер жа ў яго сэрца закралася самае сапраўднае трапятанне.

— Мужчыны, дапамажыце нам пакласці яе ў куды больш прыстойнае месца, яна ж усё ткі чалавек, а не сабака, — пачуў Дзяніс за спінай зрывісты голас Зіны, але пайшоў далей. Чапаць мерцвяка — пакіньце гэта каму-небудзь іншаму.

Ён вярнуўся да дыспетчарскай, адкуль нядаўна бессаромна кінуўся на ўцёкі і ўбачыў каля майстра Прошына яшчэ з дзясятак чалавек, сярод якіх былі брыгадзір Холадаў, Снайпер і Дзяцел. Дзянісу адразу стала сорамна за праяву слабасці свайго характара і ён ужо чакаў у свой бок вострых слоў і ў бок тых, хто вярнуўся разам з ім, але нічога падобнага не адбылося, толькі Холадаў кінуў на ўсіх уцекачоў здзіўлены позірк і спытаў:

— Чаму вы вярнуліся?

— Ды нейкая падла ўсе дзверы зачыніла, я першы раз бачу, каб яны наогул зачыняліся! — абурана сказаў чарнабароды мужык.

— Як так зачыніліся? — падышоў да яго Снайпер.

— А вось так — на замок з другога боку і баста.

— Гэта падобна на замову, — зласліва працадзіў Холадаў. — Якога лысага тут дзеецца?

— Канвеер, — ціха сказаў майстар Прошын.

Усе прысутныя звярнулі на яго ўстрывожаныя позіркі. Майстар ляжаў, распластаўшыся на халоднай бетоннай падлозе, яго галаву прытрымлівала мажная жанчына, а з рота тоненькім струменьчыкам выцякала кроў. Адарваную руку паклалі побач з ім, нібы звычайную дэталь ці нарыхтоўку.

— Цішэй, мой хлопчык, — па-мацярынску казала яму жанчына, — цішэй, каток, табе нельга гаварыць.

Вочы Прошына ашклянелі ў натужлівым чаканні смерці. Было бачна, што ён намагаўся гаварыць і гаварыць аб многім, але сілы яго пакідалі, вусны сутаргава трэсліся і ён надрыўна ўздыхаў.

Брыгадзір падышоў да ўсіх, хто вярнуўся назад і шэптам сказаў:

— Яму не доўга засталося. Невядома хто на “лініі Краўса” усадзіў яму ў грудзі сталёвую загваздку і адарваў руку.

— Але хто? — пасыпаліся ціхія галасы працоўных. — Хто мог учыніць такое?