Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Кірыл з Дзянісам зарагаталі, а твар Міхі набыў уласцівы выраз незадаволенасці.

— Колькі ўжо можна забываць гэтыя грэбаныя акорды! — прабурчаў ён.

— Не-не, я іх памятаю, ты проста скажы, з якога лада трэба пачынаць…

Дзяніс падышоў да Іллі і пальцам паказаў яму лады, на якіх трэба было заціскаць квінты. Ілля ўсміхнуўся і вымавіў:

— А-а, усё, успомніў!

Міха дакорліва прыцмокнуў і зычна адлічыў “оne, two, three”. І зноў па пакойчыку грымнулі бунтарскія дэцыбелы.

Кірыл з Міхам гралі збольшага роўна, а вось Ілля часта збіваўся, забываючы паслядоўнасць акордаў і нібы па ланцужной рэакцыі, Дзяніс забываў словы і часта губляў рытм.

— Спачатку, — казаў Міха і яны гралі песню зноўку, пакуль не дасягалі, у большай ступені, элементарнай згулянасці.

За гэты час Дзяніс паспеў сарваць голас і ў некаторых выпадках яму было цяжка яго кантраляваць: ён то безнадзейна трымцеў, то пераходзіў у брыдкае сіпенне. Таму невялікі time out быў вельмі дарэчы.

Усе парадкам прытаміліся.

Кірыл з Іллёй пайшлі паліць. Міха ўсеўся на падлогу, апатычна тузаючы тоўстыя струны. Дзяніс сеў за барабаны і паспрабаваў адбіць немудрагелісты біт.

Пяць хвілін бяздзейнасці нічога істотнага не прынеслі. Пасля перапынку хлопцы паспрабавалі адыграць яшчэ адну песню, але яна ў іх зусім не атрымлівалася. Усе збіваліся з рытму і паўсюль адчувалася дрэннае гучанне. Ілля вінаваціў у гэтым апаратуру, Дзяніс спасылаўся на голас, Кірыл проста маўчаў. Міха быў рацыяналістам.

— Вы ні халеры не ўмееце граць. Што, так цяжка даюцца тры нікчэмных акорда?

Роўна ў чатырнаццаць нуль-нуль хлопец з дрэдамі адчыніў дзверы і нагадаў, што іх час падышоў да канца і ім трэба адсюль вымятацца. Дзяніс прыкмеціў на яго бледным твары з’едлівую ўхмылку — ранейшая абыякавасць выляцела ў трубу, і толькі вар’яцкі бляск у вачах нагадваў аб ірацыянальным стане адміністратара. Дзяніс, першым чынам, падумаў, што яму спадабалася іх музыка, але вось Міхе, як ён прызнаўся пазней, стала сорамна ад адчування, што нават гэты абколаты растаман палічыў іх няздарамі.

Яны сабралі свой інструмент і выйшлі ў калідорчык. Там ужо стаяла банда малалетніх смаркачоў з прышчаватымі тварыкамі, якія мусілі хутчэй патрапіць ў пакой і зайграць улюбёны эма-кор.

На самым выхадзе Міху затрымаў адміністратар і працягнуў яму флаерок з рэкламай “кропкі”, яе коштам і іншай лухтой.

— Прыходзьце яшчэ, — з ухмылкай сказаў ён.

Хлопцы падняліся на вуліцу. З нязвычкі ў вушах Дзяніса стаяў лёгкі гуд, а горла, здавалася, апякло варам. Яны выйшлі на Інтэрнацыянальную. Кожны думаў аб сваім. Летні ветрык авяваў іх расчырванелыя твары, пасяляючы ў разгарачаных сэрцах неабходную прахалоду.

На скрыжаванні Інтэрнацыянальнай і Праспекта Пераможцаў вынаходлівы Ілля падкінуў, магчыма, лепшую ідэю дня.

— Ну што, па піву?!