— А на каго ж?
— На чалавека, які не ведае, што яму рабіць далей…
— Я скажу болей, — ажывілася яна, — я нагадваю матылька, які лунае ў паветры, памятаеш яго рухі, — яны такія імпэтныя. Вось і я. Магчыма, мне вядома, што рабіць далей, але я яшчэ пакуль не вырашылася для далёкага палёту.
— Матылёк, звычайна, цягнецца да святла.
— Ты не падумай, я зусім не хачу апраўдваць апазіцыю, а калі б і жадала, то ўжо нейкім іншым чынам. Тым больш апазіцыя ўжо не тая, якой была да 1997 года.
— Кучка купленых блазнаў, — падсумаваў Дзяніс.
— Але яна хаця б неяк супрацьстаіць гэтаму рэжыму.
— А мне, шчыра кажучы, пляваць, што на адных, што на другіх, я заўжды буду супраць усіх гэтых выскачак, палітыка — гэта поўная лажа.
— І гэта, дарэчы, тыповая беларуская ментальнасць.
— Памыляешся, гэта зусім не мае дачынення да беларуская ментальнасці. Гэта, хутчэй, мая пазіцыя, я бліжэй да ментальнасці анархічнай, калі так можна выказацца, чым да беларускай. У іх, як бачна, ёсць падабенства, але ў адрозненне ад першай, анархічная ментальнасць схільная да формаў пратэсту: “Ненавіджу дзяржаву і ўсё такое”. Беларуская ментальнасць заключаецца ў больш маральных асновах, якія падрывалі на працягу шматлікіх стагоддзяў і асабліва ў трыццатыя гады.
— Проста так склалася гістарычна, што нашая краіна апынулася паміж двума светамі: еўрапейскім і азіяцкім. І гэтыя абставіны пакінулі адметныя сляды лавіравання паміж абодвума. Мы цалкам не належым да аднаго з іх. Адсюль паходзіць сепаратызм думак, і як следства — у нас няма адзінай рухаючай сілы, якая б здолела аб’яднаць народ. Таму для такіх краін уласцівы дэспатызм.
— Эх ты, апазіцыянерка, — гарэзліва вымавіў Дзяніс. — Дэспатызм ёй не падабаецца, на гэтым дэспатызме сучасная Беларусь і трымаецца.
Іра пагардліва затушыла недапалак аб нагрэты руберойд.
— Скажы мне, а чаму ты тады ў сваім гурце па-беларуску спяваеш?
Пытанне збянтэжыла Дзяніса і ён злёгку пачырванеў.
— Што, не маеш адказу?
— Гэта проста адна з формаў пратэсту…
— Каму?
— Шэраму, аднолькаваму грамадству, у сваёй большасці трасянкавобразнаму і русіфікаванаму.
— А ты кажаш “апазіцыянерка”. Тваё нутро, па сутнасці, сепаратыўнага ладу. Дысідэнт, так бы мовіць, — сказала Іра, а потым дадала: — Дык як жа ты можаш судзіць аб чалавеку, калі сябе толкам не ведаеш?