— Дзе ваша сумленне? — спытала жанчына з бэзавымі валасамі.
Безнадзейная троіца стрымана маўчала і толькі Рупар з нахабным выразам твару паглядаў на ўсіх, чакаючы ўдару ў кожную хвіліну.
Нечакана Дзяніса піхнулі ў cпіну і ён убачыў Снайпера, а побач з ім Пазаліні.
— Трэба дапамагчы, — прашаптаў Снайпер.
Яны адышлі ў бок.
— Мы хочам вывесці з дзеяння заўзятага гаваруна, які cпрабуе папсаваць усю маліну. Таму што справы, здаецца, сапраўды сур’ёзныя, яшчэ горш, чым я думаў, — сказаў Снайпер.
— Ты з намі? — спытаў Пазаліні.
— А што трэба рабіць?
— Бярэш на сябе Грышу.
Снайпер кіўнуў Пазаліні і яны рашуча пайшлі напрасткі цераз натоўп і, без цяжкасцяў разапхнуўшы сабе праход, выйшлі твар да твару да Пазняка і яго хаўруса. Снайпер не марудзячы, урэзаў яму прама ў нос, а Пазаліні рэзкім ударам нагі адаслаў Чыпушылу ў аўт. Як толькі Дзяніс убачыў хуткую расправу, ён нерашуча падышоў да Грышы і грукнуў яму кулаком у сківіцу. Удар атрымаўся слабым (Дзяніс не ўклаў у яго той лютасці, якую прыклалі Снайпер з Пазаліні) Грыша толькі пахіснуўся на месцы, страпянуў галавой і зласліва паглядзеў на яго:
— Ах ты…
Аднак справу распачатую Дзянісам, закончыў Гестапа. Ён не чакаючы, пакуль Грыша пачне наступ, зарадзіў яму добрую падачу ў вуха.
— Ляжаць, я сказаў! — грозна прамовіў Гестапа, адправіўшы яго на падлогу.
Працоўныя не чакалі такіх дзеянняў і, высалапіўшыся на расквашаныя твары ляжачых, насцярожыліся. Вэрхал падняла жанчына з бэзавымі валасамі.
— А што ж вы робіце, ірады, на вачах ва ўсіх! Забіваюць! — істэрычна закрычала яна.
Але рабочыя не спяшаліся панікаваць.
— Іх абвінавачванні былі ілжывымі, — кіўнуўшы ў бок зрынутай троіцы, пачаў Снайпер. — Не хацеў бы аб гэтым гаварыць, тым больш голасна, але хопіць маўчаць. Я, як і ўсе вы разумею, што гучыць гэта дзіўна, але віной усяму канвеер.
— Чаму ты так упэўнена пра гэта кажаш, ты ўласнымі вачыма бачыў смерць брыгадзіра? — спытаў, выступіўшы з натоўпу чорнавусы.
— Міхалыч, я веру іх словам…
— Цяпер нікому нельга давяраць, — уздыхнуў чорнавусы.