Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Таццяна ж, наадварот, добра ўяўляла, што такое трыста адсоткаў, а галоўнае, разумела, што, калі бізнес-партнёр увесь час угашаны, для пачатку вам трэба ўзгадніць тэрміналагічны апарат і дамовіцца, што бухгалтэрыя будзе ў тваіх руках. Таму дзяўчына зрабіла яшчэ адзін глыток кавы і прапанавала паглядзець працы. У мастацтве яна не разбіралася, але лічыла, што, калі ты ў чымсьці не разбіраешся, ніводны следчы не зможа давесці, што ты пераплаціў злаўмысна.

– Давай паглядзім.

Кася падвяла Таню да першай працы – дзвюх скручаных шэрым скотчам паўтарах піва. У якой іншай паэме аўтар мог бы не называць марку, але паколькі беларускую прозу ніхто не чытае, я магу смела, без аглядкі на судовыя спагнанні напісаць, што гэта было «Крыніца. Моцнае». Мог бы я вам схлусіць, што адна бутэлька была напалову пустая, другая – напалову поўная, але хто ў гэта паверыць? Як вядома з кожнага брыфу аддзела маркетынгу «Крыніцы» ў рэкламныя агенцтвы, мэтавая аўдыторыя гэтага напою – жыццярадасныя аптымісты ад васямнаццаці да трыццаці гадоў, мужчынскага полу і з даходам, вышэйшым за сярэдні. Я нават разумею логіку гэтых маркетолагаў: піць «Крыніцу. Моцнае» можна або калі ты аптыміст, або калі ў цябе даход настолькі вышэйшы за сярэдні, што ты можаш купіць сабе новую печань. Дык вось, піва ў паўтарахах ужо не было – яго выпілі.

Бутэлькі былі з зялёнага пластыку, але і праз яго было бачна, што яны запоўненыя чымсьці падобным да мантажнай пены. Побач вісела нікеляваная шыльдачка, якая паведамляла, што праца называецца «Брама горада».

– Што там усярэдзіне? – запытала Таццяна.

– Гэта турэцкі пясок. Сімвалізуе рост дабрабыту беларускага працоўнага, які цяпер можа піць любімае піва на Адрыятыцы.

– Чаму ў левай загорнутае рыльца?

– Сімвалізуе схільнасць беларускага працоўнага да травы.

– Якой травы?

– Мастак належыць да плыні неарамантызму і схільны ідэалізаваць беларускі пралетарыят. Але згадзіся, калі ім прапанаваць, яны не адмовяцца.

– Што ёсць, таго не адабраць, – Таццяна нахіліла галаву набок. – А чаму пясок падобны да мантажнай пены?

– Гэта вельмі цікава. Разумееш, гэта напраўду мантажная пена – што гаворыць пра прыгнечаны стан беларускага мастацтва: яшчэ не ўсе мастакі могуць сабе дазволіць адпачынак у Турэччыне.

– А колькі яна каштуе?

– Злотых трыццаць за бляшанку.

– Яны асобна прадаюцца?

– Натуральна, пену можна па бляшанцы браць.

– Ды не, праца колькі каштуе?

Кася нахілілася да Тані і сказала нешта на вуха. У Таццяны бровы зажылі сваім жыццём і паплылі ўверх. Калі дзяўчына вярнула іх на месца, правёўшы па лбе далонямі, Кася стаяла ўжо насупраць наступнай працы – бронзавай шыльды вялікага памеру, якая імітавала каментар у фэйсбуку, павялічаны разоў у дзесяць. Таццяна падышла і пачала чытаць:

«На мой погляд гэта сьцёб з вялікага твора і важнейшай вайсковай перамогі ад страшнай навалы, што ішла ад немцаў. СЬЦЯБАЦЦА НЯ ЁСЬЦЬ ДОБРА! Дастойней і цяжэй намнога прыдумаць свой сюжэт і твор арыгінальны хаця б і на гэту важную гістарычную бітву, якая, дапускаю і кранула Вас. Напрыклад, творы пра Грунвальд Г.Х.Вашчанкі(захоўваецца ў Гродзенскім музэі рэлігіі), ці той жа твор пра Грунвальд Сяргея Цімохава(2010году), што экспанаваўся на вось толькі завяршыўшайся выставе «КОД 25.03.1918» ТОЛЬКІ МАЛАДЫ ЧАЛАВЕК,РАЗМАЎЛЯЮЧЫ і ДУМАЮЧЫ ПА-РУСКУ,МОЖА СЬЦЯБАЦЦА І ТАК ВОЛЬНА АБЫХОДЗІЦЦА З БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫЯЙ!НЕДАЛЁКА АДЫШОЎ АД ПЕРФОРМЕНСА АДАМА БЯЛЯЦКАГА Ў АЎШВІЦУ,НА МОЙ СУБ’ЕКТЫЎНЫ РОЗДУМ… ПРАБАЧЦЕ,КАЛІ ПАКРЫЎДЗІЎ…»

– Манументальна, – сказала Таццяна, прачытаўшы тэкст. – А што гэта ўсё сімвалізуе?