Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Хто-небудзь бачыў Бужакова?

— Я нават прыбіральніцу не бачыла.

— А хто сюды першым прыйшоў?

Зноў падняўся шум. Людзі, здавалася, не маглі паслядоўна разабрацца ў сітуацыі, якая склалася і Дзяніс у чарговы раз пераканаўся, што працоўныя — гэта суцэльная безаблічная маса.

— Ціха! — перапыніў усіх голас Рупара. — Майстар ідзе!

Працоўныя замоўклі і ўтаропіліся ў бок “лініі Краўса”.

Адтуль, ледзь трымаючыся на нагах, ішоў, калі гэтае кульганне можна было назваць хадой, майстар Прошын. Ён трымаўся адной рукой за плячо, якое моцна сыходзіла крывёй, а рука абвісала, як ірваная ануча. Майстар нагадваў чалавека, зацкаванага зграяй шалёных сабак і які цудам выбраўся з гэтай калатніны. Ён падышоў бліжэй да працоўнага натоўпу і ніцма паваліўся на бетонную падлогу. Дзяніс заўважыў, як ад яго цела адлучылася рука, якую майстар спрабаваў прытрымліваць і забілася ў кароткіх канвульсіях. Мурашкі праслізнулі па ўсяму яго целу і ён адвёў позіркам у бок.

Дзяніс не бачыў, як да майстра падбегла колькі мужыкоў і, прыпадняўшы яго скрываўленую галаву, паспрабавалі прывесці ў прытомнасць. Зрэнкі Прошына закаціліся і бяльмо, якое з’явілася замест іх, прадракло хуткую смерць. Адзін з працоўных ляпнуў майстра па шчацэ і ліхаманкава затрос:

— Максім, Максімка, што такое?! Што здарылася?! Максім?!

Магчыма ў майстра ўсялілася апошняя перадсмяротная сіла, ці ён проста на кароткі час прыйшоў у сябе, таму што ў наступнае імгненне пасмяглыя вусны Прошына гартанным голасам выдалі тое, ад чаго кожны, хто знаходзіўся ў трэцім цэху, здрыгануўся. Дзяніс стаяў спінай, але выразна пачуў сказанае.

— Бяжыце… бяжыце адсюль, як мага хутчэй…

9

Працоўныя кінуліся ў рассыпную. Хто куды. Трэці цэх меў шэсць шляхоў адступу і людзі пабеглі ў розныя яго бакі, як пацукі з дрэйфуючага карабля. У іх ліку быў і Дзяніс. Як толькі ён пачуў не абнадзейлівыя словы напаўжывога майстра, ён разам з усімі, хаця правільней сказаць за ўсімі, пабег у той бок, адкуль нядаўна прыйшоў у цэх. У галаве Дзяніса ўзнікла мігатлівае слова “небяспека”, ён убачыў, як перад ім заблішчалі пяты працоўных і яго ногі самі панесліся наўздагон за ўцекачамі.

Першае, што прыйшло яму на розум, калі ён адчайна ратаваўся ад невядомага жаху, які пасеяў сярод працоўных усеагульную паніку, гэта надзвычайнае здарэнне, якое адбылося на “лініі Краўса”, магчыма там майстру прэсам адбіла руку. Але тады навошта казаць, каб усе ўцякалі? Думкі круціліся і перапляталіся ў розных жудасных варыяцыях, узмацняючы ў крыві аб’ём адрэналіну, і прымушаючы яго бегчы яшчэ хутчэй.

Жанчыны галасілі, мужчыны мацюкаліся і ўсе няспынна беглі. Дзяніс убачыў, як наперадзе, ужо за першай веткай, на роўным месцы распласталася габарытная жанчына і адзін мужык, не зважаючы на гэта, наскочыў ёй на спіну кірзавым ботам і пабег далей. Жанчына заенчыла і змоўкла. Дзяніс падбег да яе і, спыніўшыся, паспрабаваў перавярнуць на спіну, але абезрухомленае цела не паддалося. Прыгледзеўшыся, ён убачыў, што ў жанчыны з галавы пацякла барвовая кроў. Прыступ непамернай агіды напоўніў нутро Дзяніса і ён кінуўся бегчы, не аглядаючыся.

Мінуўшы доўгі праход уздоўж цэха, ён звярнуў на права, — туды, дзе пачыналася ліцейка, і бакавым зрокам заўважыў, што больш ніхто не пабег за ім услед. У стане страха за жыццё, дзеянні мас маглі быць самымі непрадказальнымі, але гэта зусім не засмуціла Дзяніса, яму нават спадабалася, што да гэтага выйсця кінуўся ён адзін. І, бадай, так было лепей, чым апыніся ён зараз з кімсьці — аднаму растварыцца ў прасторы на шмат прасцей.

Аднак, забегшы за вугал, Дзяніс рэзка спыніўся. Выйсце ў другі цэх было зачынена жалезнымі дзвярамі бруднага жоўтага колеру. Дзяніс падышоў бліжэй і з усяе сілы тузануў за вялікую ручку. Магчыма, дзверы зачынілі з другога боку, таму што замка на іх не было. Дзяніс не ведаў, што рабіць, ён проста аслупянеў, адчуваючы сябе загнанай жывёлінай. Толькі хто паляўнічы?

— Што і тут зачынена? — пачуў ён за спінай голас Пазняка і азірнуўся.

Пазняк стаяў з адчыненым ротам і чакаў, што адкажа Дзяніс, але ўбачыўшы безнадзейна разведзеныя рукі, расчаравана плюнуў і сказаў мацюком.

А ўжо праз некаторы час Дзяніс убачыў, як стомленыя працоўныя вярталіся назад. Ён праглынуў у горле камяк і абыякава паплёўся за ўсімі.