Знак чатырох

22
18
20
22
24
26
28
30

Аднаго вечару ён прайграў нават больш, чым звычайна. Я акурат сядзеў у сваёй халупе, калі ён разам з капітанам Морстэнам брылі, хістаючыся, дадому. Яны, гэтыя двое, былі добрыя дружбакі і ніколі не расставаліся. Маёр бедаваў пра свае страты.

– Мне канец, Морстэн, – прамовіў ён, калі яны праходзілі міма хаціны. – Трэба падаваць у адстаўку. Я зруйнаваны.

– Што за глупства, дружа! – адказаў другі, ляпаючы яго па плячы. – Мае справы не лепшыя за твае, але…

Больш я нічога не пачуў, але гэтая размова прымусіла мяне задумацца.

Праз некалькі дзён маёр Шолта прагульваўся па беразе, і я вырашыў з ім загаварыць.

– Мне трэба вашая парада, маёр, – сказаў я.

– Што такое, Смол? – спытаў ён, вымаючы з рота цыгару.

– Хачу спытаць у вас, сэр, – прадоўжыў я, – якой афіцыйнай асобе лепш расказаць пра схаваны скарб. Я ведаю, дзе ляжаць каштоўнасці на паўмільёна, і калі ўжо не магу скарыстацца імі сам, то, думаю, варта перадаць іх уладам. Можа, тады мне скароцяць тэрмін.

– Паўмільёна, Смол? – перапытаў ён, ледзь пераводзячы дых і пільна гледзячы на мяне, каб зразумець, ці не жартую я.

– Так і ёсць, сэр, камяні і жэмчуг. Узяць іх можа любы чалавек. А валодае каштоўнасцямі, як гэта ні дзіўна, катаржнік, які не можа імі скарыстацца, так што фактычна яны належаць таму, хто да іх першым дабярэцца.

– Яны належаць уладам, Смол, уладам, – запінаючыся, прагаварыў маёр, але голас яго гучаў нерашуча, і я ведаў, што цяпер ён мой.

– Дык вы думаеце, мне трэба расказаць пра ўсё генерал-губернатару? – абыякава спытаў я.

– Не, не, спяшацца не варта, а то пасля можна і пашкадаваць. Раскажы мне пра гэта, Смол. Усё, што ведаеш.

Я расказаў яму сваю гісторыю з некаторымі зменамі, каб ён не змог пазнаць месца. Калі я скончыў, ён доўга стаяў у задуменні і здранцвенні. Па рухах яго вуснаў я зразумеў, што ў яго душы ідзе сапраўдная барацьба.

– Справа вельмі сур’ёзная, Смол, – урэшце сказаў ён. – Пакуль не кажы нікому ні слова, хутка мы пагаворым з табой зноў.

Праз дзве ночы ён прыйшоў у маю хаціну разам з капітанам Морстэнам.

– Я хачу, Смол, каб капітан Морстэн таксама пачуў гэтую гісторыю з тваіх вуснаў, – прамовіў ён.

Я паўтарыў расказ у той жа версіі, што і раней.

– Праўдападобна гучыць, га? – спытаў у сябра маёр. – Я б заняўся.

Капітан Морстэн кіўнуў.