І вось мы, прытуліўшыся адзін да аднаго, танчылі пасярэдзіне маёй залы. Аліса паклала на маё плячо галаву і, прыемна праводзячы па маёй спіне рукамі, маўчала, салодка дыхаючы мне ў шыю. Я здагадваўся, чым мы вельмі хутка будзем займацца, але Аліса, яна нават і не падазравала, што ў маім дваццацічатырохгадовым узросце я яшчэ ніколі і ні з кім не ўступаў у палавыя зносіны, і казаць ёй аб гэтым зусім не збіраўся.
…Праз некаторы час мы ўжо танчылі голымі. Здавалася, я толькі міргнуў і мы ўжо распрануліся. Цяпер я дакладна не памятаю, якім чынам так атрымалася, але ўся тая прэлюдыя была не самым галоўным.
Далей у маім разуменні ўсё адбывалася даволі невыразна. Памятаю, Аліса лягла на канапу і рассунула ножкі.
— Пайшло ўсё к чорту, — смела заявіла яна.
І я ўвайшоў у яе зверху.
Усплескі рознакаляровых фарбаў, галасы ў маёй галаве, пацалункі па ўсяму целу, разамлелы твар Алісы — усё злівалася ў адно дзеянне. Гэта быў мой першы раз, але як у сне, я амаль нічога не адчуваў. Яна зусім нягучна стагнала і мы круціліся па канапе, пераплятаючыся, як ліяны. А калі маё цела пачало пранізваць адчуванне чагосьці прыемна-незямнога, мае рукі сціснулі яе шыю.
Што ты робіш? — прахрыпела яна.
І тут я прачнуўся.
Пот выступіў на маім ілбу буйнымі кроплямі і я сцёр яго гарачай рукой.
“Прыснілася”, — падумаў я і пацягнуўся.
Але раскінуўшы рукі, я датыкнуўся да халоднага цела Алісы. Яна ляжала, задраўшы галаву к верху і, адкінуўшы левую руку на падушку. Вочы яе былі заплюшчаны. Я асцярожна вылез з-пад коўдры, апрануў свае трусы і пайшоў на кухню, выпіць вады, адчуваючы ў роце прагную смагу. Дзіўна, я амаль нічога не памятаў з таго, што адбывалася ноччу, хаця зусім не піў спіртнога. Але ўсё ж калі Аліса ляжала ў маёй канапе, значыць сэкс паміж намі адбыўся. Потым я зваротна лёг у канапу. Так прыемна было проста ляжаць каля дзяўчыны, бачыць яе прыпухлы твар, калі памада сцерлася, а закручаныя валасы ператварыліся ў падабенства прычоскі медузы Гаргоны. І яна мне падабалася яшчэ болей. Я правёў пальцамі рукі па яе халоднай шчацэ і пацалаваў у лоб.
2
І Аліса знікла з майго жыцця, і больш я ўжо ніколі яе не бачыў. Тым нядзельным вечарам, пасля ночы з ёй, я сядзеў у залі ля акна, назіраючы за людзьмі і разважаў: чаму Аліса сышла ад мяне, нічога не сказаўшы? Божа літасцівы, кім я стаў, што я ёй такога зрабіў? Гэта было невыносна. Але я вытрымаў. Штосьці пстрыкнула ў маім розуме і я супакоіўся.
Ноччу мне зноў прысніўся сон, у якім я душыў тоўстую прадаўшчыцу на рынку, але ў асноўным толькі той момант, калі я сціскаў яе горла. Я прачнуўся ў халодным поце і не змог заснуць да самай раніцы. Я варочаўся, кідаўся па канапе, а маю галаву ўсё перапаўнялі жахлівыя думкі. У пяць гадзін празвінеў будзільнік, і я з палёгкай падняўся. Абліўшы твар сцюдзёнай вадой, я ўважліва паглядзеў на сябе праз люстэрка і заўважыў мяхі пад вачыма. Я выпіў моцнай гарбаты, зрабіў сабе зсабойку, апрануўся і выйшаў на вуліцу.
На двары нікога не было. Засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў, я пайшоў на прыпынак. Я ішоў і думаў аб тым сне. Дзіўна, ён з’явіўся падсвядома, ці прысніўся зноўку? Я думаў і пра Алісу.
У той раз прыпынак аказаўся пустым. Я сеў на лаўку і паглядзеў цераз дарогу на поле. Яно было мёртвым: купкі вербалозу нерухома тырчалі з чэрствай, застыглай зямлі, а высока ў небе крумкалі вароны. Неўзабаве пад’ехаў аўтобус. Я зайшоў у яго і, заплюшчыўшы вочы, зразумеў, што ў маім жыцці пачаліся перамены.
На заводзе Санёк з Дэнам да мяне не падыходзілі, відаць, пакрыўдзіліся з-за таго, што я збег з Алісай і ў чарговы раз не падаў ім кватэру, даўно трэба было зразумець, што яны карысталіся мной. Металічна-карункавая габлюшка разляталася ва ўсе бакі, калі я выточваў на станку свае нарыхтоўкі і так праходзіў мой працоўны час.
Пад канец змены я пачуў немы крык: жанчыне-тэрмісту адбіла пад прэсам усе пальцы на правай руцэ. Добра, што яшчэ так. На нашым заводзе і не такое здаралася.
Часам, я думаў аб безвыходнасці і сваёй заганнасці, і мне хацелася плакаць.
Калі разважаць аб гэтым паслядоўна, з самага пачатку, мусіць, усё пачалося з таго працоўнага дня. Пачалося з таго, што мне вельмі захацелася вярнуцца на прыпынак, не ведаю, ці ў пошуках Алісы, ці ў пошуках яшчэ чаго, але мне проста захацелася прыйсці і пасядзець там на лаўцы.