Непадалёк ад іх сядзела купка мужыкоў, сярод якіх выразна вылучаўся мужык з сіняком пад левым вокам. Мужыкі вялі размову аб надзвычайным здарэнні і да іх довадаў прыслухоўваліся і без таго запалоханыя жанчыны.
— Не можа таго быць, — не згаджаўся чорнавусы. — Што ты плявузгаеш?!
— Галаву на адсячэнне даю, — пырснуў слінай сінякасты, — так і было, далі Бог, яны яго разам пачыкалі.
— А навошта? — умяшалася да іх жанчына з бэзавымі валасамі.
— Добра, скажу так. Уявіце сабе трох сяброў і аднаго начальніка, які часцяком надакучваў ім, ну а яны, вядома, трывалі. Тут выдаецца зручны момант, скажам, кацёл на ліцейцы прарвала. Іх разам пасылаюць вырашыць праблему і тры сябрукі, без усялякіх сведак, забіваюць надакучлівага начальніка, а ўжо потым прыдумаць можна ўсё, што заўгодна.
— Холадаў камусьці з нас замінаў?
— Ды не аб нас гутарка!
— Глупствы гаворыш, — надзьмуў вусны чорнавусы.
Жанчыны пачалі насцярожана ўздыхаць і пераглядацца паміж сабой. Тая, што з бэзавымі валасамі задуменна заківала галавой, ці то згаджаючыся са здагадкамі сінякастага, ці то з чорнавусым.
У гэты момант Дзянісу скруціла страўнік і, папрасіўшы ў прысутных выбачэння, ён падхапіўся на ногі. Праходзячы каля працоўных, Дзяніс углядаўся ў спужаныя вочы, у вочы тых, хто працаваў на гэтым заводзе палову свайго жыцця, а цяпер не ведаў, што рабіць. Дзянісу стала прыкра. Праходзячы каля Пазаліні і трох ацалелых добраахвотнікаў, яму захацелася на хвіліну спыніцца і спытаць у іх аб здарэнні. Яны горача спрачаліся, але толькі ўбачыўшы Дзяніса, адразу замоўклі. Ён зразумеў, што яго прысутнасць была недарэчы і зайшоў у прыбіральню.
Зачыніўшы за сабой кабінку, ён падаслаў на вобад унітаза паперы, сеў і задумаўся. На дзверцы перад ім былі надрапаныя непрыстойныя словы, над імі хтосьці чорным маркерам напісаў прозвішча начальніка цэха Коўшына, надрапаныя словы надалі яму досыць неардынарныя характарыстыкі, закранаючы сэксуальную арыентацыю начальніка. Упершыню за гэтую ноч Дзяніс усміхнуўся.
Каля скрутка паперы ляжалі завадскія газеты. На адной з іх, на першай старонцы, вялікімі літарамі было напісана: “План перавыкананы ўдвая”. Гэты надпіс нагадаў Дзянісу “савок”, хаця свядома ён не памятаў таго часу, але, здавалася, нічога не змянілася. На фотаздымку ніжэй, каля адной з канвеерных ветак, стаяла ўсмешлівая жанчына. Ён змяў газету і выкінуў яе ў сметніцу.
Мыючы рукі ў ракавіне, Дзяніс уважліва паглядзеў на сябе ў люстэрка. Твар быў змарнелы. Ён намачыў яго халоднай вадой і, паглядзеўшыся зноў, рэзка адскочыў — у адлюстраванні яго выява сказілася да непазнавання, як быццам па ёй праехалі катком. Дзяніс асеў на падлогу і заплюшчыў вочы.
— Што ты робіш? — нечакана раздаўся голас Масла. Падняўшыся з сцюдзёнай падлогі, ён нічога ёй не адказаў і нерашуча паглядзеўся ў люстэрка. Пераканаўшыся, што яго твар вярнуўся ў зыходнае становішча, Дзяніс выключыў кран.
— А што ты тут робіш? — спытаў ён.
— У жаночай прыбіральні нікога няма, а я баюся заставацца адна, ты не пабудзеш тут крыху са мной, пакуль я зраблю свае справы, — далікатна прамовіла яна і Дзяніса ўзвар’явала яе какецтва.
— Добра, я пачакаю, — адказаў ён, спрабуючы не паказваць сваю незадаволенасць.
Масла падышла да яго і, абняўшы за стан, сказала:
— Кінь, што за дурасць, ты такі няцямлівы, зусім нічога не разумееш?
— Што я павінен разумець? — здзівіўся ён.