Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Вы ж самі разумееце, мы хочам ведаць усё. Перш-наперш, мы хочам даведацца, якія канкрэтна службовыя асобы, падначаленыя вашага цесця, адгружалі вам трактары ў крэдыт, колькі за гэта яны атрымлівалі грошай, чаму не заносілі ў Камітэт. Таксама хочам ведаць, якія асобы, з якіх беларускіх прадпрыемстваў заплюшчвалі вочы на тое, што закупаюць трактары праз пасярэдніка, і колькі пры гэтым гэтыя самыя асобы атрымлівалі ў кішэню, і чаму не заносілі ў Камітэт. Яшчэ нам вельмі хочацца дазнацца, чаму ты не заносіў у Камітэт, як робяць усе людзі добрай волі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

– Можа, лепш пра Капейкіна? – запытаў Шыман.

– Ты, Жапецкі, пачынаеш разумець ідэалогію беларускай дзяржаўнасці.

І Шыман пачаў расказваць усё, што ведаў пра капітана Пашу Капейкіна: як таго першы раз прывялі ў яго дом, як агент баяў пра сваё дзяцінства і генерала з засакрэчаным прозвішчам, як Капейкін шукае Цімура Хоміча, як рэжысёр Андрэй Куціла выкінуў яго партрэт і гэтак далей, і так сама, аж пакуль твар следчага не пачырванеў і сапраўдны капітан не грымнуў кулаком па стале.

– Ты што з мяне дурня робіш? – закрычаў следчы. – Мне гэтая наркаманія не падапры гара.

– Больш я нічога не ведаю, – ціха сказаў Шыман.

Следчы ўстаў, пахадзіў па кабінеце туды-сюды, сюды-туды, падышоў да акна і паглядзеў у завулак, падышоў да дзвярэй і высунуў галаву ў калідор, пакруціў ёй адной у калідоры. Вярнуўся за стол.

– Дабро, запішам, хто ў вас каму Хоміч, а каму толькі Пашка Капейкін. Давай з пачатку.

Шыман пачаў расказваць наноў, а следчы – запісваць. Часам ён перапытваў у Шымана прозвішчы, імёны, цікавіўся гадамі нараджэння, грамадзянствам таго ці іншага персанажа аповеду Шымана, але той толькі паціскаў плячыма, маўляў, ведаю, што Рыжкоў, а якое ў яго грамадзянства – ніколі не пытаў, ведаю, што Якушаў, а якая ў яго гармонія ў операх – я ж не карэспандэнт газеты «Культура», каб ва ўсім разбірацца, я трактарамі гандлюю.

– Стой, – сказаў следчы. – Трэба гэтае пытанне перакурыць.

Ён выцягнуў з шуфляды партсігар з дзяржаўным гербам, інкруставаным камянямі, раскрыў і працягнуў Шыману.

Партсігар быў спрэс забіты касякамі.

– Не куру, – сказаў Шыман і пакруціў галавою.

– Ну, глядзі, – сказаў следчы і ўзарваў джойнта. Паліў ён моўчкі і з такім засяроджаным выглядам, як быццам прыгадваў справу Зянона Пазняка даслоўна.

– Выходзіць такая карціна, – сказаў следчы, дапаліўшы, пракашляўшыся і расціснуўшы недапалак абцасам чаравіка «Белвест». – Злыя сілы, ворагі Рэспублікі Беларусь, нашай маладой і самабытнай Радзімы, атрымаўшы фінансаванне з-за мяжы для дэстабілізацыі ўнутранапалітычнага становішча ў краіне, вядуць падрыўную дзейнасць сярод прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, – следчы задумаўся. – А ты, Жапецкі, выходзіць, іх памагаты.

– Не, ніякі я не памагаты, я трактарамі гандлюю!

– А для чаго твая жонка купіла долю ў галерэі сучаснага мастацтва?

– Я ў яе справы не лезу! – сказаў Шыман.

– Разумееш, Жапецкі, – не супакойваўся следчы. – Ва ўсялякае магу паверыць. Каб ты разумеў, аднойчы я ў электрычцы набыў плуг, за каторым хадзіў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, а іншым разам з’еў на вакзале бяляш і «Бела-колай» запіў. Праўда, тады я быў смаркатым курсантам Акадэміі нацыянальнай бяспекі і кожныя выхадныя ездзіў да мамкі ў Шчучын, то сам ведаеш, у нас усе такія – нібыта хвастом па твары атрымалі. Так з мяне і не змаглі гэтую дурасць выбіць, кожнаму падследнаму веру, а затрыманыя мне як браты.

Але тваёй гісторыі я не веру, глупства гэта, а не гісторыя. Гісторыя мусіць мець пачатак, які ўтвараюць вашы падступныя намеры і чорныя інтэнцыі, кульмінацыю, апісаную шматлікімі артыкуламі Крымінальнага кодэкса, і судовую пастанову, дакладную, як план па выкрыцці шпіёнаў, сухую, як плотка пад піва. Давай я табе тваю гісторыю перакажу? Давай? – следчы выразна паглядзеў на Шымана, а той кіўнуў. – Вось табе мая-твая гісторыя. Ты занатоўвай, вось табе паперка, ага. Значыць, з вядомым махляром і апазіцыянерам, сябрам Аб’яднанай…