— Чаго ўсеўся, ты не правільна лепіш стыкі?!
Дзяніс збянтэжыўся і недаверліва падышоў да працоўнага месца. Штосьці ў тоне Грышы нагадала яму брыдкага Чыпушылу.
— А як трэба? — спытаў ён.
Грыша пераняў ізастужку і з напышлівасцю паспрабаваў паказальна заляпіць адну з лядоўняў. Але ў яго нязграбных руках слізкая ізастужка перакруцілася і ў выніку стыкі выйшлі крывымі. Дзянісу прыйшлося забраць у недарэкі ізастужку і пераляпіць усё зноўку.
— Не спяшайся! — пачуў ён за спінай злосную заўвагу.
На жаль, працаваць з Грышай у адным рытме Дзяніс не мог. Паясніца давала аб сабе ведаць кожную хвіліну. Праз паўгадзіны ў ёй аднавілася боль, робячыся з кожным нагінаннем усё востра-невыноснай.
Апрацаваўшы запар дзесяць лядоўняў, так, каб у запасе засталося каля хвіліны, Дзяніс лёг на мяккі мяшок і заплюшчыў вочы. Трываць боль было ўжо проста немагчыма.
— Нельга ляжаць пад час працы, — сказаў яму жаночы голас.
— А што будзе?
— Калі ўбачыць начальства, можа даць вымову.
Дзяніс нехаця сеў, а потым азірнуўся.
За ім, каля працоўнага стала, што размяшчаўся побач з першай веткай канвеера, стаяла дзяўчына гадоў дваццаці пяці, і выкладвала на ім доўгія металічныя пласцінкі. Яна была ў цёмна-сінім халаце з пафарбаванымі таннай фарбай саламянымі валасамі, сабранымі ў пучок на патыліцы. Абрысы яе непрыгожага твару нагадалі яму выявы засмучаных жанчын з пажоўклых гатычных гравюр. Яе тонкія і непрыемна сціснутыя вусны, а таксама падведзеныя бэзавым ценем вейкі — усё, што адразу адштурхвала Дзяніса аб падобных асоб жаночага полу.
“Курва”, — першае, што прыйшло яму ў галаву. — “Менавіта”.
Вось на такіх як раз і спецыялізаваўся Ласун. Мянушка ўзнікла міжвольна і патрапіла ў самую кропку. У гэтае імгненне Курва паглядзела на Дзяніса і лагодна ўсміхнулася. Яму хацелася сплюнуць.
“Няўжо толькі такія кракадзілы працуюць на канвееры? — падумаў ён. — Хаця, мусіць, так і ёсць, якая нармальная дзяўчына зараз пойдзе на завод? Часы сацыялізму прайшлі. Нават цяжка ўявіць на гэтым месцы Іру”.
Ён неахвотна падняўся з мяшка і працягнуў працу, прычым у паскораным рэжыме. Смешна было глядзець на Грышу, які незадаволена соп і час ад часу скавытаў:
— Апяць дваццаць пяць!
“Ёлуп ты, а я яшчэ шкадаваў цябе”, — непрыязна падумаў Дзяніс.
А калі Ласун пажартаваў над Грышынай бародкай: “У, барада, два вуха!” Дзяніс зарагатаў разам з усімі.
На паўгадзінным перапынку ён добра паабедаў у сталоўцы і астатнія пятнаццаць хвілін вырашыў пасядзець у цяньку асобна ад усіх на самай крайняй лаўцы. Яму не хацелася ўлівацца ў кампанію новых працоўных.