Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Прыехалі яны ў Менск і пайшлі на калгасны кірмаш. Але трэба было ўзяць даведку, што ты калгаснік. А хто можа даць цётцы Сіме такую даведку, калі яна нават не ведае, як выглядае рыдлёўка? Толькі прадсядацель калгаса. Туды-сюды, знайшлі аднаго прадсядацеля з нашых, стрыечны брат цёткі Сімы, у яго яшчэ калгас такі быў – адзін пакой, стос паперак і пячатка. Па паказчыках – першы ў рэспубліцы, калгас-мільянер.

Узяла цётка Сіма нейкага поца, той устаў на рынку і прадаў кавуны. І што вы думаеце, была ў цёткі Сімы тысяча рублёў, а стала тры тысячы. Бацька ёй тады сказаў так: «Сіма, дарагая мая, ты з тысячы рублёў зрабіла тры тысячы. Не ганьбі, калі ласка, сям’ю, гэткі бізнес можа рабіць любы гой, гэта прыніжае ўвесь наш народ і ўсіх тваіх продкаў, якія не дзеля таго перажылі Халакост, каб ты іх так зневажала. Гэта не бізнес, а бессэнсоўныя скокі. Такі паступай ты ў кансерваторыю і спісвай скрыпкі па ліпавых накладных». Вось, і вы такую ж х-рню прыдумалі. За такое брацца – гэта пляма на мундзіры афіцэра КДБ.

– Спадар Галандскі, што ж нам рабіць, хто можа дапамагчы нам з гаспадарчымі пытаннямі?

– Вам дапамагу я, – цвёрда сказаў габрэй.

– Але вы толькі што сказалі, што наша прадпрыемства – гэта х-рня і пляма на мундзіры.

– Безумоўна, сказаў. Але паглядзіце на мой мундур – мой лапсярдак увесь заплямлены. Да таго ж, я люблю, калі ў людзях праяўляецца іх характар. Я дам хахлам праявіць антысемітызм напоўніцу, я ім пакажу, што такое жыд пархаты! – афіцэр шырока пасміхаўся і нават махаў сціснутым кулаком.

– Калі вы зможаце пачаць? – запытала Таццяна.

– Слухай, я ўжо пачаў, засталося толькі абмеркаваць мой ганарар.

Абмеркаваўшы фінансавыя пытанні, маёр Галандскі ўстаў, паціснуў руку капітану Капейкіну і сказаў наступнае:

– Цэх будзе заўтра. Хахлоў найму да сярэдзіны наступнага тыдня.

Мужчына пакланіўся і пайшоў, насвістваючы Хава-Нагілу.

– Капейкін, – пачала Таццяна. – Я бачу, што вы знайшлі для нас найлепшага спецыяліста з усіх магчымых. Калі маёр Галандскі не дасць рады, я наогул не ведаю, хто б мог яе даць. Мы вам дужа ўдзячныя.

– Не варта марнаваць час, каб пахваліць мяне, усё гэта я раблю з адной толькі інтэнцыяй услужыць вам, спадарыні.

Капейкін і жанчыны абмяняліся яшчэ дзясяткам фраз, градус ліслівасці якіх сягнуў проста фантастычных значэнняў, пасля чаго Капейкін сышоў. Сяброўкі яшчэ нейкі час пілі каву, а потым раз’ехаліся па малазначных для гэтага апавядання справах: Кася да дылера, а Таццяна – дадому, пракантраляваць, што там з вячэрай.

Тым часам Пшэмак Мятліцкі сядзеў дома і назіраў за крыветкамі ў акварыуме, якіх толькі што пачаставаў MDMA. Акварыум быў на пяць тысяч літраў, таму мужчына вырашыў высыпаць у ваду дзесяць грам. З хвіліны на хвіліну крыветак мусіла забраць, Пшэмаку нават пачало здавацца, што яны збіваюцца ў касяк, але тут у дзверы пазванілі. На парозе была Агата. Гаспадар правёў дзяўчыну ў гасцёўню і адразу скруціў ёй джойнт.

– Ты не супраць, калі я да цябе сантэхніка выклічу?

І яна блытана патлумачыла, што пакаёўка Андрэя Куцілы расказала, нібы Цімур працуе сантэхнікам у прыватнай фірме. Агата знайшла нумар і лічыла, што найлепшы спосаб – гэта выклікаць спецыяліста ў кватэру Мятліцкіх. Пшэмак прапанову горача падтрымаў. Агата выцягнула тэлефон і хутка нахлусіла, што пачала працякаць труба ў ванным пакоі.

– Абяцалі, што будзе праз гадзіну, – падвяла яна вынік размовы.

– Давай згуляем у якую-небудзь гульню, – прапанаваў Пшэмак, які быў вялікім аматарам настолак.

– На распрананне? – запытала Агата такім тонам, што стала зразумела, што менавіта гэтага яна і чакае.