Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Што за дзікунства? – запытала Кася. – Вы што, антысеміты?

– Ні ў якім разе, спадарыня, святло маіх вачэй. Сярод афіцэраў КДБ няма ніводнага антысеміта. Каб паступіць на службу ў камітэт, трэба мець хаця б аднаго найлепшага сябра габрэя, які засведчыць, што ты не антысеміт, а ён – твой найлепшы сябар. Гэта адно з самых складаных выпрабаванняў пры прыёме на службу: правесці жыдоўскую морду вельмі складана. Я ледзьве не пасадзіў печань, калі цэлыя два гады бухаў з маім сябрам Барысам і спусціў усе сямейныя накапленні на прадажных жанчын для яго.

– Напрыклад, – сказала Кася. – Але чаму толькі габрэі могуць займацца гаспадарчымі справамі?

– Гэта вы можаце запытаць у самога маёра Галандскага, калі ён прыедзе. Я ж магу толькі засведчыць, што сам Натан Бірнбаўм атрымаў бы прыступ вострага антысемітызму, падагры і пранцаў, каб меў агульныя справы з маёрам Галандскім.

Такая рэкамендацыя задаволіла сябровак, яны патэлефонілі маёру, і праз паўгадзіны ён быў у галерэі. Самыя дасведчаныя чытачы могуць запытаць, як жа так гладка выходзіла, што і капітан Капейкін прыехаў праз трыццаць хвілін і маёр Галандскі – праз паўгадзіны? Чаму як вы робіце якую-небудзь справу, – то кладаўшчык пайшоў на базу, то трамваі сталі і перагарадзілі прашпект, то ў друкарцы папера скончылася? На гэта я адкажу так, што калі чалавек па жыцці не лох, то ў яго і справа ідзе хутка, а калі вы ў сваіх Івацэвічах седзіцё, то чаго вы хочаце?

Маёр Галандскі быў апрануты ў белую кашулю, чорную зашмальцаваную камізэльку, а на галаве меў кіпу, якую ў памяшканні не зняў. Апроч таго, на галаве ён меў доўгія пейсы і бараду, якія выглядалі дзіўна, бо афіцэр быў блакітнавокі бландын. Натуральна, усё гэта блішчала ад тлушчу. У барадзе захраслі кавалкі ежы. Але калі Кася прыгледзелася, зразумела, што гэта не тлушч, а лак, а кавалкі ежы – пластыкавая імітацыя.

– Маёр, капітан Капейкін сказаў нам, што вы стопрацэнтны габрэй, але як так атрымалася, што вы служыце ў КДБ?

– Такі сама бачыш, што ў КДБ бяруць усіх без разбору, нават во Капейкіна ўзялі. Дзе ўжо той КДБ, а дзе Капейкін.

– Але чаму вы самі паступілі ў КДБ?

– Я табе кажу, жыццё габрэя – гэта пераадоленне пакут, якія прыносяць у гэты свет гоі. Узяць хаця б цябе. Я сядзеў сабе ў кабінеце, не дзьмуў у х-р, еў мацу. Ты звоніш. Так і з КДБ. Мама заўсёды мне казала: «Не май ты нічога агульнага з гоямі, прывядзі ў дом нармальную габрэйку, каб я яе прыніжала, і абыходзь КДБ далёка, як Гітлер лінію Манэргейма, хай ён будзе пракляты на векі вечныя». То я прывёў дадому нармальную габрэйку і паступіў у КДБ, каб маме было за што мяне клясці. Як бабка кляла майго тату, які быў генералам КДБ і мне выбіў цёплае месцейка, як у вашага Хрыста за пазухай, нездарма мы яго ўкрыжавалі.

– Чаму ж вы не пайшлі ў Масад? – запытала Таццяна.

– Хто табе такое сказаў?

– Дык вы служыце і ў КДБ, і ў Масадзе? – здзівілася Кася.

– Вам, гоям, усё трэба ведаць. Служу – не служу – гэта знае толькі кіраўнік Масада. Але я даўно пракляў той дзень, калі паступіў у КДБ. Я табе скажу так: вось сядзіць Капейкін, такога антысеміта яшчэ пашукаць, дык ён просты капітан, а ў КДБ каго ні вазьмі – юдафоб юдафобавіч. Кажу табе, мая душа гартуецца кожнага разу, як я прыходжу на службу.

– А чаму ў КДБ толькі габрэям дазваляюць весці гаспадарчыя справы?

– Такі сама падумай. Хто даверыць гою якое-кольвечы пытанне па эканамічнай частцы? Любы гой вырашыць яго за дзесяць хвілін. Іншая рэч я. Я прыйду на склад, там антысеміт на юдафобе. Трэба пашукаць нашых. Шукаеш-шукаеш, а дзе ты нашага знойдзеш на авашчабазе? Так і ў КДБ.

Адказу Кася з Таняй не зразумелі, але вырашылі перайсці да сваёй прапановы і хутка выклалі яе маёру Галандскаму.

– Вы прыдумалі х-рню, – сказаў габрэй. – Я такога трызнення даўно не чуў. Толькі, помню, штосьці падобнае было ў маім дзяцінстве, калі цётка Сіма прыдумала гандляваць кавунамі. Яна паехала ў Душанбэ, – Галандскі зрабіў паўзу, каб даць слухачам магчымасць выкрыкнуць, штосьці кшталту «Што за дурасць!», але яны прамаўчалі. – Яна ўзяла квіток на цягнік і паехала ў Душанбэ. Там знайшла аднаго нашага, і яны паехалі ў далёкі кішлак, каб узяць кавуноў, але па дарозе машына зламалася. Я не ведаю, што там быў за наш, але ён палез у капот і стаў перабіраць рухавік.

– Гэта ўсё вельмі пазнавальна, але ў нашай справе што не так? – перабіла яго Кася.

– Дзяўчынка, цябе што не вучылі, што старэйшых перабіваць нельга? Калі маёр Галандскі кажа штосьці мудрае, ты мусіш сядзець і слухаць, бо я кажу ад імя ўсяго габрэйскага народа і крыху ад прыгнечанага народа Палестыны. Ты не дасі веры, але той наш адрамантаваў рухавік і яны даехалі. У кішлаку іх адразу скруцілі і пасадзілі ў склеп. Таджыкі далі тэлеграму майму дзеду, што адпусцяць цётку Сіму і таго нашага за тры месцы ў чарзе па «масквічы». «Тры месцы ў чарзе?» – закрычаў мой дзед і адразу патэлефанаваў кіраўніку абкама КПСС у Душанбэ. Кіраўнік абкама КПСС выклікаў да сябе старшыню камсамола Душанбэ. Кіраўнік камсамола ўзяў камсамольцаў з транспарантамі, і яны паехалі ў кішлак. Там адразу арганізавалі камуністычны суботнік, хоць была серада і час збору бавоўны. На суботніку галоўны камсамолец набіў пысу аднаму таджыку, і той хутка выпусціў цётку Сіму і нашага. Тады цётка Сіма купіла ў тым кішлаку дзве тоны кавуноў, і яны паехалі ў Менск. Але па дарозе машына зноў зламалася, а наш сказаў, што ён-такі габрэй і другі раз рамантаваць не будзе. І што вы думаеце, цётка Сіма сама палезла ў капот і направіла рухавік.