— Стоп-стоп, — пачаў суцішаць яго Дзяніс, разумеючы, што зараз можа адбыцца выбух небывалай агрэсіі.
— А ты што вякаеш, талапень, табе таксама захацелася?! — Коля быў не на жарт раззлаваны.
— Калян, супакойся!
— Не выводзь мяне, Дзёня!
Дзяніс сумеўся і ўсе астатнія адчулі сябе прыгнечанымі. Аднак у ролі арбітражу выступіў усё той жа Дзяніс, хутка змяніўшы тэму.
— А Кірыл дзе? — спытаў ён у Міхі.
— Кірыла не будзе, ён паехаў у свае Дрысвяты, — адказаў, спахмурнеўшы Міха.
— Як заўжды, наш барабаншчык толькі на рэпы да нас ходзіць. З ім не пагаварыць і не выпіць…
— Галоўнае, каб у бас-бочку грукаў, — сказаў Ілля.
Адбылася кароткатэрміновая паўза.
— Ну і як ваш гурт? — пацікавіўся Лысы.
— Выдатна, толькі музыканты граць ня ўмеюць, — падагульніў Міха.
— Ой, слухай, хто б казаў! — абурыўся Дзяніс.
— Ды годзе вам ужо, усе мы іграць ня ўмеем, — заўсміхаўся Ілля.
— Добры, я бачу, у вас гурт, — прасіпеў Жорык.
— Панкі галімыя, — буркнуў Коля, — шансон трэба слухаць, вось у мяне на мабіле класная тэма ёсць.
Коля дастаў з кішэні мабільнік і ўключыў Круга. Усе зрабілі выгляд, што слухаюць, каб, не дай Божа, пакрыўдзіць Яго Вялікасць гопніка з Малінаўкі.
Праз колькі часу да ўніверсітэту падышлі Андрэй з Сяргеем, Юрась, Косця і Лёня (у побыце празваны Кіслотнікам). Дарэчы, гэтую мянушку ён атрымаў ад Андрэя. Справа ў тым, што ў юначыя гады Лёня практыкаваў на сабе ўжыванне разнастайных галюцынагенаў, асаблівую ўвагу надаючы фенабарбіталу.
Банда з адзінаццаці чалавек была ў зборы і рушыла ў найбліжэйшую краму, якая знаходзілася ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Узялі мінімальна: сем бутэлек гарэлкі, напою “Сняжок” і батон з маянэзам; Дзяніс купіў пачак чыпсаў. Потым на выхадзе вырашалі куды пайсці. Аднагалосна пагадзіліся накіравацца да ўніверсітэцкага стадыёну. Дзень быў цудоўны і гэта было, бадай, найлепшым месцам для распівання алкаголю. Вакол стадыёна раслі каржакаватыя клёны, а каля сцяжынак, якія праходзілі паміж імі, меліся старыя, аблезлыя лаўкі.
Да стадыёну ішлі па купках, кожны ў сваёй міні-кампаніі, якая знайшла агульную тэму для гутаркі. У пакетах бразгаталі бутэлькі і прахожыя міма людзі разумелі, што хлопцам сёння будзе весела.