Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

А раніцай я прачнуўся.

Я ўсхапіўся і ўбачыў, што на канапе нікога не было, а рукі мае былі развязаныя. Якая радасць, колькі радасці мяне перапоўніла і адразу ж рой розных думак. Спачатку я падумаў, што мне ўсё магло прысніцца — усё і Аліса, і Каця, і Дзіна. Пасля тое, што ў нас з Дзінай атрымалася і, яна прачнуўшыся, верагодна, пайшла да хаты. Але не, якой трасцы, яна яшчэ магла заставацца ў кватэры. Выходзіць — яна мая выратавальніца. Я зычна аклікнуў яе, але замест адказу, толькі мёртвае рэха разнеслася па залі. Значыць, сышла. І я, пацягнуўшыся, скінуў ногі на падлогу і ступнямі адчуў, што натыкнуўся на штосьці мяккае і халоднае. Раптоўна адшмаргнуўшы ногі назад пад коўдру, я нерашуча паглядзеў уніз.

На падлозе ляжала Дзіна.

4

Я зачыніў багажнік Hyundai Lantra выпуску дзевяноста другога года, якая мне дасталася ад бацькі і сеў у яе ўтульны салон. Было за поўнач. Хвілін пяць я праграваў рухавік і аглядаў вакол сваю вуліцу. Здаецца, паўсюль было ціха. Урэшце, пераканаўшыся, што шлях адчынены, я выехаў з двара на шашу і скіраваў машыну ў бок прыпынку. Людзей зусім не было. Я праехаў прыпынак і звярнуў з шашы на вузкую пясчаную сцежку, якая вяла ўглыб начнога поля. Я дакладна ведаў куды ехаць. Мне толькі заставалася быць уважлівым і лічыць хмызнякі вербалозу. За трэцім хмызняком я звярнуў са сцежкі і спыніў машыну, пагасіў фары і пасядзеў моўчкі, прыслухоўваючыся да гукаў на полі. Вылезшы з машыны, я ўзяў з задняга сядзення лапату, адлічыў дзесяць крокаў у патрэбным накірунку і пачаў капаць. Праз пяць хвілін, добра ўпрэўшы, я скінуў куртку на зямлю. Праз паўгадзіны я стаяў ужо па пас у выкапанай яме. Потым я ўключыў фары і адчыніў багажнік. Там ляжаў скручаны дыван, які некалі красаваўся на маёй падлозе ў калідоры. Я лёгка ўскінуў яго на плячо і асцярожна паклаў у яму. Праз дзесяць хвілін усё было засыпана і акуратна ўтрамбавана. Справа была зроблена.

Зоркі ў тую ноч былі незвычайнымі. І гэта было самым прыгожым і вартым таго, што мне запомнілася ў той сумны і азызлы дзень. Больш нічога. Такім чынам я зноў застаўся адзін.

Па шляху назад я спыніўся ля прыпынку і пасядзеў на лаўцы. Чаму ж я стаў такой пачварай? Што магло паўплываць на гэта? Але чаму не гледзячы на ўсё, я працягваў падабацца дзяўчынам? Чаму яны бачылі ў ва мне толькі маю плоць, а душу зусім не заўважалі? Можа, не паспявалі?

Вярнуўшыся ў кватэру, я забурыўся пад коўдру і з гадзіну не мог заснуць: вобраз Дзіны, твар Алісы, усмешка Каці напаўнялі маю існасць. Я ўспамінаў іх голас, рухі, міміку і вар’яцеў.

Калі ўсё ж неверагодным чынам я змог заснуць, мне зноў прысніўся сон, у якім я душыў прадаўшчыцу на “Ждановічах”, і я прачнуўся. Выпіўшы моцнай кавы, я зайшоў у спальню, дзе раней жылі мае бацькі. Са старой скрыначкі я ўзяў пазалочаны ключ, і адчыніў невялікі бацькаў сейф. У ім ляжала шмат розных папер і старая, падрапаная папка. Я дастаў яе, сеў на падлогу, разгарнуў і пачаў перабіраць усялякія граматы і ўдзячныя аркушы, якія атрымаў яшчэ ў школе. Сярод іх я знайшоў невялікую пажоўклую выразку з газеты. На ёй буйнымі літарамі было напісана: “Забойства на рынку “Ждановічы”. Я пачаў чытаць далей: “Учора на кірмашы “Ждановічы” быў знойдзены труп жанчыны, якая была задушана ва ўласнай грузавой машыне”. Я не стаў чытаць заканчэння артыкула і скамячыў выразку. Падумаць толькі, я не кранаў яе з дзевятнаццаці гадоў, з таго часу, калі падпрацоўваў грузчыкам. Тады ўсю віну спіхнулі на вадзіцеля.

І я спаліў выразку, а попел выкінуў цераз фортачку. Але і пасля гэтага я не змог заснуць і ўвесь наступны дзень хадзіў, як лунацік.

Праз тыдзень я вырашыў, што мне ўсё ж трэба з’явіцца на працы: грошы амаль скончыліся, а жыць далей неяк было неабходна. Перад гэтым я пайшоў у сваю паліклініку, дзе медсястрой працавала мая аднакласніца. Купіў бутэльку шампанскага, каробку цукерак і даведка аб хваробе была ў маіх руках. Такім чынам я зноў стаў членам МАЗ-а. Хутка пачалася будзённая праца і ўсё вярнулася на кругі свая. Я трохі супакоіўся і пачаў жыць звычайным жыццём свайго кансерватыўнага горада.

На пэўны час я перастаў хадзіць на прыпынак, не маючы ў гэтым патрэбы. У мяне адчыніўся інстынкт самазахавання. Усё ж я хвалююся за сваю шкуру. Замест прыпынку я пачаў рэгулярна наведваць “Step” і калбасіцца там пад хіты васьмідзесятых. Дзяўчын я цураўся, у большай ступені налягаючы на спіртное. У той год выйшла кружэлка гурта Zombie Girl[24] і дома я з захапленнем слухаў іх узрушаючыя трэкі. Гэта быў мой пераходны перыяд і я гэта разумеў.

А ў суботу, пасля “рэтра”, я сядзеў дома і глядзеў тэлевізар, бяссэнсава пераключаючы пультам з аднаго тэлеканала на другі. У такім выпадку можна было чуць вырваныя рэплікі, атрымлівалася поўная лухта, напрыклад: “Учора на пасяджэнні парламента… я кахаю цябе… сціхні… засунь сабе гэта… як прыемна ад вас пачуць… глупства… матч паміж зборнымі… заўтра ў Мінску будзе -5 °C”. Я еў чыпсы і пацягваў піўко. Але, пераключаючы каналы, я пачуў наступнае: “Сёння ўказам прэзідэнта… як міла… купляйце лепшае ў нас… чарада жорсткіх забойстваў у Мінску…” Мяне зацікавіла апошняе і я пераключыў зваротна. Па Першым Нацыянальным тэлеканале ішла крымінальная перадача “Зона Х”, якую вяла даволі прывабная жанчына. Яна стаяла ў цёмнай студыі і казала, што ў Мінску, якраз у нашым раёне, на ўскраіне горада пад час забудовы новага мікрараёна, было знойдзена тры трупы маладых дзяўчын, якія былі задушаны і закапаны на полі. На тым самым полі, непадалёк ад майго прыпынку. Яна паведаміла, што цела адной з дзяўчын не паспела раскласціся. У далейшым жа будзе праводзіцца медэкспертыза па выяўленні асоб ахвяр. Гэта быў шок. Я імгненна выключыў тэлевізар і накрыў галаву коўдрай. Мяне трэсла. Я ўспомніў Алісу, я дакладна памятаў той дзень пасля ночы праведзенай з ёй: яна цэлы вечар праляжала на маёй канапе, не падаючы прыкмет жыцця, а я сядзеў каля акна і глядзеў на вуліцу ў чаканні, пакуль ва ўсіх кватэрах згаснуць агні. Яна магла наглытацца Бог ведае якіх таблетак, можа, яна была наркаманкай, але сінякі на яе шыі… Я ўспомніў Кацю: яна таксама ляжала на маёй канапе праз колькі тыдняў пасля Алісы, ляжала на жываце і не дыхала, і на яе шыі былі ўсё тыя ж сінякі, а я сядзеў каля акна і пільнаваў. У той раз я зразумеў, што гэта не выпадковасць і што са мной робіцца штосьці не добрае. Я вырашыў пайсці да псіхіятра, але дзве душы на маім ліку забаранялі зрабіць гэта. Тады я зарокся лячыцца самастойна, даследуючы сябе, каб выявіць прычыну і следства маіх дзеянняў. Потым з’явілася Дзіна. Колькі дзён назад я падняў яе з падлогі і, паклаўшы на канапу, прыкрыў прасцінай жахлівы твар. Я амаль наблізіўся да высновы, але не хапала яшчэ аднаго кроку.

У тую ноч я не змог заснуць.

Падняўшыся з канапы, я адчыніў нашую шафу і вываліў на падлогу кучу жаночага адзення. Паклаў усё ў спартыўную сумку, укінуўшы туды тры пары жаночага абутку. Потым я апрануўся і выйшаў на вуліцу. Было каля дзесяці гадзін вечару. Я сеў у таксі і заехаў у іншы канец горада. Вярнуўшыся ў кватэру без сумкі, я выпіў валяр’янкі і толькі пасля змог заснуць.

А раніцай я пайшоў на працу.

А пасля працы мяне зноў пацягнула на прыпынак. На двары ляжалі гурбы пушыстага снегу і я паплёўся па заснежанай сцежцы. Быў прыцемак і я сядзеў на лаўцы. Да прыпынку пад’ехаў аўтобус і з яго выйшлі людзі. Яна таксама была сярод іх. Гады дваццаць два, не больш. Доўгія каштанавыя валасы, сярэдняга росту, тварык, як з карцінаў Рэмбранта і гэтага ўжо было дастаткова. Яна заўважыла мяне амаль адразу, цяпер я дакладна ведаю, — мяне цяжка не заўважыць. Мы сустрэліся позіркамі і я зразумеў, што яна адзінокая. Я навучыўся чытаць па вачах, я магу паглядзець на дзяўчыну і сказаць, ёсць у яе хтосьці ці не. Калі яна ў чарговы раз паглядзела на мяне, я ёй усміхнуўся. Яна таксама адказала мне ўсмешкай і я падышоў бліжэй.

Іншага выйсця ў мяне не было, я зайшоў вельмі далёка, разлічваючы на свае эксперыменты. Хто ведае, можа, яна ўсё ж выратуе мяне ад маёй, так бы мовіць, хваробы. Скажыце: я псіх, мяне абавязкова трэба схапіць і выдаліць з грамадства. Бадай, вашая праўда, але лепш паслухайце, што сказала яна.

— Мяне Ксюша завуць.

— Вельмі прыемна, — адказаў я.