Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Гэта праўда, – сказаў Барыс. – Гэткім чынам уладкаваны наш свет: мы паміраем непазбежна і незваротна.

– Чаму так? – запытаў Хоміч.

Тады Барыс апавёў яму гісторыю пра тое, што ў старажытныя часы людзі былі несмяротныя, але пасля багі, якія ў аповедзе Барыса былі падобныя да старажытных багоў, то-бок злобных, але дужа магутных дэгенератаў, вырашылі, што чалавек мусіць паміраць, каб ніколі не зрабіцца роўным з імі.

І багі знішчылі старажытных людзей праз патоп. Вада ліла з нябёс цэлыя паўгода, і нават самыя высокія горы схаваліся пад хвалямі. А ён, Барыс, адзіны чалавек, які застаўся жыць пасля катастрофы, бо пайшоў на хітрыкі – схаваў пад кашуляю дзве пустыя паўтарахі з-пад піва і гэтак трымаўся на хвалях два месяцы, а пасля жыў на Арараце, пакуль разам з вадой, якая адступала, не прыйшоў сюды.

І цяпер ён вечна будзе сядзець на беразе Віслы, радавацца жыццю і не адсвечваць, каб багі не звярнулі на яго ўвагу.

– Што ты нясеш? – запытаў Хоміч. – Я марксіст і рацыяналіст, а свае байкі ты наркаманам у клубе расказвай.

– Калі ты рацыяналіст, то няма нічога прасцейшага, каб спраўдзіць, ці належу я да першалюдзей, – голасна, але азірнуўшыся на аблокі, нібы чакаючы з іх маланкі, сказаў Барыс. – Ведай, што я не знаю стомы і магу танчыць у клубе вечна, а ты, хоць і асілак зямлі беларускай, звалішся праз трое сутак.

– Аха-ха-ха! – Пшэмак рассмяяўся ўголас. – Барыс фен тры дні жэр??

– Любіш ты, Мятлік, гісторыі псаваць, – сказаў Рыжкоў. – Пачалі яны танчыць у Барысавым клубе, Барыс пад фенам, а Хоміч проста так. Жонка Барыса на гэтае відовішча нават пачала прадаваць электронныя квіткі, бо шоу было неверагоднае. Мала таго, што гэта быў першы ў жыцці танец Хоміча, дык ён яшчэ і танчыў пра смерць сябра і яго ўваскрашэнне, якое, праўда, так і не адбылося. Але трох дзён не спатрэбілася, бо Цімур быў фізічна, а галоўнае, эмацыйна стомлены, дык ужо на сыходзе другіх сутак, калі сонца схавалася за дрэвы, як Мінгарвыканкам ад людзей – за фармальныя адпіскі, Хоміч заснуў ля барнай стойкі, а дзеўкі, якія былі ў клубе, на знак павагі да чалавека, які без парашку адскакаў сорак восем гадзін, узнялі яго на рукі і аднеслі ў гатэль «Radisson Blu Sobieski Hotel».

– Пасля таго і застаўся Хоміч у Варшаве? – запытаў Капейкін.

– Не зусім, – сказаў Рыжкоў. – Праз тры дні да Цімура ў гатэль прыйшлі Барыс з жонкай, і яны расказалі паэту гісторыю пра кветку вечнага жыцця, якая расце на далёкай-далёкай выспе. Хлусіць не буду: што гэта за кветка, дзе яна расла, дакладна не ведаю – дзесьці далёка. Але Барыс ведаў пра яе ад багоў.

– Якіх багоў? – запытаў Адамовіч. – Барыс калі якіх багоў і ведаў, то хіба Расту.

– Так мне апавядалі, – сказаў Віталь.

– А хто, дарэчы? – запытаў Капейкін, але Рыжкоў яго праігнараваў і працягнуў.

– Хоміч выправіўся на пошукі кветкі вечнага жыцця і маладосці. І што вы думаеце? Ён яе знайшоў.

– Хто б сумняваўся, – уставіў Адамовіч. – Каб Хоміч ды не знайшоў.

– Толькі Цімур зрабіў адну памылку, – працягваў аповед Віталь. – Вярнуўся ён да сваёй Юлі ў Менск. А то неяк няёмка выходзіла: узяў дзве тышчы грыну гатоўкай і кудысьці прапаў на два гады. То прыйшоў ён, выбачыўся, гасцінцы ў вітальні зваліў. Сцэна прымірэння ў іх здарылася, потым сцэна кахання. Стаміўся Хоміч, страціў фокус, кветку на кухні пакінуў, а сам пайшоў у душ. А гэтая курва паляжала-паляжала на падлозе. Устала. Глядзіць – кветка на стале. Яна яе сфатаграфавала і праз гугл дазналася, што гэта кветка вечнай маладосці. Юля ўзяла расліну, разрэзала яе на восем частак, кожную абваляла ў смятане, заправіла цыбуляй, склала ўсё ў шкляную форму і паставіла ў духоўку на дзвесце трыццаць градусаў, пачакала дваццаць тры хвіліны. І пакуль Хоміч намыльваў спіну і падстаўляў твар пад струмені ледзяной вады, – усё чыста з’ела, яшчэ і форму аблізала. Пакуль Хоміч выціраўся, яго любая паспела амаладзіцца. Такой прыгожай стала, што Хоміч, нягледзячы на крыўду, захацеў другі раз. Прыгожая… нават апісаць цяжка якая.

– Такая, як я? – запытала Агата Кокс.

– Дзесьці такая, – сказаў Віталь. – Можа, яшчэ крыху прыгажэй. Галоўнае, ёй цяпер больш за сямнацццаць не дасі. І, халера, не старэе. То яна таксама вырашыла зрабіцца, як сяброўкі, прасталыткай. А то! З такім целам! Яшчэ і вечна маладым.

Пагараваў Хоміч па кветцы, ён думаў дазнацца сакрэт гэтай расліны і здабыць вечную маладосць для ўсіх людзей, але што ўжо было рабіць. Заставаўся адзін яго верны сябар – марксізм зяноўеўскага толку, то на яго і абапёрся, бо Юля пагнала з хаты – яна там бардэль арганізвала.