4
Уся праблема першай змены заключалася ў працэсе абуджэння. А прачынацца ў першую змену было складана. Верагодна, тое ж самае адчувала і спячая прыгажуня пасля працяглага і салодкага сну, які сваім слінявым пацалункам парушыў якісьці саладжавы прынц. Аднак замест пацалунку вушы Дзяніса прарэзаў агідны званок будзільніка. Гадзіннік паказваў пяць дваццаць раніцы. Першае, што прыйшло ў галаву Дзяніса, было ўсведамленне непазбежнасці руціннай працы, якая чакала наперадзе. КАНВЕЕР!
“Як толькі перажыць грэбаную змену?”
На кухні ўжо завіхалася яго мама Вера Сцяпанаўна і сімвалічны пах, які зыходзіў адтуль, пракраўшыся яму ў пакой, сведчыў аб прыгатаваным сняданку.
Дзянісу спатрэбілася пяць хвілін, каб працерці вочы і спакваля падняцца з канапы. Выканаўшы гігіенічныя працэдуры, Дзяніс зайшоў на кухню, дзе на стале яго чакала талерка з апетытным амлетам.
— Добрай раніцы, — прагугнявіў ён маці.
— Добрай раніцы і прыемнага апетыту, — сказала Вера Сцяпанаўна.
— Ага, дзякуй…
— Ну, як работа? — спытала яна, сеўшы насупраць сына.
— Ніштавата, — неахвотна перажоўваючы ежу, адказаў Дзяніс. — Вытрымаю.
— І я так думаю. Табе ж яшчэ палова месяца засталася?
— Так, зусім нічога.
Хаця сам ён выдатна разумеў, што два наступных тыдні далёка не абмяжоўваліся фрывольным выразам “зусім нічога”, а два наступных тыдні — гэта восемдзесят трыклятых гадзін, гэта мурло Чыпушылы і іншых пралетарскіх суб’ектаў, у дадатак смуроднае паветра і, бадай, самае агіднае: адчуванне фізічнага прыгнёту, прычым добраахвотнага.
Пачысціўшы пасля сняданку зубы і, прывёўшы сябе ў парадак, Дзяніс выйшаў на вуліцу. З раніцы было халаднавата і паддувала ў плечы, ад чаго скура рабілася гусінай і хацелася перасмыкнуцца ўсім целам. Ён уключыў на флэшцы Prodigy і пайшоў на прыпынак.
У аўтобусе на Дзяніса найшла дрымота. Ад яго дома да «Тытана» язды, прыблізна, з паўгадзіны і таму яму не заставалася нічога іншага, акрамя як прытуліцца да бліжэйшага поручня, і бесклапотна заплюшчыць вочы. Паглыбіўшыся ў дрымоту, яго свядомасць адразу ж запаволілася разам з фразамі Кейта Флінта. Гэта было падобна на прыступ ліхаманкі. Потым у галаве замітусілася адна назойлівая думка: цяпер Дзяніс не мог сабе ўявіць, як зможа вытрымаць восем гадзін. Стоп! Канвеер — вось глеба для разважання. Хіба ёсць яшчэ нешта?
Гэта быў не сон і Дзяніс разумеў дзіўную фантасмагорыю. Потым перад ім з’явіўся канвеер, шырокі, у колькі дзесяткаў метраў і бясконца доўгі. Замест канвеернай стужкі ляжаў чырвоны язык, пакрыты гідкімі пухірамі і сліззю. На ім стаялі скрываўленыя лядоўні. Усе яны рухаліся ў бясконцую далеч жахлівага канвеера. Раптам язык заварушыўся, як вуж на патэльні, і лядоўні адна за адной пачалі падаць на кафляную падлогу. Разбіваючыся аб яе, быццам крыштальныя келіхі, разбітыя лядоўні пакідалі калюжы барвовай вадкасці, якая імгненна закіпала і бясследна растваралася ў прасторы. Калі растварылася апошняя лядоўня, язык напружыўся, хутка скруціўся і знік. Аднекуль здалёк пачулася моцная адрыжка, нібы адрыгнуўся Паліфем[4] і ў гэты момант Дзяніс расплюшчыў вочы. Аўтобус пад’язджаў да “Тытана”. Дзяніс убачыў пафасныя літары на даху інжынернага корпуса, прахадную і па яго целу прабегла дрыготка.
Высыпаўшы з народам на прыпынку, ён марудна ўзняўся па прыступках да галоўнага ўваходу. У галаве стаяў тлум ад убачанага трызнення, але яно ніякім чынам яго не здзівіла. Дзяніс палічыў такія праявы свайго розуму звычайным плёнам падсвядомай фантазій.
На прахадной у кабіне сядзела ўсё тая ж прывабная вахцёрка, але на гэты раз у Дзяніса не было асаблівага настрою заляцацца з ёй. Ён панура прасунуў у вакенца свой тэрміновы пропуск і яго прапусцілі далей.
Да гардэробу ён падышоў без уласцівага яму адчування пагарды. Да ўсяго і навакольнае паветра аказалася не такім смуродным, як здавалася раней.
“Можа, напярэдадні памяшканне добра праветрылі, ці я ўжо паспеў звыкнуцца з гэтымі таксічнымі пахамі?” — падумаў Дзяніс.