Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Горад патанаў у салодкай млявасці, а ў паветры адчуваўся водар ліпы ўперамешку з машынным палівам і людскім потам. Але не зважаючы на такі экстравагантны сінтэз, паветра гэтае хацелася прагна ўдыхаць. У Дзяніса аж апетыт з’явіўся.

На стадыёне аказалася амаль бязлюдна, не ўлічваючы пары смаркачоў, якія ганялі мяч па полі, уздымаючы на ім клубы пылу. Далей, непасрэдна, куды імкнуліся хлопцы, па сцяжынках кляновага масіва, праходзілі людзі: хтосьці выгульваў сабаку, а хтосьці проста шлындаўся без справы. Знайшоўшы прыдатную лаўку ў засені пад галінамі старога клёну, хлопцы разбілі свой лагер. Адтуль адчыняўся добры від на стадыён і на ПТВ, якое размяшчалася побач. Часам, хлопцам выпадала гуляць у футбол з тутэйшымі пэтэвушнікамі. Пэтэвушнікі, часцей, прайгравалі, матывуючы гэта тым, што самыя лепшыя гульцы не прыйшлі і таму… Смешна было слухаць, калі прадставіць, што ў футбол гуляў Дзяніс і астатнія персанажы тыпу Міхі і Іллі.

Разліваў па традыцыі Андрэй, як самы старэйшы, яму той вясной споўніўся дваццаць адзін год. Усе пабралі пластыкавыя шкляначкі і, атрымаўшы першыя пяцьдзесят грам, без асаблівага тоста ўжылі гарэлку. Па нутры расцяклася пякучая вадкасць, паступова развязваючы хлапцам языкі.

— Прыкіньце, майго братана на зоне ў актывісты выбілі. Я ў поўным шоку. Каб ён ды пад мусарамі хадзіў!.. Газетку нам надоечы прыслаў, а там яго фэйс задаволены. Чаго ён радуецца?! Спярша быў у поўнай адмове, а цяпер… Я падзяліўся навінай з адным знаёмым дзецюком, дык ён мне заявіў, што калі Толік адкінецца, адразу начэша яму храпу. Мы з маці напісалі брацельніку ліст, ну вядома, старая там соплі свае гаротныя размазала, а я ўжо ў самым канцы прыпісаў, каб ён ачухаўся і выбіў гэтую дурнату з галавы, — сказаў Андрэй.

— Я чуў, што актывісты там не ў пашане, — як звычайна з’едліва прамовіў Сяргей.

— Актывісты — казлы, няма чаго з адміністрацыяй супрацоўнічаць, — дадаў разгублены Андрэй.

Выпілі яшчэ пяцьдзесят. Праз колькі хвілін аказалася, што ў партфелі Юрася ляжаў не дапіты ім двух літровы слоік піва. Андрэй, Дзяніс, Юрась і Кіслотнік адразу адмовіліся запіваць гарэлку “Сняжком”. Што тычылася Дзяніса, то ён на дух не пераносіў гэты напой — пасля яго ў роце заўжды заставаўся горкі прысмак таннай гарэлкі. Для пэўнасці праверылі яшчэ і партфель Дзяніса, спадзяючыся, што і ён мог хаваць там што-небудзь карыснае. Аднак акрамя кніжак і залікоўкі нічога вартага не знайшлі.

— Тады на халеру ты яго з сабой цягаеш? — спытаў Коля.

— Звычка, — усміхнуўся Дзяніс, — проста мне патрэбна адчуванне вагі.

— Я таксама не магу без свайго заплечніка, асабліва, калі па кірмашы ходзіш, сцібрыў пару яблыкаў у чорнадупых і пайшоў сваёй дарогай, — сказаў Кіслотнік.

— Слухай, Дзёня, пакладзі ў яго мае ключы, а то сёння ўсякае можа быць, вываляцца яшчэ з кішэні, — сказаў Коля. — Ён у цябе хоць не дзіравы?

— Крыўдзіш, кладзі — усё, як у камеры захоўвання.

— За адно і мае ўкінь, — звярнуўся да Дзяніса Кіслотнік, — а то ў мяне кішэні дзіравыя.

Гэта нікога не здзівіла.

Выпілі зноў і Дзяніс адчуў, як яго розум спакваля пачынаў паглынаць хмельны тлум. З часам знікла абаянне, навакольная рэчаіснасць і непасрэдна часовы арыенцір. Уся ўвага была сканцэнтравана на падобным сабе.

— А я сёння ва ўніверы Рагуліна бачыў, калі адліць забягаў, — сказаў Жорык. — Ашываўся там каля раскладу з нейкай выдрай.

— Такое адчуванне, быццам усе прэподы на студэнтках памяшаныя, — сыкнуў Андрэй.

— Добра, што не на студэнтах, — засмяяўся Юрась.

— Курвіносы! — ашчэрыўся Косця.

— Хаця, ёсць некаторыя асобы. Успомнім, да прыкладу, першы курс, — сказаў Дзяніс і выкінуў наперад руку, як багемны паэт, які збіраецца дэкламаваць свае вершы. — Шаноўнае спадарства, калі ласка, паглядзіце на гэты малюнак. На ім юны Апалон. Звярніце ўвагу, як ён грацыёзна стаіць на двух нагах, прасачыце, як скульптар удала ўвасобіў у гэтым барэльефе боскую моц: кожны мускул напружаны, позірк рашучы. Ах, якая вытанчанасць, ах, якая мастацкая дасканаласць, ах, я зараз вывергну сабе ў порткі…