Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

— Не праўда. Мы з Настай ішлі пасля параў, вось яна мяне і сфоткала.

— Гэта ты потым будзеш на следстве распавядаць.

Іра цмокнула языком і фанабэрыста сказала:

— У такім разе, мяне будзе вельмі цяжка раскусіць. Ты толькі паглядзі ў мае вочы.

І яны ўтаропіліся адзін у аднаго: яна — у яго чорнае мора бяздонных карых вачэй, ён — у яе крыштальна чыстае возера бліскучай сіні. Першым позірку не вытрымаў Дзяніс і адвёў вочы. Гэта было яго невялікай слабасцю. Наогул, калі хто-небудзь знаходзіўся з ім у кантакце, то мог заўважыць, як бегаў позірк Дзяніса, доўга не затрымліваючыся на суразмоўцы. Складвалася такое ўражанне, што Дзяніс саромеецца.

— Затое я ведаю цябе наскрозь, — зразумеўшы, што прайграў дуэль позіркаў, сказаў Дзяніс.

— Наскрозь? — абурылася Іра і Дзянісу не спадабаўся такі тон. — Ты, мой хлопчык, глыбока памыляешся, калі робіш такія гучныя высновы. Наскрозь, — пагардліва паўтарыла яна.

— Так, наскрозь, — не збіраючыся здавацца, заявіў ён.

Дзянісу захацелася падражніць Іру, паказытаць яе слабыя месцы.

— Я ведаю кожную радзімую плямку на тваім целе, ведаю твой пах, тваю хаду, міміку, твой голас, смех, нават твой нумар тэлефона… І гэта яшчэ не ўсё… Працягваць далей?

Іра расчаравана ўздыхнула.

— Так я і думала: на твар менавіта ўсе знешнія фактары. І гэты чалавек сцвярджае, што ведае мяне наскрозь?

Дзяніс ніколі не любіў, калі ў размове з ім пытанне ставілася да ўмоўнай трэцяй асобы. Але Дзяніс ніякім чынам не хацеў сварыцца і асабліва ў такі дзень.

А дзень быў шыкоўны, як і сотні іншых, праведзеных ім разам з Ірай. Таму Дзяніс згадзіўся, калі яна прапанавала яму залезці на дах гэтага дома. Бліжэй да абеду Іра патэлефанавала яму, сказала, што ёй непамерна адзінока, і надта хочацца выйсці на вуліцу пагуляць. Яна, вядома, разумела, што, магчыма, абцяжарвае яму адпачынак пасля працы, але калі ёй быў патрэбен кантакт, ён цалкам разумеў яе і гатовы быў сарвацца да яе хоць з іншага кантынента.

Іра дастала з пачка цыгарэту і запаліла. Яна запаліла з першага курсу, яшчэ тады, калі Дзяніс вучыўся ў школе. Ён не пытаў яе, па якой прычыне яна падсела на гэты лёгкі наркотык. Яго гэта проста не турбавала. Хаця сам ён не паліў і таму ў нашым постсавецкім грамадстве дзіўна было бачыць дзяўчыну, якая паліць побач з хлопцам абыякавым да цыгарэт. Дзяніса ніякім чынам не бянтэжыў гэты факт, наадварот — з цыгарэтай у руцэ, Іра здавалася яму яшчэ сэксуальней і ўзбуджала ў яго галаве фрывольныя фантазіі. Аднак бацькі Дзяніса, прытрымліваючыся кансерватыўных нораваў, не падзялялі яго запалу да Іры. Дзяўчына, якая паліла, выключалася з складу нармальных. Уся яе прывабнасць і абаяльнасць адразу ж перакрэсліваліся знакам забароны. Дзяніс, быўшы прыстойным палюбоўнікам, далёка пляваў на гэтае табуяванне і бацькоўскія забабоны.

Яна запаліла і яе твар набыў рысы задумення. Сур’ёзнай Іра выглядала, як дама высакароднага прозвішча. Ёй вельмі пасавала гэтая маска. Да ўсяго яна была досыць фотагенічнай. З любых ракурсаў яе твар выглядаў захапляльна прывабным.

— На той фатаграфіі ў цябе быў зморшчаны лоб, — сказаў Дзяніс.

Іра скірпаціла нос і лагодна вымавіла:

— Сонца свяціла мне прама ў вочы.

— І ўсё ткі на тым фотаздымку ты падобная не на турыстку, — не зважаючы на яе словы, працягнуў ён.