— Чаму не, — ажывілася Масла, — я б адразу туды і пайшла; дзверы на шпінгалет і ніякая брыда не дастане.
— Але гэта потым, — заспакоіў яе Снайпер.
А людзі, прытульваючыся адзін да аднаго, сядзелі моўчкі, як зацкаваныя і турботна ўглядаліся ў цэх.
Сведкі апошняга злачынства сядзелі каля самага краю прахода. У агульнай сумятні большасць пра іх забыла, таму ніхто не лез да іх з дакучлівымі пытаннямі. Цяпер кожны клапаціўся аб сваім асабістым азадку. Падабраўшы момант, да Рупара, Ласуна і Гестапа падышоў Пазаліні і, прысеўшы на кукішкі, стрымана спытаў:
— Дык хто-небудзь з вас мне растлумачыць, што там здарылася?
Яны ўтрох пераглянуліся. Доўга вырашалі каму расказваць, урэшце загаварыў Ласун:
— Мы прыйшлі на “лінію Краўса”. Канвеер там таксама стаяў. Холадаў адразу пайшоў да галоўнага пульта, каб паспрабаваць уключыць. Аднак марна. Хлопцы з “лініі” пайшлі да рэфрыжэратараў правяраць там па сваёй частцы і зніклі. Потым мы пачулі дзіўныя грукі. Брыгадзір заскочыў на канвеер — адтуль было лепш відаць, што там адбываецца. І тут нечакана ўключыўся канвеер — самастойна, разумееш, хаця яны маглі яго наладзіць, не ведаю. Холадаў павярнуўся да нас і сказаў: “Парадак”. У гэты момант ён паслізнуўся на роўнай паверхні і яго разарвала на кавалкі ў нас на вачах… я не ведаю што гэта было… яго проста лінчавала паветра. Адно імгненне і ўсё.
— Лухта якая, — ажывіўся Грыша, што сядзеў непадалёк. — Гэтага не можа быць, вы проста здурэлі.
— Што ты сказаў? — гаркнуў збялелы Гестапа і яго вочы наліліся крывёй. — Трэба было ісці з намі і самому паглядзець, а лепей залезці на канвеер, каб цябе замест Холадава разам з тваім паганым языком разлупіла!
Грыша сцепануўся, хутка падняўся з месца і сышоў.
— Гэта праўда? — спытаў Пазаліні.
Рупар кіўнуў галавой.
— Вось дык чартаўшчына, — асеўшы на падлогу, сказаў Пазаліні. — Значыць атручанае паветра ірве людзей на кавалкі.
— Не. Маё меркаванне, што гэта робіць канвеер, — сказаў Рупар.
— Канвеер?
Тым часам Дзяніс заўважыў, як Грыша падышоў да Пазняка, які стаяў каля аўтамата з кавай разам з Чыпушылай і яшчэ дзвюма мужыкамі. Грыша аб нечым шапнуў яму на вуха і Пазняк змяніўся ў твары.
— Глядзі, яны нешта задумалі, — сказаў Дзяніс Снайперу.
— Не падабаецца мне гэтая кампанія, — прыгледзеўшыся да іх, сказаў ён.
На некаторае імгненне позіркі Пазняка і Снайпера сустрэліся. Вочы Пазняка былі выкананы пагардай.
— Трэба ўважліва за імі сачыць, — зацвердзіў Снайпер.