— Адразу, як паступіла.
Наступнае пытанне было заканамерным.
— Тады навошта ўсе гэтыя месяцы я быў табе патрэбен?
— Таму што я кахаю цябе. Але мы даволі позна сустрэліся. Ведаеш, гэта калі спальваеш мост для адступлення, азіраешся, і толькі потым разумееш, што на другім беразе цябе чакала тваё ратаванне. Жыццё — чартоўскі складаная рэч.
— А ты не думала, што зробіш мне балюча?
— Безумоўна. Сёння ты казаў мне, што адчуваеш сябе слабаком, але гэта не так. Сапраўдны слабак — я, таму што хачу пакінуць радзіму, але слабак толькі знешне, і не ў якім вобразе духоўна. Памятаеш, Картасар казаў, што толькі той чалавек па-сапраўднаму любіць сваю Айчыну, хто з"яжджае ў іншую краіну. А ты знешне моцны, ты добры хлопец, клапатлівы, уважлівы, мне ніколі не было з табой дрэнна.
— Значыць ты мяне таксама не ведаеш.
Але Дзяніс разумеў, што бяссільны ўжо штосьці зрабіць, яна ўсё роўна паедзе і нішто не зможа ёй перашкодзіць.
— Твае бацькі ведаюць?
— Даўно. Ім яшчэ лягчэй будзе: мама пераедзе жыць да іншага мужчыны, бацьку застанецца кватэра.
— А сястра?
— Сястра пойдзе ў самастойнае жыццё.
— Прама амерыканская меладрама, — горка заключыў Дзяніс. Іра прамаўчала.
— А што будзем рабіць з нашым каханнем? — спытаў ён.
— Вось гэта і ёсць самае складанае пытанне, на якое я ніяк не магу знайсці адказу.
Дзяніс стрымана ўсміхнуўся.
— У дзэн-будызме няма нічога невырашальнага, проста трэсні мяне загваздкай і я абавязкова знайду адказ, — сказаў ён і па яго шчацэ пакацілася дробная сляза.
Іра адразу перавалілася на калены і па-сабачы пасунулася да Дзяніса, хутка сцерла вялікім пальцам яго слабасць і села побач.
— Зараз я не буду суцішаць цябе тым, што ты яшчэ знойдзеш сабе дзяўчыну лепш мяне, таму што дакладна ведаю — не знойдзеш, як і тое, што ты ніколі пра мяне не забудзеш. З усёй шчырасцю я магу сказаць усё тое самае і пра сябе.
— Значыць гэта каханне назаўжды застанецца ў нашых сэрцах, як застаюцца шнары на скуры, малюнкі, выведзеныя ў пячорах охрай, як зоркі на небе, і яго ніколі не паглыне нябыт, ці сусвет, што б не адбылося?