У Дзяніса таксама прачнуўся запал злосці, які адразу ж было неабходна накіраваць у патрэбнае рэчышча, каб проста выліць на кагосьці ўсю сваю крыўду і расчараванне. Ён адчуў, што на пэўны час яго розум пазбавіўся ад усялякай адказнасці, прыбываючы ў стане афекту і таму разам з працоўнымі ён легкадумна накінуўся на дыспетчарскую. Чалавек дваццаць наляцелі на яе, як ільвы на безабаронную антылопу і пачалі торгаць з боку ў бок. Рупар прапанаваў яе перакуліць. Доўга пяліся і ўрэшце перакулілі. Дыспетчарская выдала адчайнае рыпенне і ляснулася аб бетонную падлогу, напоўніўшы цэх глухім і працяглым гудам. Дзянісу падалося, што знутры пачуўся шчымлівы стогн, аднак дыспетчарскую на гэтым пакінулі.
Увесь гэты час брыгадзір Холадаў разгублена назіраў за неўласцівымі для працоўных дзеяннямі, і па выразе яго твару можна было сказаць адно: ён змірыўся з абставінамі. Сказаць можна было яшчэ больш: натоўп згубіў часовы кантроль і ўсялякае кіраўніцтва.
Але сітуацыю паспрабаваў выправіць Пазняк.
— Што вы робіце, варвары, там жа жывы чалавек! — закрычаў ён.
— І праўда, што вы робіце, так нельга! — засакаталі галасістыя жанчыны.
— Закрый сваю пашчу, — злавесна сказаў у бок Пазняка раз’ятраны Рупар. — Хочаш праўду табе скажу, ты — гаўно, самае сапраўднае, я зараз вазьму і размажджэру тваю шпакоўню гаечным ключом, калі ты не замоўкнеш.
І ён ужо было памкнуўся пайсці на Пазняка, аднак мужыкі своечасова стрымалі яго за рукі і адсунулі далей ад бяды. Пазняк спалохана адышоў назад і стаў каля жанчын, разумеючы важкасць грозных слоў Рупара. З гэтага моманту, нечакана для ўсіх, працоўных натоўп падзяліўся на дзве часткі: тых, хто падтрымаў беспарадкі, і тых, хто быў супраць. Дзяніс пакуль не спяшаўся далучацца да адной з двух частак, хаця сваімі дзеяннямі гэта ўжо зрабіў. Ён упэўнена стаў каля Рупара і гурта мужыкоў, якія разам з ім перавярнулі дыспетчарскую.
Снайпер падышоў да іх. Побач са Снайперам Дзяніс заўважыў Чыпушылу, таго самага дэбільнага мужыка з маньяцкімі вачыма. Чыпушыла па-прыяцельску пахлопваў яго па плячы і аб нечым казаў.
На хвіліну ва ўсім трэцім цэху ўсталявалася трывалае маўчанне. Людзі былі разгубленыя і збянтэжаныя. Дзяніс бачыў апатычныя твары Ласуна і Гестапа, бачыў, як ціха, амаль бязгучна перагаворваліся паміж сабой Масла і Курва, бачыў маўкліва-пустэльны погляд Пазаліні, які апусціў па швах гужаватыя рукі і як усе бяздзейнічаў. За ім стаялі Свістуля і Підар, з дурнаватай цікавасцю назіраючы за ўсім, што адбывалася ў цэху. Дзяніс звярнуў увагу на Грышу і толькі цяпер заўважыў, што ён згаліў сваю аскетычную бародку, але гэта ахвяра не зрабіла яго прывабней — ён па-ранейшаму пакідаў уражанне гідкага чалавека. Усім сваім выглядам Грыша паказваў, што намагаецца выказацца, па звычцы пагладжваючы падбародак.
— Пляваць, — урэшце манерна вымавіў ён, — я прама зараз іду ў гардэроб пераапранацца, калі куляецца дыспетчарская, на вачах робіцца рэвалюцыя, прымаць у гэтым удзел я не збіраюся.
Грыша сабраўся пайсці.
— Нікуды ты не пойдзеш, — заявіў яму Холадаў, пацёршы пры гэтым далонню сціснуты кулак.
Грыша насцярожана паглядзеў на кулак брыгадзіра, які нагадваў кіянку і, спыніўшыся на паўдарогі, праскавытаў:
— Ты не маеш права калечыць працоўных.
— Яшчэ як маю, асабліва такіх пацукоў. Ды глянь ты ўрэшце на сябе ў люстэрка, твая храпа даўно цэглы просіць, ці ў лепшым выпадку добрага штурхяля.
— І вы ў той жа бок, — меланхалічна сказаў Пазняк.
— У які бок? — як быццам не зразумеў яго Холадаў. — Не ведаю я ніякіх бакоў, ведаю, што ніхто адсюль не зрушыцца, пакуль не высвятляцца асноўныя прычыны паломкі. Вы забылі, што начальства вырашае, ісці працоўным дамоў ці не ісці? І ўвогуле я не ўзгадваю, каб канвеер больш гадзіны стаяў.
— Пры чым тут ужо твой канвеер? — нервова спытала яго тлустая жанчына з чырвонымі шчокамі. — Валера павінен быў мне сёння ў абед патэлефанаваць. Я яго потым цэлы вечар набірала, а нумар як быў заблакаваны, так і застаўся.
— Куды знікла другая змена? — зноў загучалі трывожныя галасы працоўных.
— Не магла ж яна скрозь зямлю праваліцца?