Хлопец падняўся з мяккага крэсла і ў яго руцэ абнадзейліва зазвінелі ключы. Ён кульгаючы прайшоў паміж Дзянісам і Міхай і яны, абмяняўшыся збянтэжанымі ўхмылкамі, пасунуліся за ім. З цеснага пакойчыка хлопцы перайшлі ў такі ж няўтульны калідор. У калідоры было дзве дзверы. Адамкнуў першую, таўшчынёй каля дзесяці сантыметраў і абабітай тоўстым пластам лямца, чырванавокі адміністратар ганарліва стаў у парозе.
— Значыць так, вулічны абутак пакідаем тут, калі ёсць зменны — абуваем, гэта не забаронена, у прынцыпе, можна карыстацца нашымі шлёпанцамі.
— Мы ведаем, — дасведчана сказаў Дзяніс.
Яны знялі абутак і па адным зайшлі ў пакой. Барабаны, узмацняльнікі з калонкамі і два мікрафоны з належным да іх мікшарным пультам — усё гэта чакала іх унутры. Як толькі яны зайшлі ў пакой, хлопец адразу пачаў уключаць апаратуру. Гэта не заняло і хвіліны. Упэўніўшыся, што ўсё гатова, ён выйшаў з пакоя і зачыніў за сабой дзверы.
— Нішцяк, — буркнуў Кірыл і cеў за барабаны.
У тую ж хвіліну ён распачаў адбіваць просты біт. Дзяніс праверыў мікрафон стандартным “раз-два-тры”, а потым пачаў выдаваць з горла псіхадэлічныя гукі. На фоне гэтай какафоніі, Міха спрабаваў наладзіць бас-гітару пад гітару Іллі. З боку хлопцы выглядалі хаатычным квартэтам, які пакуль яшчэ не ведаў, чым дакладна тут трэба займацца.
— Ну што, з чаго пачнём? — спытаў у Дзяніса, чамусьці, пачырванеўшы Міха. Дзяніс паглядзеў на астатніх, нібы, чакаючы ад іх пэўнай рэакцыі, якой не адбылося, і сказаў:
— А давайце зробім што-небудзь новае, я тут надоечы некалькі радкоў прыдумаў.
— Let’s go! — узрадаваўся Ілля.
Кірыл у знак згоды моўчкі паківаў галавой і закруціў у пальцах барабанныя палачкі. У тое ж імгненне хлопцы пачалі імправізаваць. Міха маментальна прыдумаў трох нотны басавы малюнак, Кірыл задаў панк-біт, спрытна адбіваючы па хай-хэту і, паступова далучаючы кароткія ўдары то па сольніку, то па бас-бочцы, а Ілля проста пачаў паўтараць за Міхай трох нотную камбінацыю, перавёўшы яе ў квінтавы варыянт. Атрымаўся звычайны old school панк-рок. Дзянісу заставалася толькі знайсці месца, адкуль можна было б уступіць. Ён успомніў прыдуманыя ў аўтобусе радкі і, счакаўшы момант, выкрыкнуў:
Міха ўсміхнуўся. Амаль заўжды абыякавы выраз твару басіста ў рэдкіх выпадках мог выявіць эмоцыі падчас стварэння музыкі. Таму гэта ўжо аб нечым казала. І сапраўды, словы трапілі ў самую кропку, музыка спалучылася з імі ў адно цэлае.
Кірыл паскорыў біт, надаючы мелодыі кроплю хардкору і да яго ў рытме адразу далучыліся Міха з Іллёй. У гэты момант у галаву Дзяніса прыйшоў працяг, і ён праспяваў:
Хлопцы джэмавалі яшчэ хвілін пяць, на працягу чаго Дзяніс выкідваў каскад рыфмаваных словазлучэнняў, сыпаў адборным мацюком, адрыгаўся ў мікрафон і проста казаў усялякую бязглуздзіцу — гэта быў сапраўдны хаос, псіхадэлічнае ўспрыманне музыкі і сваіх магчымасцяў у прыватнасці.
Потым усё рэзка скончылася.
— Карацей, — сказаў Міха, — пачатак суперскі, а ўсё астатняе — поўны адстой, таму я прапаноўваю выконваць гэтую кампазіцыю ў выглядзе Intro. Яе можна будзе задзейнічаць на разагрэве, хвіліну-дзве, не больш.
— О’кэй, — пагадзіўся Ілля.
— Валяй, — сказаў Дзяніс.
Міха абвёў гурт ухвальным поглядам.
— Тады паўторым старыя песні, — з энтузіязмам сказаў ён.
— Ага, толькі нагадай мне акорды, — адразу ж збянтэжыўся Ілля.