І мы зайшлі за прыпынак, і пайшлі ўздоўж дарогі. Яе звалі Дзіна, яна вучылася на другім курсе ў Інстытуце культуры. Дзевятнаццаць гадоў — зусім дзяўчо, але і гэта ўжо не магло мяне спыніць. Мы размаўлялі аб каханні і прыйшлі да высновы, што здарылася цуда і дзве палавінкі сябе адшукалі. На самой справе адшукала мяне толькі яна, таму прыходзілася падыгрываць. Мне прыйшлося стрымана радавацца і абняць яе. А потым, узяўшыся за рукі, ісці пад зорным небам насустрач новым выпрабаванням. Усё ў маім жыцці адбывалася хутка і адразу. Над намі сыпаў снег і мы распавядалі аб сваім быцці, аб тым кім мы былі і кім з’яўляліся. Мы ішлі вельмі доўга, прыкладна, гадзіну і ўрэшце падышлі да яе дома. Дзіна вельмі не хацела са мной раставацца.
— Нічога, — сказаў я, — заўтра мы абавязкова сустрэнемся.
— Але, мне здаецца, што гэта сон, здаецца, што я зараз зайду ў кватэру і прачнуся.
Я прытуліў яе і пачаў цалаваць, пачаў гладзіць яе мяккія рудыя валасы.
— Такіх салодкіх пацалункаў у сне не бывае, — прашаптаў я.
А яна стаяла, застыгшы на маёй грудзі і замілавана дыхала. Дзіна зусім не хацела мяне адпускаць і я прапанаваў ёй пайсці да мяне. І яна нечакана згадзілася, і больш таго, пачала радавацца, нібы я прапанаваў ёй ажаніцца. Яна пазваніла сваёй маці, сказала, што пераначуе ў сяброўкі і мы пайшлі да мяне. Як толькі за намі зачыніліся дзверы маёй кватэры, мы проста накінуліся адзін на аднаго. Мы цалаваліся і скідвалі з сябе абутак, і верхнюю адзежу. Не запальваючы святла, мы кінуліся на канапу і распрануліся да гала.
— Гэта мой першы раз, — дрыготкім голасам прамовіла яна. — І я жадала, каб першым у мяне быў толькі сапраўдны мужчына, мой ідэал.
І ў нас нічога не атрымалася. Ёй было вельмі балюча і сорамна. Я прытуліў яе да сябе, сказаў, што ўсё добра і мы спакойна заснулі.
Раніцай я прачнуўся, адчуваючы, як мяне цалуюць. Дзіна кудлачыла мае валасы і цалавала ў густое шчацінне.
— Мой мужчына, толькі мой, — шаптала яна.
Мы падняліся, папілі кавы і я праводзіў яе да хаты, паабяцаўшы сустрэцца вечарам. Вось так у мяне з’явілася першая і сапраўдная дзяўчына.
Днём мне з вёскі патэлефанавала маці, (яна тэлефанавала разы два на месяц), пыталася, як у мяне ідуць справы. Пацікавілася, ці не з’явілася ў мяне жанчына, таму што па яе падліках, я даўно ўжо быў павінен абзавесціся сямействам. Я сказаў, што ў мяне ёсць дзяўчына і мы кахаем адзін аднаго. Гэта вельмі ўзрадавала маю маму. Потым яна пачала распавядаць мне пра свае вясковыя клопаты, нібы я быў яе сяброўкай і таму я амаль не слухаў. Са мной захацеў пагаварыць бацька. Ён пачаў наракаць нас з братам за тое, што мы зусім перасталі іх наведваць. Я казаў, што ўсяму віной праца, а бацька толькі ўздыхаў.
Вечарам я сустрэўся з Дзінай. Мы пагулялі па горадзе і зноў пайшлі да мяне. У кватэры я доўга цалаваў яе, лашчыў, але ў нас усё роўна нічога не атрымлівалася. Дзіна хвалявалася і ніяк не вырашалася згубіць нявіннасць. Яна драпала маю спіну з крыкамі: “Хопіць! Спыніся!” І нам нічога не засталася, акрамя, як ляжаць на канапе і балбатаць.
— Калі кахаеш, сэкс не самае галоўнае, — казала яна, нібы суцішаючы мяне.
— Так, — уздыхаў я, гладзячы яе залатыя валасы.
Дзіна адчула ў інтанацыі майго голасу нездавальненне і паклала мне на жывот сваю галаву.
— Мілы, патрывай яшчэ крыху, я абавязкова адважуся і ў наступны раз вытрываю.
Праз колькі дзён мной зацікавіліся з працы, пыталі па тэлефоне, чаму я не выходжу. Я выдумаў, што захварэў і сказаў, што хвароба мая працягнецца яшчэ на тыдзень. Тым вечарам я не пайшоў на прыпынак і зразумеў адну ісціну: ён прыцягваў мяне толькі за тым, каб паназіраць за дзяўчынамі ці пазнаёміцца з якой-небудзь. Таму замес яго ў мяне нарадзілася жаданне схадзіць у клуб, правесці там ноч і адарвацца па поўнай. Цераз Інтэрнэт я даведаўся, што ў тую ноч у Мінску выступаў Haujob і я пайшоў на яго, нават перасекся ў калідоры з Даніэлем Майерам і пачаставаў яго сваім півам. Дзесьці, у тры гадзіны ночы, мне прыйшло смс ад Дзіны, у якім яна прызналася, што вельмі мяне кахае і не можа без мяне жыць. Прыемна ўсведамляць, што ты камусьці патрэбен, гэта даволі класнае адчуванне. Але я дакладна ведаў да чаго магла прывесці мая гульня, таму я не адрэагаваў на яе смс ніякай узаемнасцю, бо ў рэшце рэшт усё вяло да той ночы.
Гэта адбылося ў суботу. За акном сваволіла мяцеліца, кусала шыбы і кідала ў іх папяровыя сняжынкі. Мы з Дзінай, прытуліўшыся, сядзелі на канапе і глядзелі адзін з яе ўлюбёных рамантычных фільмаў, час ад часу цалуючыся. Кіно яшчэ не скончылася, як Дзіна ўзлезла на мяне і сказала, што гатовая.
Я ненавіджу сябе за гэта. Было няшмат крыві, але я загадзя падаслаў пад яе ручнік. Адчуўшы лёгкае паколванне ў скронях, якое з кожным маім рухам узмацнялася, я загадаў Дзіне завязаць мае рукі за спінай яе калготкамі. Яна трохі здзівілася, але выканала маю просьбу. Перад мной з’явіліся ранейшыя мульцікі і я паступова пачаў правальвацца ў глыбокую яму. Але, чамусьці, Дзіну я памятаў выразней за астатніх, выразней памятаў яе абамлелы твар, яе невялікія грудзі. Яна закочвала вочы і салодка сапла, яна прыкусвала ніжнюю губу і лашчыла маю спіну. А потым Дзіна, мая сонечная дзяўчына, пачала згасаць у маім разуменні. Вочы зліпаліся, я ўвайшоў у транс і мяне, як абсекла.