Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

І я вярнуўся. Тым вечарам, у панядзелак пасля працы, я прыйшоў на прыпынак. Людзі чакалі аўтобуса, а я сядзеў і назіраў за імі. Я ўважліва прыглядаўся да жанчын, якія там знаходзіліся і спрабаваў ім усміхацца. Першыя ўсмешкі выходзілі нацягнутымі, але праз некаторы час у мяне пачало атрымлівацца і жанчыны замест таго, каб адводзіць ад мяне позірк, адказвалі ўзаемнасцю. Здаецца, тым вечарам у мяне ўзнікла манія велічы і я запэўніўся ў тым, што падабаюся любой жанчыне без выключэння.

Наступным вечар я зноў прыйшоў на прыпынак, прыйшоў туды я і ў сераду, і ў чацвер, і ў пятніцу. У суботу я вырашыў нікуды не ісці. Мне патэлефанаваў Санёк і прапанаваў схадзіць на “рэтра”, але я адмовіўся. Той суботай я напіўся ў сваёй кватэры партвейну і заснуў, як немаўля. І мой жахлівы сон кудысьці знік. Гэта было добрым знакам. Але з кожным днём мяне ўсё мацней цягнула на прыпынак. І я прыходзіў на яго. А ў адну з пятніц вечарам да мяне на лаўку падсела вельмі прыгожая дзяўчына. Зграбная і высокая брунэтка. У яе зялёных вачах, здавалася, гарэў спакушальны агонь, а прамыя пасмы доўгіх валасоў ахіналі ўсе плечы. Яна зусім не звярнула на мяне ўвагі, проста села і аб нечым задумалася. Але я адчуў яе цяпло, я адчуў пах яе прыемнага парфуму. Каля нас стаяла маладая пара і тры дзецюка. Я зацікаўлена паглядзеў на дзяўчыну і проста сказаў:

— Холадна сёння.

Яна азірнулася на мяне, але нічога не адказала, толькі здзіўлена ўзняла сваё чорнае брыво. Мяне збянтэжыла яе абыякавасць і я паглядзеў на шэрае неба, нібы намагаючыся адшукаць там патрэбныя словы. Я зразумеў, што сказаў зусім не аб тым, памянуўшы надвор’е, хаця на вуліцы сапраўды было холадна. Хутка пад’ехаў аўтобус і ўсё людзі, што стаялі на прыпынку, селі ў яго. Усе акрамя прыгожай брунэткі. Як толькі аўтобус ад’ехаў, я зноў паглядзеў на яе і яна важна прамовіла:

— Калі хочаш пазнаёміцца, спытай колькі часу.

Я вырашыў выправіць сваю памылку.

— Прабачце, а вы не падкажыце, колькі часу?

— Дзевяць сорак тры, — адказала дзяўчына і паглядзела на мяне. У яе вачах можна было заўважыць іскрынку кволай цікавасці да маёй асобы і я прысунуўся бліжэй.

— Ну і як жа завуць такую красуню? — усміхнуўшыся, запытаў я.

— Каця, — адказала дзяўчына і паказала свае белыя і роўныя зубы.

У маёй галаве адразу замітусіліся тысячы розных варыяцый разгортвання далейшых падзей. Здавалася, у тую хвіліну ўсё ў маім разуменні перавярнулася і я стаў разважаць зусім па-іншаму, як быццам у маю галаву ўклалі порцыю новых і рацыянальна думаючых мазгоў. Аднекуль нарадзілася смеласць і ўпэўненасць у сабе, як ніколі дагэтуль.

А Каця пранізліва глядзела мне ў вочы і зацікаўлена ўсміхалася. Яна была прывабней Алісы і маладзей за яе. Быў прыцемак, але я выразна бачыў яе дасканалыя абрысы твару, яе ямачкі на шчоках, колер яе цукровых вуснаў, яе, з невялікай гарбінкай нос, якая, ёй так пасавала. Я паглядзеў у яе вабныя сваёй смарагдавай зелянінаю вочы (гэта пазней я зразумеў, што яна насіла лінзы) і спытаў:

— І што ж такая прыгажуня ў такі позні час тут і зусім адна?

— Чакаю свайго кавалера, — зычна сказала яна, але мне была бачна яе іронія. Ніякага кавалера яна не чакала, яна правярала, яна проста гуляла са мной, гледзячы на маю рэакцыю. Але я не здрэйфіў, я трымаў штурвал мацней, чым яна магла сабе гэта ўяўляць.

— Штосьці, спазняецца ваш кавалер.

— А ты не такі наіўны, як здаецца з першага позірку, — сказала Каця. — Колькі табе?

— Дваццаць чатыры.

— Значыць, выйшаў на паляванне, — пляснула яна ў ладкі. — Усё зразумела, вось яно што, толькі ты месца зусім непрыдатнае знайшоў.

— Чаму? Калі я сустрэў вас, значыць гэты прыпынак для гэтага вельмі падыходзіць.

Каця зычна засмяялася.