— Вядома ж, ёсць мятро і рынак, — засмяялася Іра і прытулілася да яго пляча.
— Еўропа.
— Ага.
— Дарэчы, калі правесці паралель і падзяліць Мінск на дзве часткі: заходнюю і ўсходнюю, адразу можна звярнуць увагу на істотныя адрозненні. Так, захад — чысты і новы, а ўсход — твая Ангарская, “савок” адным словам.
— Выключэнне мае Уручча, там зараз такія дамы адбудоўваюцца, не горш вашых, што ўжо казаць аб Нацыянальнай Бібліятэцы.
Дзяніс мацней прыціснуў да сябе Іру.
— Аднак “Алмаз” пабудавалі на балоце, а гэта ўжо з ліку брутальнай архітэктурнай задумы. Тое самае, калі такая прыгожая дзяўчына, як ты, гучна сапсуе паветра, скажам, у вучэбнай аўдыторыі.
— Дурак, — сказала Іра і злёгку пхнула яго ў грудзі. — Толькі не забывай, што і Кунцаўшчына была вёскай на балоце.
Дзяніс усміхнуўся.
— Чаго варта яшчэ адна назва — хутар Серабранка…
— Эх, Менск, Менск — уздыхнула Іра.
— Эўропа, — перадражніў яе Дзяніс.
А потым яны, па нейкай падсвядомай інэрцыі, разам заключылі:
— Жыве Беларусь!
Гэтыя два словы на непрацяглае імгненне павіслі ў паветры, а потым растварыліся ў вышыні.
— Ведаеш, — задуменна распачаў Дзяніс, — калі я адшукаў цябе ў кантакце і ўбачыў фотку, дзе ты стаіш на фоне бела-чырвона-белага сцяга, доўга смяяўся.
— Чаму?! — здзівілася Іра.
— У цябе там такі выраз…
— Што з ім не так?!.
— Ты нагадала мне еўрапейскую турыстку, якая прыехала ў Мінск, уся такая гламурная girl, убачыла апазіцыйны мітынг і вырашыла сфатаграфавацца, як каля гістарычнага помніка. — Дзяніс трохі счакаў, а потым іранічна дадаў: — Каб потым сведчыць у падтрымку руху незадаволеных у краіне. Гэтакі шпег у спадніцы.