Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Паясніца за паўгадзіны трохі адпачыла, але пры любым нагінанні, яе пранізваў колкі боль. Дзяніс задумаўся аб змене аперацыі. Ён узгадаў словы вірлавокага начальніка, які згадзіўся паставіць яго на маразільнікі.

“І дзе ж яны?”

Заходзячы ў цэх з вуліцы, ён цвёрда вырашыў, што як толькі ўбачыць Прошына, абавязкова скажа яму аб болі ў паясніцы і магчымай новай аперацыі. Яго ўжо не турбаваў той факт, што майстар кепска аб ім падумае. Спіна была даражэй.

І як не дзіўна доўга чакаць майстра не прыйшлося. Ён з’явіўся на ўчастку праз хвілін дзесяць. Дзяніс інтуітыўна азірнуўся і ўбачыў Прошына, які ўжо ішоў у яго бок. Падрыхтаваўшыся распавесці яму гіпербалізаваную гісторыю аб небывалай дагэтуль стомленасці, ён толькі расчыніў рот, але яго апярэдзілі.

— Пайшлі за мной, — сказаў Прошын і Дзяніс гатовы быў расцалаваць майстра.

“Навошта мітусіцца, калі ўсё прыносяць на сподку?!”

Дзяніс выкінуў у мяшок з паралонам рэшткі ізастужкі і бадзёра пайшоў за Прошыным. Яны накіраваліся ў самы пачатак першай веткі. Там Дзяніс убачыў чаргу цележак, на якіх змяшчаліся металічныя лісты, з якіх Ласун і Гестапа выраблялі каркасы лядоўняў. За цележкамi ўзнiклi дзве “калоны” з полепрапеленавых блокаў, якія нагадвалі разбураную рымскую арку, праз якую пад час трыўмфу праязджалі імператары. Прайшоўшы “арку”, Дзяніс апынуўся ля невялікага канвеера, прыблізна, трох метраў у даўжыню, які разлічваўся на мінімальную колькасць аперацый і працоўных — усяго чатыры чалавекі. З аднаго яго боку стаяла дзяўчына гадоў дваццаці пяці. Рысы яе твару не адрозніваліся асаблівай прыгажосцю, але для сябе Дзяніс адзначыў, што яна была, бадай, самай прывабнай асобінай жаночага полу, якую яму давялося пабачыць на заводзе, ну, магчыма, акрамя вахцёркі. Але, безумоўна, яны абедзве не каштавалі нават пазногця Іры. Яна была непараўнальнай.

У адзначанай дзяўчыны таксама як і ў Курвы былі жоўтыя валасы, аднак пад вобраз прастытуткі яна зусім не падыходзіла. Пільным вокам Дзяніс прыкмеціў, што ў яе ненатуральна блішчалі шчокі, нібы іх адпаліравалі, аддаючы хваравіта-бледным бляскам, як у парцалянавай лялькі. І яшчэ яна па-вульгарнаму чвякала жуванкай, пры гэтым пафасна надзімаючы вялікія пузыры. Да пералічанага можна было дадаць яе зграбны стан і васільковыя вочы.

Насупраць дзяўчыны, з другога боку канвеера, працавалі яшчэ дзве жанчыны. Адна была больш мажная з доўгімі кучаравымі валасамі і тлустымі лыткамі, а другая ніжэй ростам і падстрыжаная пад хлопчыка — звычайныя завадскія бабы.

Утраіх, на спецыяльных падстаўках, яны выраблялі маразільныя камеры, пасля чаго ставілі іх на канвеерную стужку. Адтуль камеры здымаў высокі мужчына і адпраўляў на прэс.

— Толік! — паклікаў яго Прошын і мужык сутаргавата азірнуўся.

Абрысы яго твару выразна суадносіліся з абрысамі вядомага галівудскага акцёра васьмідзесятых.

“Як жа яго звалі?”

Перад Дзянісам адразу ўстала задача асацыяцыі.

Мужык павітаўся з майстрам, а потым працягнуў руку Дзянісу, які ў тую ж хвіліну адчуў моц поціску працоўнай рукі.

— Прывёў табе вучня. Пакажы яму, як трэба прэсаваць маразілкі, і прымацоўваць папярочку, — сказаў Прошын.

Мужык пакорліва кіўнуў, а майстар падышоў да жанчын, для прыліку пацікавіўся іх настроем і хутка знік у невядомым напрамку, развіваючы ў паветры крысы халата, у дакладнасці, як Бэтмэн.

— Студэнт? — прыглядаючыся да Дзяніса, спытаў мужык.

— Так.

— Зразумела. Добра, а цяпер глядзі сюды. Твая задача заключаецца ў наступным…