Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Які ён нябожчык, — абурыўся Пазаліні, — калі нават смерць сабе сабачую абраў.

Але штурхаць Фаруха Ібрагімавіча не адважыўся. Снайпер паглядзеў на Дзяніса.

— Я думаю майстра і Марыю трэба пакласці тут, далей ад вачэй і наогул не шкодзіла б прынесці цыраты, каб хоць чымсьці іх прыкрыць.

Дзяніс кіўнуў галавой і злёгку разгублены выйшаў з дыспетчарскай. Каля яе ўжо сабраліся асабліва цікаўныя і Дзяніс не марудзячы, басавіта вымавіў:

— Фарух Ібрагімавіч павесіўся…

— Цьху ты, чорт! — раздаўся ўсплеск эмоцый. — Лёгкай смерці сабе захацеў, вось шатан пракляты!

— Гэта проста канец свету! — пачала лямантаваць хударлявая жанчына, нават занадта хударлявая для свайго ўзросту. — Цяпер і начальнік — мы ўсе тут загінем, гэта нашая брацкая магіла!

— Ды сціхні ты, дура! — вылаяўся Дзяцел і Дзяніс упершыню пачуў яго разборлівую гаворку.

— А ты не затыкай ёй рот, Лена праўду кажа. Мы ўсе можам тут загінуць, калі будзем займацца самаўпраўнасцю, — сказаў Пазняк.

Дзянісу захацелася разбіць яму твар і яшчэ ён зразумеў, што далейшыя прамовы гэтага "апазіцыянера" могуць распаліць канфлікт да ўзроўню супрацьстаяння адной часткі працоўных з другой, але абставіны ўдала выправіў Снайпер, пачуўшы голас Пазняка, ён выйшаў з дыспетчарскай.

— Мы ўсе тут загінем, калі будзем слухаць цябе, Аркадзь, — сказаў яму Снайпер.

Пазняк жвава забегаў сваімі цёмнымі вочкамі і загаварыў скорагаворкай:

— А ты ніяк хочаш тут усё пад сябе падстроіць, Валік, га? Колькі цябе памятаю, заўжды бачыў асобу дзікунскага складу, з якой ні пагаманіць, ні выпіць нават. Ты каго тут з сябе строіць спрабуеш, Валік, га? Ніяк героя-вызваліцеля?

— Нікога я з сябе не строю, проста спрабую дзейнічаць рацыянальна, а табе, чым дарма папракаць, не замінала б дапамагчы нам.

— Во табе! — выставіў ён у накірунку Снайпера кукіш, — і табе, і табе. Я вас усіх ненавіджу, усіх разам узятых, бездараў і марнатраўцаў, вы шэлега не вартыя і не прыстала мне слухаць вашай бязглуздай рады.

— Гэта тваё асабістае меркаванне, — сказаў Снайпер, а потым звярнуўся да ўсіх працоўных: — Лепш усяго будзе перанесці Максіма з Марынай у дыспетчарскую і папрасіў бы нікому не разыходзіцца, цяпер нам як ніколі неабходна трымацца разам, паніка зараз недарэчы.

На гэты раз прапанова Снайпера была падтрымана. Працоўны замітусіліся, зашумелі і прыняліся пераносіць трупы. Прошына ўзяла чалавек пяць, а Зіна дапамагла мужыкам падняць Марыю, яна вохкала і гаротна стагнала, нібы праводзіла яе ў апошні шлях. Снайпер, тым часам, высунуў з пятлі Фаруха Ібрагімавіча і паклаў на падлогу. Дзяцел прытрымліваў дзверы і аддаваў зразумелыя загады:

— Асцярожней! Лявей! Правей! Во-во! Занось!

Дзяніс збегаў да сябе на працоўнае месца і выцягнуў з-пад стала кругляк зматанай цыраты, які прыкмеціў яшчэ ў першы дзень працы. Цырату разрэзалі нажніцамі на тры доўгія часткі і накрылі імі нябожчыкаў. Потым Снайпер зачыніў дзверы дыспетчарскай і сцёршы з ілба пот, сказаў:

— Гатова…