Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Дзяніс з Кірылам яго падтрымалі, Міха толькі безуважна кіўнуў галавой.

Піва вырашылі купіць ва ўніверсаме “Цэнтральны”. Там, як заўжды, была чарга і Ілля сустрэў сваіх знаёмых.

Узялі па бляшанцы кожнаму і накіраваліся ў сквер непадалёк. У скверы было ўтульна. Лёгкая засень ад разгалістых каштанаў і гук машын, якія праязджалі па праспекту, расслаблялі і наводзілі пачуццё бязмежнай лагоды. Сеўшыся на свабоднай лаўцы, хлопцы адкаркавалі свае бляшанкі, для прыліку чокнуліся і, зрабіўшы прагныя глыткі, прыняліся абмяркоўваць рэпетыцыю.

— У прынцыпе, не блага, — сказаў заўжды пазітыўны Ілля. — Вядома, нам яшчэ трэба практыкавацца, але для пачатку, я лічу, нават выдатна.

Кірыл з ім пагадзіўся.

— А я абавязкова прыдумаю новы тэкст, на гэтым пякельным заводзе такія сацыяльныя рэчы ў галаву лезуць, што мне проста неабходна сабраць іх у аднародную думку і тады абавязкова атрымаецца пацешная песня, магчыма хіт, — сказаў Дзяніс.

Міха ўважліва выслухаў меркаванні сяброў.

— На самай справе, наш гурт — гаўно, прычым гаўно выключнае, і сённяшняя рэпа гэта выразна пацвердзіла, — скрозь зубы працадзіў ён.

Яны пілі піва, гучна спрачаліся, пакуль не перасварыліся і вырашылі разыйсціся. Дзянісу самы час было выпраўляцца на працу — канвеер чакаў, таму яны ўзнялі свае азадкi з лавы і злёгку ап’янелыя, папляліся ў бок станцыі мятро “Купалаўска”.

На ўваходзе спыніліся папаліць.

— Калі наступная рэпа? — звярнуўся да ўсіх Дзяніс.

— Не ведаю, магчыма, толькі восенню, у мяне цяпер няма грошай, ды і часу асабліва не выпадае, — сказаў Міха.

На гэтым і разыйшліся. Міха з Кірылам пайшлі на аўтобусны прыпынак, а Дзяніс з Іллёй спусціліся ў мятро. У вагоне Ілля ненаўмысна прыціснуў да дзвярэй грыфам гітары згорбленую бабулю і яна, падняўшы вэрхал, пачала пхаць яго ў спіну. Дзяніс ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць ад пакрыўджанай міны старой: яе быццам распранулі ва ўсіх навідавоку.

— Як там Іра пажывае? — пацікавіўся Ілля, ігнаруючы заўвагі барадатага мужыка, абуранага яго паводзінамі ў дачыненні да пажылога чалавека.

— Цудоўна, — не шматзначна адказаў Дзяніс.

У гэтым плане ён быў негаваркі. Яму адразу ж захацелася перавесці размову ў іншае рэчышча.

— А ўсё ж Міха меў рацыю, мы насамрэч — гаўно, — сказаў Дзяніс.

Ілля ўсміхнуўся.

— Наша музыка гаўно, а мы — крутыя.

І з гэтымі неістотнымі, з аднаго боку, згрызотамі, Дзяніс выйшаў на станцыі “Няміга”, каб сесці на 69 аўтобус. Да змены заставалася каля паўгадзіны.