Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Як ні дзіўна цэх аказаўся асветленым і ў самым яго канцы праз шырокія дзверы быў бачны ўваход у другі. Гэта падбадзёрвала рухацца наперад. І Дзяніс пайшоў. Праходзячы пасярэдзіне першага цэха, ён пачуў, як зверху вялікага памяшкання, там, дзе стаялі маставыя краны, штосьці загудзела. Дзяніс падняў галаву — нічога падазронага. Ён паскорыў крок.

У другім цэху асвятленне таксама было ўключана, па-ранейшаму смярдзела пластмасай і стаяў гуд, які зыходзіў з вентыляцыйных труб. На хвіліну ў Дзяніса з’явілася паранаідальнае адчуванне, што за ім назіраюць, як быццам на яго патыліцы існавала трэцяе вока. І ён бегам кінуўся праз увесь другі цэх, завярнуў налева і, урэшце, патрапіў у трэці.

Здалёк паказалася доўгая першая ветка канвеера і, здаецца, нечая галава. Дзяніс узрадаваўся: няўжо не адзін? Аднак абрыдлая цішыня панавала і там.

“Міраж”, — падумаў ён, але ўсё роўна пайшоў наперад.

Перш-наперш Дзяніс вырашыў праверыць сваё працоўнае месца, схадзіць на “лінію Краўса”, потым цалкам абыйсці ўвесь трэці цэх, і калі яго намаганні ў пошуках жывой душы будуць марнымі, павярнуць да чорта, выбіць дзверы ў гардэробе і збегчы адсюль назаўжды. Але гэтаму плану спраўдзіцца было не наканавана. Прыйшоўшы на працоўнае месца і, нікога там не заспеўшы, Дзяніс пачуў прыглушаны гоман, як раз у баку дыспетчарскай. Ён кінуўся туды і першае, што ўбачыў — шырокую спіну брыгадзіра Холадава. Падышоўшы бліжэй і астатніх.

Каля дыспетчарскай стоўпілася чалавек пяцьдзесят, некаторыя з іх былі знаёмыя Дзянісу твары: Чыпушыла з Рупарам, Грыша з Ласуном і Гестапа, Пазняк, Курва, Масла і Зіна, Снайпер з Дзятлам, і нават Пазаліні са сваімі хлопчыкамі Свістуляй і Підарам — усе працоўныя трэцяй змены. Не было толькі майстра Прошына і начальніка змены Фаруха Ібрагімавіча. Дзяніс паспрабаваў непрыкметна падысці да працоўных і злучыцца з натоўпам, каб застацца незаўважаным і не прыцягнуць да сябе лішняй увагі, але брыгадзір Холадаў, як усё роўна прадчуваючы яго набліжэнне, азірнуўся.

— О, яшчэ адзін пасажыр, падыходзь бліжэй, не саромейся! — загарлапаніў ён, так, што ўсе паглядзелі на Дзяніса і яму тут жа стала нязручна. Прыйшлося павітацца з брыгадзірам і пад пільнымі позіркамі насцярожаных мужчын і занепакоеных жанчын, далучыцца да працоўнай масы. Дзяніс стаў каля Снайпера і Дзятла. Павітаўшыся з імі, і перавёўшы дыханне, ён адразу ж спытаў:

— Што тут адбываецца?

— Дых шо там… гэт-сам, канв… стаіць, — працадзіў цераз тонкія вусны Дзяцел, якія зводзіла спазма і адначасовае заіканне.

Ініцыятыву пераняў Снайпер.

— Канвеер стаў. Няма падачы электрычнасці, хаця ўсе прыборы паказваюць працаздольнасць. Чакаем, вось, майстра, пайшоў разбірацца.

Дзяніс абвёў натоўп ацэньвальным позіркам і, ўздыхнуўшы, сказаў:

— Як быццам нічога не здарылася. А ў мяне яшчэ з прахадной падазронасць узнікла — штосьці тут не тое.

— А што з прахадной? — не зразумеў Снайпер.

— Ды па-першае вахцёра на месцы не было і сама прахадная глючыць, турнікет самастойна адчыніўся, не запатрабаваўшы пропуску.

— Турнікет кажаш? — задуменна працягнуў Снайпер. — Дзіўна, я сёння Жэню бачыў, калі праходзіў, мы яшчэ з ім з навін пасмяяцца паспелі.

— Не ведаю, я там нікога не заспеў.

— Тых-пых, ат, — прасіпеў Дзяцел на сваёй недарэчнай мове і махнуў рукой.

Між тым у працоўным натоўпе разгарэлася спрэчка аб тым, будзе сёння змена ці не. Спрэчка нават перайшла ў лаянку паміж асобнымі працоўнымі, аднак сітуацыю тут жа ўлагодзіў брыгадзір.

— Цішэй там, цішэй! — стрымаў ён масу грубым зычным голасам. — Зараз ва ўсім разбяромся!