Як толькі працоўныя кінуліся бегчы, усе, хто застаўся: Снайпер, Дзяніс, Пазаліні, Рупар, Ласун, Гестапа, Дзяцел і падбітая троіца ўбачылі, што акрамя першай веткі запрацавалі і ўсё астатнія канвеерныя веткі трэцяга цэха і ўсе ў зваротным накірунку. Дзяніс пачуў звыклы гуд, які прысутнічаў у цэху падчас працы. Аднекуль знутры ўзнікла жаданне ісці да працоўнага месца і пачаць вырабляць маразільныя камеры. Рухаючыся, першая ветка скінула на падлогу рэшткі рабочых і сінякастага, утварыўшы на ёй крывавую груду костак.
— Цяпер вы бачыце, што яны мелі рацыю! — са злосцю звярнуўся да Пазняка Снайпер. — Вы гэтага хацелі?
Пазняк, задраўшы галаву ўверх, сціскаў пальцамі крывацечны нос. Снайпер спагадліва паглядзеў на яго, потым падышоў і працягнуў яму руку. Пазняк спярша зморшчыўся, але руку падаў. Снайпер ірвануў яго на сябе і паставіў на ногі. У сваю чаргу Пазаліні працягнуў руку Чыпушыле, а Дзяніс накіраваўся дапамагчы Грышы.
— Я сам, — заўпарціўся ён, а калі падняўся, сказаў Дзянісу: — Табе гамон, прыдурак! Мяне і па твары?!
— Ну годзе табе! — сказаў яму Снайпер. — Зараз нельга варагаваць, цяпер без жартаў — трымацца будзем разам.
— Па руках, — выціраючы насоўкай кроў з твару, прабубніў Пазняк.
Невялікая група працоўных, у стане візуальнага шоку, пабегла праз канвеерныя веткі. Дыстанцыя ад іх і да канвеера складала не больш метра, але гэтага хапіла, каб іх імгненна прыцягнула да канвеернай стужкі, як прыцягвае метал да магніта і проста разарвала на кавалкі.
Астатнім рабочым таксама не пашанцавала. Чалавек трыццаць пабегла ў тым накірунку, куды адносна нядаўна бег Дзяніс. Усё астатняе з’явілася ўвасабленнем прац Босха. Яго палотны быццам ажылі. Страшны суд паўстаў перад Дзянісам. Не дабегшы да павароту, — там, дзе першы і другі цэх адлучалі жалезныя дзверы, людзі ўзняліся ў паветры, як шарыкі, як надзіманыя цацкі, а потым закруціліся ў звышхуткасным паветраным віры. Цэх запоўніў немы лямант. На падлогу паляцелі пырскі крыві, зубы і разарваная адзежа. А потым бліжэйшая канвеерная ветка невядомай сілай прыцягнула да сябе ўжо абезрухомленыя целы працоўных і пачала падзяляць іх над сабой на шэсць частак, як сінякастага.
Дзяніс так бы зачаравана і пазіраў на гэтае жудаснае відовішча, як раптам грубая рука схапіла яго за шыю і пацягнуў назад.
— У туалет! — крыкнуў яму на вуха Рупар.
Дзяніс прыйшоў у сябе і яны забеглі ў прыбіральню, зачыніўшы за сабой дзверы. За сцяной чулася храбусценне костак і раздзіранне чалавечых целаў. Рупар застаўся ля дзвярэй, трымаць іх за ручку (шпінгалета не аказалася). Выглядваць вонкі ён не вырашаўся.
— Што будзем рабіць? — калоцячыся, спытаў Дзяцел.
— Чакаць, — сказаў Рупар.
Праз хвіліну, ці нават менш, гукі пекла заціхлі.
Нечакана, з зваротнага боку моцна тузанулі за дзвярную ручку, але Рупар схапіў яе абедзвюма рукамі і не дазволіў дзвярам адамкнуцца.
— Пусціце, гэта я! — пачуўся адтуль істэрычны голас Снайпера.
Рупар адпусціў рукі і ў прыбіральню забеглі збялелыя Снайпер, Пазаліні, Свістуля, Підар і Грыша. Свістуля з Підарам у тую ж секунду забіліся пад рукамыйніцы, падціснулі пад сябе ногі і аберуч абхапілі дрыготкія калены, ледзь стрымліваючыся, каб не расплакацца на вачах ва ўсіх. Усе яны трэсліся, як асінавыя лісты.
— Усё самае жудаснае і тое, чаго я чакаў найменш, на жаль, адбылося, — заікаючыся, прамармытаў Снайпер.
Пазняк вінавата схіліў галаву.
Звонку гуд канвеера набыў спецыфічны гук, нібы загучалі самалётныя турбіны, прымусіўшы Дзяніса і астатніх схапіцца за вушы. З’явіўся моцны ціск, у вушах закалола і ўсім без выключэння падалося, што надышоў канец. Але гуд, як неспадзявана пачаўся, так і скончыўся. Дзяніс ачуняў разам з усімі на халоднай падлозе.