Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Прахадная аказалася пустой. У вахцёрскай кабінцы нікога не было, як нікога не было і вакол. Ён падышоў бліжэй да прапускнога пункта і як кожны ў такой сітуацыі вырашыў пачакаць. Праз пяць хвілін нічога не змянілася. Праз дзесяць усё заставалася па-ранейшаму. Дзяніс паглядзеў на гадзіннік, што вісеў на сцяне за кабінай — да пачатку трэцяй змены заставалася дзесяць хвілін. Ён пагукаў прахадную басавітым “гэй”, але пачуў толькі ўласнае рэха. Першае, што прыйшло яму ў галаву, было ўспрынята з ноткай радаснага натхнення — канвеер зламаўся, завод зачынены, а гэта значыць — можна паварочваць назад. Аказія! Палягчэнне надышло імгненна і каб захаваць яго салодкі водар, Дзяніс вырашыў не губляць часу.

Ён развярнуўся і пайшоў да выхаду. У гэты момант за яго спінай пачуўся ляскат. Дзяніс рэзка азірнуўся і ўбачыў тое, ад чаго яго сэрца схапіла ў ціскі — турнікет быў адчынены.

“Значыць за мной сочаць, — падумаў ён, — тыпа праверка на вашывасць, маці вашую”.

Прыйшлося вяртацца зваротна. Новыя метады пропуску на тэрыторыю заводу яго зусім не ўразілі.

На іншым баку прахадной Дзяніса адразу абцяжарыла пачуццё назойлівай неабходнасці працаваць, але голас з глыбіняў яго розуму падштурхоўваў наперад: “Хутчэй!”

І ён пайшоў. У які ўжо раз падняўся на другі паверх і зайшоў у гардэроб. Цішыня была мёртвай. Па скуры Дзяніса прабегла першая дрыготка і адначасова з’явілася падазронасць.

“Што за чорт?!” — падумаў ён. — Дзе падзеліся людзі?”

І перад тым, каб зрабіць крок наперад, Дзяніс выгукнуў:

— Ёсць тут хто жывы?! Людзі?!

Голас разнёсся па ўсім гардэробе. Ад гэтага яму стала жудаснавата. А яшчэ ўчора тут стаяла гамана і зычныя галасы мужыкоў насычалі гэтыя сцены жыццём. Прынамсі, учора была гардэробніца, яна сядзела ў сваёй каморцы і лузгала семечкі, праз адчыненыя дзверы было бачна, як яна п’е гарбату і чытае газету. Дзяніс пайшоў у той бок і ўзяўся за дзвярную ручку — зачынена. Гэта ўжо пераходзіла ўсялякія межы. Яму зноў захацелася павярнуцца зваротна і сысці, проста збегчы адтуль прэч, але адчуванне працоўнага абавязку нястомна вабіла яго, прымушаючы ісці да канца. І, бадай, адзінае, што супакойвала страх, які пачынаў нараджацца ў яго душы, быў гардэробны смурод — самы натуральны і нязменны ў дзіўным арэоле таго, што адбывалася вакол.

Дзверцы нумарнога шафіку паддаліся лёгка. Дзяніс дастаў робу і ў гэты раз вырашыў не марудзіць.

“Трэба схадзіць на канвеер, калі ўжо і там нікога не будзе, значыць я сапраўдны ёлуп. Падумаць толькі, адзін з усяго заводу выйшаў на змену. Аднак чаму майстар Прошын не папярэдзіў мяне?” — усё гэта вярцелася ў яго галаве, пакуль ён пераапранаўся.

Ужо спускаючыся па лесвіцы, Дзяніс успомніў, што пакінуў у джынсах мабільны тэлефон. Прыйшлося вярнуўся назад. Менавіта тады ён і стаў сведкам чарговай дзіўнасці. Дзверы гардэроба аказаліся наглуха зачыненыя. Хвіліну ці больш Дзяніс знаходзіўся ў ступары. Менш усяго ён хацеў бы стаць героем фільма Дэвіда Лінча. Прыйшоўшы ў сябе, Дзяніс нерашуча пагрукаў у іх.

— Адчыніце, калі ласка, — звярнуўся ён невядома да каго. — Я забыў тэлефон.

Але знутры ніхто не адказаў.

— Гэта ўжо не смешна! — пачаў злавацца Дзяніс. — Зараз жа адчыніце!

Ніякай рэакцыі.

— Ну і каціцеся вы ў дупу, — моцна тузануўшы дзверы, гыркнуў Дзяніс.

Усе шляхі адступу былі перарэзаны. Дзянісу не заставалася нічога акрамя, як ісці назад.

Ён спусціўся ўніз і выйшаў на вуліцу. Цішыня і бязлюддзе яго ўжо не здзівілі, перайшоўшы ў ранг апатычнай заканамернасці. Толькі агідны дождж, які імжыў над гэтым абсурдам, надаваў спустошанай атмасферы крыху рэальнасці. Лаўкі, на якіх, звычайна, сядзелі працоўныя, папальваючы перад пачаткам змены — пуставалі. Каля бардзюраў у маўклівай нявызначанасці стаялі загружаныя гатовымі лядоўнямі фуры. Паўсюль гарэлі ліхтары і калі добра прыгледзецца, можна было заўважыць вакол іх плойму матылёў. Усё ж жыццё ў засценка “Тытана”, у нейкай форме, існавала. Дзяніс закрочыў па сваім звыклым маршруце: мінуў завадскую сталоўку і ўвайшоў у першы цэх.