Знак чатырох

22
18
20
22
24
26
28
30

– Мая заўсёдная рэакцыя. Я яшчэ тыдзень буду ўвесь змардаваны.

– Як дзіўна перыяды таго, што ў звычайнага чалавека я назваў бы лянотай, чаргуюцца ў вас з неймавернымі пад’ёмамі сілы і энергіі.

– Мабыць, ува мне ёсць задаткі вялікага гультая і не меншага працаўніка. Я часта думаю над гэтымі радкамі Гётэ: «Schade dass die Natur nur einen Mensch aus dir schuf // Denn zum wurdigen Mann war und zum Schelmen der Stoff»[5]. Вернемся, аднак, да нашай норвудскай справы. Бачыце, у іх праўда быў у доме памочнік, як я і падазраваў, і гэта можа быць толькі Лал Раа, дварэцкі. Такім чынам, Джонса чакае гонар злавіць хоць адну рыбку з нашага багатага ўлову.

– Як несправядліва раздзялілі мы перамогу! – прамовіў я. – Усю працу ў гэтай справе зрабілі вы. Я атрымаў жонку, Джонс – славу. Што ж застанецца вам?

– А мне, – адказаў Холмс, цягнучы доўгую белую руку да футарала, – мне застанецца мая ампула з какаінам.

Пераклала Ганна Янкута

Каментар

Аповесць была ўпершыню надрукаваная ў 1890 годзе ў Lippincott’s Monthly Magazine адначасова ў Лондане і Філадэльфіі.

Эўклід (каля 300 г. да н. э.) – старажытнагрэцкі матэматык, аўтар першага тэарэтычнага трактата па матэматыцы, які да нас дайшоў. Пяты пастулат – адна з аксіёмаў, што ляжаць у аснове класічнай планіметрыі. Упершыню выкладзеная ў «Пачатках» Эўкліда.

Джэзайл – гл. каментар да аповесці «Эцюд у пунсовым».

Брыяравая люлька – люлька, якая робіцца з выкарыстаннем брыяру, то бок кораня верасу.

Трыхінапальскі тытунь – гл. каментар да аповесці «Эцюд у пунсовым».

«Птушынае вока» – тып нарэзкі люлькавага тытуню: даволі буйная закручаная стружка.

Андаманскія астравы – архіпелаг у Індыйскім акіяне паміж Індыяй і М’янмай. У 1789 годзе быў заваяваны ангельцамі, і пасля Паўстання сіпаяў 1857–1859 гадоў сюды пачалі высылаць тых, хто змагаўся за незалежнасць. У 1896–1906 гадах у горадзе Порт-Блэр, адміністрацыйным цэнтры Андаманскіх астравоў, узвялі цэлы турэмны комплекс, Сотавую турму.

Ўільям Ўінвуд Рыд (1838–1875) – брытанскі гісторык, філосаф і антраполаг, даследчык Афрыкі. «Пакутніцтва чалавека» (1872) – асноўная праца Рыда, дзе разглядаецца гісторыя заходняй цывілізацыі.

Стрэнд – гл. каментар да аповесці «Эцюд у пунсовым».

Хэнсам – гл. каментар да аповесці «Эцюд у пунсовым».

Кітматгар – слуга мужчынскага полу, чые функцыі адпавядаюць функцыям лёкая. Слова распаўсюджанае ў шэрагу моваў, што ўжываюцца на тэрыторыі Індыі – урду, хіндзі, – а таксама ў арабскай, фарсі і г.д.

Жан Батыст Каміль Каро (1796–1875) – французскі мастак, адзін з самых значных пейзажыстаў эпохі рамантызму, які моцна паўплываў на імпрэсіяністаў.

Сальватор Роза (1615–1673) – італьянскі барочны мастак, гравёр, паэт і музыка.

Адольф Ўільям Бугро (1825–1905) – французскі мастак, майстар акадэмічнага жывапісу, прадстаўнік салоннага акадэмізму.