Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Ксюша паглядзела ў бяздонне маіх чорных вачэй, з імкненнем знайсці там штосьці блізкае. Я ёй спадабаўся. На жаль для мяне яна ўяўляла ўсяго толькі паддоследнага труса. Яна паверыла маёй шчыра-падманлівай усмешцы, нават не падазраючы, што за ёй хавалася.

А заўтра мы сустрэнемся, а праз тыдзень яна прыйдзе да мяне на гарбату. Спадзяюся, Ксенія будзе маёй апошняй ахвярай.

Я вельмі хачу ў гэта верыць.

2007 г.

Гатэль-прывід

Гонкія дрэвы абапал шашы — бадай усё, што яна на падсвядомым узроўні магла ўспрымаць, як несамавітую рэчаіснасць чэзлага краявіду краіны, забытай, дзесьці, пасярэдзіне Еўропы. У астатнім яе розум знаходзіўся пад уплывам напружанага одуму. Па акне старога, заезджанага «Лаз-а», у якім яна ехала ўжо з паўгадзіну, распаўзаліся буйныя кроплі вясновага дажджу. Яна з абыякавасцю праводзіла пальцам услед за пакручастымі разводамі, якія пакідалі пасля сябе неўтаймоўныя слёзы з нябёсаў і, часам, сумна ўсміхалася, проста сама сабе. Хацелася спаць, тым больш пад аднастайнае буркатанне абрыдлівага матора, але яе сэрца ўсё яшчэ свідравалі не загоеныя параны мінулага тыдня і, відаць, толькі ўсведамленне прысутнасці гэтых паран, дазваляла дзяўчыне стрымліваць дрымоту, якая на яе нарынула.

Яе суседам аказаўся досыць непрыемны тып, ад якога цягнула танным тытунем і які, да таго ж, спрабаваў навязаць размову. Вядома, яго можна было зразумець — дзяўчына была па-сапраўднаму прывабнай. Але хай ідзе да чорта, вырашыла яна, яе зусім не цікавіла тое, што ён змог бы ёй расказаць. Нягеглы рускі шансон, які вадзіцель аўтобуса ўключыў яшчэ на пачатку шляху, насычаў кабіну прымітыўнымі мелодыямі, уласцівымі гэтаму жанру. Прысутнічала такое ўражанне, нібы рок-н-рол загінуў у недалёкім мінулым разам са ўсёй спадчынай Элвіса Прэслі, забітай у няроўнай бойцы блатнымі акордамі і, у прыватнасці, асабіста Міхасём Кругам.

“Чаму гэты свет такі агідны?” — роспачна спытала ў самой сябе дзяўчына са шчырым усведамленнем таго, што жыццё — гэта смецце, бессэнсоўная чарада азызлых дзён, якія зусім нічога ня вартыя. Яе асабліва не турбавалі тыя развагі, што ёсць месца, дзе павінна быць лепей, дзе свеціць яскравае сонца, мабыць, існуюць іншыя людзі і што там, магчыма, распасціраецца не такі сумны краявід. Усё адно — там тое ж самае.

Дождж, тым часам, узмацняўся, нахабна плюючы ліўневай слінай з шэрай пашчы раз’юшанага неба, размываючы перад дзяўчынай на акне аўтобуса і без таго нецікавае наваколле. Наперадзе пачалі калупацца ў цэлафанавым пакеце і неўзабаве яна адчула пах вэнджанай кілбасы. Зрэшты, і ёй бы таксама не замінала падсілкавацца, але ў дзіравай кішэні акрамя змятага пачка цыгарэт нічога не было. Яна паспрабавала перавесці думкі. У гэты момант неба адгыркнулася маланкай і бабулі, што яшчэ з вакзала ўселіся на апошніх сядзеннях, жагнаючыся, пачалі шаптаць неразборлівыя малітвы.

“Дурніцы, хіба яны спадзяюцца, што Бог ім дапаможа? Лухта, калі хтосьці над намі і існуе, дык, хутчэй за ўсё, смяецца з гэтых старых кошыкаў, якіх пужаюць самыя вытлумачальныя з"явы прыроды”, — злавесна адзначыла яна.

Хаця, па вялікім рахунку, ёй было пляваць, існаваў над імі вышэйшы розум ці не, у яе і сваіх клопатаў хапала.

“Усё адно”, — безуважна паўтарала пра сябе дзяўчына.

Неспадзеўкі сусед, што сядзеў побач, разгарнуў таўставатую кнігу і, цярэбячы ў руках жоўклымі старонкамі, павольна пачаў іх перагортваць. Ёй авалодаў сапраўдны спакой, можна сказаць, упершыню за такі доўгі тыдзень. З дзяцінства яна любіла ні з чым не параўнальны шолах кнігі. Калі бабуля ці маці чыталі ёй перад сном казкі, яна затоена чакала, пакуль у іх пальцах захрумстаюць чарговыя старонкі. Тады яе скроні паколвалі прыемныя дрыжыкі і яна спакваля засынала. І вось цяпер, калі зусім невядомы і непрыемны ёй чалавек пачаў па-свойму перагортваць кнігу, яна растала.

Аднак надвор"е не на жарт псавалася. Вадзіцель нарэшце выключыў рускі шансон і па радыё паведамілі аб штармавым папярэджанні. У кабіне “Лаз-а”, з розных яе бакоў, адразу пачаліся перашэптванні. Дзяўчына на гэта не зважала. Праўду кажучы, плявала яна на ўсіх прысутных пасажыраў і на іх хваляванні, пляваць ёй было і на хваравітае надвор"е. Яе вочы мацней зліпаліся пад націскам стомы, але яна да апошняга змагалася з няўхільнай дрымотай. Ёй зусім не хацелася заснуць у гэтай сядушцы, сярод гэтых людзей, каля незнаёмага мужчыны. Хто ведае, можа ён сэксуальны маньяк і калі яна засне, яго паганыя рукі пачнуць яе мацаць. У наш час нікому нельга давяраць.

“Свет — суцэльная прорва, гэта неспазнанае бяздонне, куды трапляюць людзі, як мухі ў павуцінне. Мы ахвяры, ахвяры чагосьці таямнічага”, — роем ляцелі яе песімістычныя думкі.

Яна да болю прыкусіла пульхную губку і мімаволі ўспомніла, як аднойчы ў дзяцінстве, гуляючы на вуліцы, параніла сабе каленку і, шукаючы суцяшэння, расплакаўшыся, прыбегла да маці. Тая, канечне, пачала супакойваць дачушку, адначасова выціраючы ёй слёзы, а потым перабінтавала разадраную каленку. Затым маці злёгку паўшчувала яе і папярэдзіла, каб у наступны раз яна была па-уважлівей і дадала, што, магчыма, Божанька адплаціў ёй за благую правіну. Яе маці, як і ўсе дарослыя верыла ў Бога. Не выключна, што з таго часу ў неразумнай яшчэ галоўцы пачынала нараджацца гэта перасцярога да таго, што магло знаходзіцца па-над усім. Яна ўспомніла сваю рэакцыю на матчыны словы — тады ёй захацелася плакаць яшчэ мацней і ўжо не ад болю, а ад крыўды. Што магло зрабіць нязграбнае дзіця?

“І сапраўды, штосьці, зусім бессардэчнае існуе над гэтай праклятай зямлёй, маючы поўную ўладу, (калі гэтаму верыць), пакрыўдзіць няцямлівае стварэнне, замест таго, каб пакараць болем сапраўды дрэннага чалавека”.

Парывы моцнага ветру нябачнымі штуршкамі ўразаліся ў корпус аўтобуса і ні то ад іх, ні то ад слізкай шашы, “Лаз” злёгку пагойдвала. За акном пад напругай дажджавой завеі ўжо нічога нельга было разглядзець і, здавалася, што вось-вось і яно трэсне. Але «Лаз», змагаючыся з непагаддзю, імчаў праз гэты імпэтны шквал наперад.

Яе сусед, звярнуўшы ўвагу на рэзкае змяненне за акном, схаваў кнігу ў сумку. Дзяўчына інтуітыўна адчула яго хваляванне.

“Усе людзі чагосьці асцерагаюцца, штосьці трымае іх у гэтым свеце”, — правяла яна паралель паміж сабой і астатнімі, адчуваючы сваю вычварную асаблівасць, — у адрозненні ад іншых, яе нічога не трымала на гэтай зямлі.

Змрочнае неба пачалі праразаць сухія грымоты і кожную хвіліну ў яго вышыні з"яўлялася перакошаная ўхмылка маланакі. Маланка адразу пачала інтэрпрэтавацца ў флегматычным настроі дзяўчыны са смерцю.