— Forever, — сказала Іра.
8
Як жа часам усё бывае непрадказальна. Трымаеш час, думаеш, што ён у тваіх руках, выкручваеш з яго апошнія сокі, а потым аказваецца, што ён выслізнуў з тваёй хваткі і табе ўжо ніколі яго не злавіць.
Дзяніс ехаў у аўтобусе і знешне быў спакойным, здавалася, нічога не прадвяшчала ў ім істотных перамен. Аднак унутры яго адбывалася зусім іншае: душа кіпела, нібы ў пякельным катле. Вядома, не кожны дзень пачуеш, што ўсе масты спаленыя і другая палова, так бы мовіць, падсела на здраду. Але ён трымаўся малайцом і вырашыў не здавацца.
За акном ужо даўно пацямнела і асабіста для Дзяніса гэта магло значыць толькі адно — набліжаецца трэцяя змена. Канвеер, чорт яго падзяры! Проста цудоўны кантраст з сапраўднай драмай, якая нядаўна з ім адбылася. Толькі пакуль яшчэ ён не паспеў гэта ўсвядоміць — усё самае горшае чакала наперадзе, калі ён прыйдзе дамоў, ляжа ў сваім пакоі на канапу, заплюшчыць вочы і зразумее, што застаўся адзін.
У салоне было амаль бязлюдна і Дзяніс паспрабаваў аддацца сну. Зрабіць гэта аказалася не проста. Яго думкі пачалі пракручваць кароткаметражку: з’явілася постаць фатальнай дзяўчыны з агністымі валасамі. Іра, чамусьці, танчыла, гукі музыкі былі прыглушанымі, але Дзяніс пазнаў у іх рок-н-рольныя рыфы. Яна круцілася па крузе, як ваўчок, развіваючы свае доўгія валасы, чырванеючы і ўсміхаючыся. Дзяніс не здолеў гэтага вытрымаць і рэзка пралупіў вочы, як быццам убачыў страшны сон. Яна сапраўды глыбока закранула яго сэрца. Ён моцна прыкусіў ніжнюю губу, каб пазбавіцца ад прыступу сваёй слабасці і дзеля разрадкі, моцна ўрэзаў кулаком па сядзенні спераду. Жанчына, што сядзела непадалёк ад Дзяніса, сутаргава азірнулася на яго, але прачытаўшы ў зласліва-варожым позірку “каціся адсюль, дура”, хутка адвярнулася. Яму патрэбна было сканцэнтравацца, бо ён ні ў якім разе не хацеў выносіць свой боль за межы сваіх эмоцый. Яго праблемы павінны былі заставацца яго ўласнымі праблемамі.
Было лета. Ціхая бесклапотная пара.
Гадзіну таму ён выйшаў з яе кватэры, сеў у мятро, потым з перасадкамі аўтобус-тралейбус, паехаў на завод.
Калі яны спускаліся з даху, Дзяніс адчуваў, як пад вагай яго цела дрыжалі ногі. У галаве стаяў тлум, які нагадваў невялікае ап’яненне. Іра ўзяла яго за руку і як ні ў чым не хаджала, павяла да сябе. Яны зачынiлiся ў яе пакоі і заняліся сэксам. Упершыню Дзяніс горка плакаў, так, што слёзы засталіся на яе разагрэтых грудзях. Потым ён ляжаў на спіне, глядзеў у столь, а Іра гладзіла яго па галаве і суцішала, як дзіцяці: “Супакойся, не трэба”. Гэта былі самыя прыемныя і, у сваю чаргу, самыя меладраматычныя хвіліны ў яго жыцці.
Растаючыся, яны вырашылі заставіць паміж сабой цёплыя адносіны.
А аўтобус каціў далей, разбіваючы жалезным корпусам аселую ў паветры дзённую спёку. З адчыненага акна веяла начной прахалодай і пахам індустрыяльнага горада. Усё было па-ранейшаму, усё вярталася на кругі свая. І на гэтым фоне адчуванне яго душэўнай ёлкасці пачало саступаць месца таямнічаму голасу, які зусім нечакана з’явіўся ў яго розуме. Ён нагадваў тонкую валасінку нерва, якая балюча тачыла яго мазгі, як чарвяк, і прымусова нагадвала:
— …Малады чалавек?!.. З вамі ўсё ў парадку?!.. — Дзяніс прачнуўся ад штуршкоў у плячо, прадраў вочы і ўбачыў перад сабой тую жанчыну, якую пераважна нядаўна напалохаў сваім позіркам.
— Што здарылася? — спытаў ён, аглядаючыся па баках.
— Вас трэсла, нібы ў ліхаманцы, — трывожна сказала яна.
Дзяніс сцёр з ілба буйныя кроплі поту.
— Усё добра, я трохі ператаміўся, дзякуй, — паспрабаваў супакоіць яе Дзяніс.
Жанчына разгублена адышла на сваё месца і толькі цяпер ён убачыў, што акрамя іх у аўтобусе нікога не было. Па шкле гідка барабаніў дробны дождж, а ў небе пачало пабліскваць. І Дзяніс падумаў, што фінал для сённяшняга дня быў больш чым самы падыходны.
Тым часам аўтобус набліжаўся да заводу. Каля прыпынку ён выпусціў Дзяніса, гучна зачыніў за сабой дзверы і хутка паехаў прэч, нават занадта хутка.
Апынуўшыся тварам да твару з заводам лядоўняў, Дзяніс звярнуў увагу на незвычайную цішыню, якая лунала ў прахалодным паветры: не было чуваць ні машын, ні людзей і толькі над прахадной, пад штучным зямным шарам сіняга колеру ў начной цемені яскрава зеўраў надпіс “Тытан”. Каб не намокнуць, Дзяніс хуткімі крокамі ўзышоў па прыступках, прайшоў каля фантана з такім жа штучным шарам і падышоў да галоўных дзвярэй. Яны, як заўжды, самастойна расчыніліся і знутры на яго патыхнула цеплынёй. Магчыма, упершыню Дзянісу захацелася зайсці ўнутр, што ён ахвотна і зрабіў.