Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Няўжо ты спадзяешся, што ачмурыш мяне, га?

На прыпынак падышла бабуля і села каля нас на лаўку. Каця прысунулася бліжэй да мяне і сказала на вуха:

— Ну вось што, калі захочаш мяне яшчэ раз пабачыць, звані па гэтым нумары, — і яна працягнула мне сваю візітную картку.

Калі пад’ехаў аўтобус, Каця ўстала.

— Толькі памятай, каб не ўзнікла непрыемнасцяў, звані заўжды пасля абеду, — не азіраючыся, сказала яна і села ў аўтобус.

А я застаўся на прыпынку, застаўся сядзець да паўночы, углядаючыся ў цемень неабсяжнага поля.

Раніцай пайшоў снег. Буйны, хрумсткі і замілавана прыемны. Белыя камякі ўсыпалі ўсю нашую вуліцу, і я зачаравана глядзеў, як яны лёгка падалі на слізкі асфальт каля пад’езда, на машыны і на іншыя дамы. Я сядзеў ля акна ў залі і назіраў за гэтым зімовым хараством. Мімаволі, у галаве з’явілася Каця, відаць, я пачынаў адчуваць да яе штосьці большае, чым проста “яна мне падабаецца”. Не ведаю, раней у мяне ніколі не ўзнікала такіх пачуццяў. Дэн з Саньком шмат разоў расказвалі, як яны не маглі заснуць ноччу, пакуль не ўявяць абрысы дзяўчыны, якая ім падабалася, яе ўсмешку, яе словы. Я заставаўся чэрствым на сэрца, а тут яно пачало мякнуць. І гэта мяне бянтэжыла. Але разам з тым, я нясцерпна чакаў абеду, каб пазваніць Кацярыне. Перад гэтым да мяне на колькі хвілін зайшоў Дэн. Ён прапанаваў схадзіць на ска-канцэрт, аднак я адмовіў. Дэн заўважыў мае істотныя перамены, сказаў, што я раблюся ваўкаватым і, нібы імкнуся пазбягаць яго з Саньком. У сваю чаргу я паслаў яго куды падалей, зачыніўшы дзверы перад яго носам. Не хапала мне яшчэ заўваг недалужанага нефармала. Болей Санёк з Дэнам са мной не кантактавалі.

І вось абед. Я, хвалюючыся, набраў нумар тэлефона Каці і адразу пазнаў яе голас. Мы дамовіліся сустрэцца ў піцэрыі, назвы якой я цяпер не памятаю. Здаецца, упершыню я купіў кветкі. Гэта быў букет белых руж. Каця прыняла іх звычайна і без усялякага здзіўлення. Я зразумеў, што кветкі ёй дарылі мільён разоў. Па яе жаданні мы селі за столікам амаль у самым куце. Я заказаў піцы з сокам. Спачатку Каця паводзіла сябе даволі стрымана, як на афіцыйна-дзелавой сустрэчы: маўчала, часта азіралася і адказвала на мае пытанні толькі “так” ці “не”. На ёй была салатавая кофтачка з вялікім выразам пасярэдзіне, дзе часта спыняўся мой позірк і яна гэта заўважала. Урэшце, калі мы трохі адаптаваліся і нам прынеслі заказанае, Каця ўсміхнулася мне сваёй прыгожай усмешкай. Інтымна-кававае святло падала на яе аблічча і на доўгія валасы. Мы размаўлялі аб усялякіх дробязях. Я даведаўся, што яна працуе на фірме свайго пяцідзесяцігадовага мужа галоўным мэнэджарам. Пра яго Каця расказвала, як пра вельмі дэспатычнага і раўнівага чалавека. З захапленнем яна распавядала пра тое, у якіх краінах яна пабывала і каго з зорак сусветнага шоў-бізнеса бачыла. Я адчуваў сябе даволі мізэрным у параўнанні з ёй, але ўсё ж тое, што яна згадзілася са мной сустрэцца, ужо аб чымсьці гаварыла. Той суботні вечар скончыўся хутка: у дзесяць гадзін яна пайшла дамоў, злёгку правёўшы па маім плячы рукой і, падміргнуўшы вокам. У мяне склалася такое ўражанне, нібы мы, як старыя сябры, сустрэліся, пасядзелі разам, паразмаўлялі на дарэмныя тэмы і разыйшліся. Ці таго горш — яна развяла мяне на грошы. Але такі ход дзеянняў мяне не ўладкоўваў, я жадаў вынікаў.

У нядзелю я зноў патэлефанаваў ёй, але яна не ўзяла трубку. Я пачаў пакутаваць. Пакутаваць прыйшлося яшчэ ўвесь наступны тыдзень. І толькі ў суботу Каця сама пазваніла мне. Мы сустрэліся каля кінатэатра “Кастрычнік” і пайшлі шпацыраваць па горадзе ўздоўж праспекта. Каця расказала, што хоча купіць кацяня, а яе муж катэгарычна супраць. Яна ныла аб тым, як не любіць мыць посуд і яшчэ прасаваць і сціраць брудную бялізну, увогуле зноў вярэдзіла лухту і зусім нецікавыя дробязі жыцця. Некаторыя моманты я нават прапускаў скрозь вушы, усё выразней адчуваючы да яе неспатольную прагу. Я глядзеў на яе з-пад ілба і разумеў, што вельмі, вельмі яе жадаю. А яна ўсё безупынна балбатала. Калі ж я паспрабаваў яе пацалаваць, Каця рэзка адвярнулася ад мяне і сказала, каб болей я ніколі гэтага не рабіў. Я пакрыўдзіўся і мы развіталіся. А ноччу, калі я засмучаным клаўся спаць, Каця напісала мне смс, у якім прызналася, што вельмі хоча да мяне. Я не разумеў яе, але ўсё ж супакоіўся і заснуў.

А раніцай я не вытрымаў і патэлефанаваў ёй. Я парушыў абяцанне тэлефанаваць пасля абеду, таму ў трубцы раздаўся мужчынскі голас.

— Відаць, я не туды патрапіў, — сказаў я.

— Не, відаць, туды, ізноў новы хахаль?..

Я скінуў. І ўсё. Два тыдні я не вырашаўся ёй набраць. На трэці тыдзень, у пятніцу, калі я вяртаўся дамоў з працы, у маіх джынсах прагучаў мабільнік. Гэта была Каця, яна паведаміла, што хоча пабачыцца і лепш за ўсё ў мяне на кватэры. Я купіў каробку шакаладных цукерак і бутэльку каньяку, сустрэў яе каля мятро і прывёў да сябе.

І вось мы сядзелі на кухні, папівалі каньяк і елі цукеркі. Каця сказала, што я добра схібіў, пазваніўшы ёй той раніцай. Яе муж усчаў вэрхал і добра збіў яе, абвінавачваючы ў здрадзе. Але неверагодным чынам яна ўпэўніла яго, што хтосьці сапраўды мог памыліцца нумарам. А калі хмель даў ёй у галаву, яна прызналася, што хоча, каб я стаў яе палюбоўнікам. На маё пытанне чаму, яна адказала адразу:

— Мой муж імпатэнт і гэта мяне не ўладкоўвае, так, ён заможны і я з ім зусім не клапачуся аб жыць, але тым не менш…

Каця падзялілася са мной планам, па якім было дакладна выяўлена, як і калі мы будзем сустракацца. А я не слухаў, я жадаў яе, проста ківаючы галавой на яе прапановы.

І калі ўсё пачало набліжацца непасрэдна да сэксу, Каця і там не адразу дапускала мяне да сябе. Яна стрымлівала мяне рукой і спакушальна ўсміхалася. Але мне гэта падабалася і яшчэ больш заводзіла. Мы сядзелі на канапе і, трымаючыся за рукі, цалаваліся. Цалаваліся вельмі доўга, нібы даследавалі адзін аднаго.

А пасля я атрымаў яе. Ізноў мне ў скроні грукнула кроў, а перад вачыма пачаліся пералівы і ўсплескі розных фарбаў. Усё было невыразным. Але я адчуваў яе, я дакладна адчуваў яе дыханне і яе цёплыя далоні на маёй спіне. Каця была казачнай, яе прыгажосць, яе абаянне збівала мяне з панталыку. Яна была дзяўчынай маёй мары, маім ідэалам, але…

Але я прачнуўся.

Блага выспаўшыся, я працёр зліплыя вочы. На маёй грудзі ляжала халодная рука Каці. Я асцярожна паклаў яе пад коўдру і ўстаў з канапы. Каця ляжала, перакуліўшыся на жывот, яе чорныя валасы рассыпаліся па ўсёй падушцы, а беленькая ножка звісала з краю канапы. Напэўна, ноч была бурлівай. Я пачухаў патыліцу і зайшоў на кухню, сеў на зэдлік, і дапіў з донца бутэлькі ўчорашні каньяк.