Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Я тут пры чым! — урэшце не вытрымаў Прошын. — Ідзі да Коўшына і яму скардзься, я гэтымі пытаннямі не займаюся!

Чыпушыла вінавата ўсміхнуўся і яго тхарыныя вочы забегалі пад акулярамі, як сонечныя зайчыкі па сценцы. Майстар яшчэ раз вымераў лядоўню, штосьці запісаў сабе ў нататнік і зноў прайшоў паўз Дзяніса. Ён было памкнуўся звярнуцца да майстра, але своечасова стрымаўся, вырашыўшы не турбаваць Прошына. Відаць, Чыпушыла раздражняў тут не толькі яго аднаго. Ад гэтага Дзянісу стала лягчэй.

Засталося дзве гадзіны. Дзяніс прапусціў гэтую інфармацыю праз свой розум і адчуў, як у яго адкрылася другое дыханне, заахвочанае хваляй унутранай радасці і выразным усведамленнем таго, што ён зусім хутка выйдзе з гэтага цэху і гадзін пятнаццаць яшчэ не будзе бачыць абрыдлых працоўных храп. Разам з тым, другое дыханне значна ўдасканаліла яго працу. Цяпер пена вылятала з-пад яго нажа, як габлюшка з-пад гэбліка добрага майстра. Дзяніс набіў сабе рукі. Адразаць пену ён быў гатовы хоць з заплюшчанымі вачыма. Чыпушыла збольшага маўчаў, але калі Дзяніс кідаў на яго мімавольны позірк, ён у чарговы раз сутыкаўся з яго ідыёцкай усмешкай.

“Сапраўды на маньяка падобны”.

За паўгадзіны да канца змены, Дзяніс пачаў падмятаць за сабой працоўнае месца ад смецця і пены, якая вылятаючы, забівалася ў самыя цяжкадасягальныя куты канвеера. І тут не абышлося без заўваг Чыпушылы.

— Вось там яшчэ падмяці, — здзекліва казаў ён. — Ага, малайчына, і вунь там…

“Сука, толькі сустрэнься мне на вуліцы”, — ледзь стрымліваў сябе Дзяніс.

Урэшце ў самым канцы змены на “лініі Краўса” з’явіўся ўжо пераапрануты майстар Прошын, што, па сутнасці, сімвалізавала заканчэнне працоўнага дня.

І вось Дзяніс ішоў зваротна ў гардэроб. Не ішоў, а бег. Па шляху яму сустракаліся рабочыя, якія спяшаліся на трэцюю змену.

“Няўдачнікі”, — радасна падумаў ён.

У гардэробе Дзяніс з палёгкай скінуў з сябе абрыдлую робу і, узяўшы мыла з ручніком, пайшоў у душ. Змыўшы з сябе пласт зменнага поту, ён вярнуўся да шафіка, хутка выцерся і пераапрануўся. Са здзіўленнем для сябе прыйшлося адзначыць, што за гэтыя дзесяць-пятнаццаць хвілін прысутнасці ў гардэробе, ён зусім не звярнуў увагі на з’едлівы смурод, які панаваў у яго засценках. І толькі мужык, які пераапранаўся побач, зняўшы свае чаравікі і сцягнуўшы мокрыя шкарпэткі, прымусіў Дзяніса ўзгадаць аб заганнасці гэтага месца. Дзяніс паглядзеў на яго ногі — пазногці на іх былі ўстойлівага жоўтага колеру, а скура пальцаў хваравіта пажухлай.

Аднак Дзяніс здолеў сабой авалодаць і куляй выляцеў з гардэроба. Спусціўся ўніз па лесвіцы. Дастаў пропуск і падышоў да кабіны вахцёра. Мужык з крывым носам, які, нагадваў рэцыдывіста, праверыў яго асабісты нумар у базе дадзеных і прапусціў за прахадную.

Як толькі Дзяніс выйшаў на вуліцу і яго твар абвеяла подыхам начной прахалоды, а над галавой заблішчалі яскравыя зоркі, ён, урэшце, адчуў сябе чалавекам.

3

Раніцай яго пабудзіў тэлефонны званок, але ўнутраны голас падказваў заставацца ў канапе і бесклапотна дрыхнуць далей. Такой методыцы Дзяніс прытрымліваўся заўсёды, аднак на гэты раз яго, незнарок, збянтэжыў адзін, здавалася б, зусім малазначны факт: канапа, зразумела, акрамя сваёй непамернай утульнасці, прадвесціла яму абмежаванасць дня строгімі рэгламентавальнымі рамкамі. Увачавідкі Дзяніс уявіў агульны для ўсіх працоўных графік працы на сённяшні дзень, які быццам павесілі на прахадной і, адразу адшукаўшы на ім, пад уласным прозвішчам, план на змену, жахнуўся. План канстатаваў: пад’ём, васьмігадзінны працоўны дзень, адбой. Безумоўна, такі расклад ні ў якім разе не мог уладкоўваць Дзяніса. І сапраўды, даволі аднатыпная панарама летняга жыцця магла разгортвацца перад ім, калі ісці на повадзе ранейшых стэрэатыпаў. Патрэбна была відавочная альтэрнатыва. Таму ўсе свае надзеі Дзяніс маментальна ўсклаў на гэты неспадзяваны званок. Спрытна выскачыўшы з-пад коўдры і, чапляючы нагамі на лёце хатнія тапачкі і іншыя прычындалы, бязладна раскіданыя па пакоі, ён выбег у калідор, і па-драпежнаму схапіў тэлефонную трубку. На зваротным канцы лініі пачуўся разгублены голас яго сябра Міхі. З сказаных ім слоў, Дзяніс узгадаў аб рэпетыцыі, якую яны дамовіліся правесці менавіта ў той дзень. Ён роспачна паглядзеў на гадзіннік і зразумеў, што спазняецца. Падзякаваўшы Міху за своечасовы напамін, Дзяніс пачаў збірацца.

Праз паўгадзіны ён ужо выходзіў са станцыі мятро “Няміга”. На выхадзе стаяла бабуля аскетычнага выгляду і, ледзь не ўкленчыўшы, працягвала прахожым дрыготкую руку. Узняўшыся па лесвіцы на ўзгорак, з якога добра было відаць Траецкае прадмесце, пакручастая брудная Свіслач, Палац спорту, гасцініца “Беларусь” і саўковыя забудовы наўкол, ён азірнуўся, каб паглядзець адсюль на гарадскі краявід. Надвор’е проста спявала. Такой спёкі Дзяніс не назіраў ужо, як два гады. Ён мінуў Кафедральны Сабор. Людзі ішлі насустрач; вясёлыя, гаманкія, ахопленыя эйфарыяй абывацельскага жыцця і шчыра ўпэўненыя, што менавіта так усё і павінна адбывацца, а дакладней, як раз ткі нічога адбывацца і не павінна. Жыць дзеля таго, каб жыць. На фоне такой гармоніі Дзяніса наведала думка, што ўсе гэтыя людзі — лайдакі, што сядзяць на чыёйсьці шыі, як і ён, прынамсі, тыдзень таму.

“Ідзіце працаваць на завод, чаго без патрэбы па горадзе бадзяцца!?”

Дурацкая ўхмылка разпаўзлася па яго самазадаволенай фізіяноміі. Урэшце, за Мінскай ратушай ён зліўся са стракатым людскім натоўпам і паскорыў крок. Сонца смаліла няшчадна. Перайшоўшы “Праспект Пераможцаў”, Дзяніс выйшаў на вузкую Інтэрнацыянальную вуліцу. Яна па-асабліваму падабалася яму сваёй сціпласцю. Мабыць ад таго, што ад яе веяла пачаткам дваццатага стагоддзя. Вуліца гэтая, у нейкай ступені, і была рэшткамі дарэвалюцыйнага Менску. Кожны яе завулак нібы сцвярджаў, што некалі тут без упынку гаманілі скнарыя габрэі, па крывым бруку на брычках праязджалі флегматычныя паненкі, бравыя афіцэры карысталіся паслугамі танных прастытутак і проста жылі звычайныя мяшчане.

Да кінатэатра “Перамога” Дзяніс прыйшоў першым. Каля яго на прыступках сядзела купка мясцовых гаўна-панкаў. Яны пілі піва і пляваліся на нагрэты асфальт. Праз некаторы час падышоў Ілля з гітарай за плячыма і, як заўжды, з цыгарэтай у зубах. Гэта быў хлапчук невялікага росту і каб не яго шчацінне, яго папросту можна было б палічыць школьнікам.

— Ну, як працуецца? — першае, што ён спытаў, павітаўшыся з Дзянісам.