Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

Пшэмак падумаў, што MDMA трэба было пачаставаць яе, а не крыветак, якія ўжо наладжвалі штосьці кшталту оргіі, за якой мужчына з цікавасцю назіраў.

– Сёння без распранання, – не без шкадавання адказаў Пшэмак і палез па гульню.

– Гэта вельмі цікавая штука, называецца «Лядовы палац». Набыў у Менску, – Мятлік пачаў тлумачыць правілы. – У кожнага ёсць персанаж і шэсць дзялак. Спачатку на іх можна садзіць толькі бульбу. Калі высаджваеш дзве градкі, адкрываецца слот з курамі. Калі адкрыў усе куратнікі, можна завесці свінню. Але давай гуляць, так хутчэй зразумееш.

– Гэта што за карта? – запытала Агата.

– Твой персанаж. Калі на рукі персанаж не выпаў – пачынаеш з настаўніка. Ты пачынаеш з участковага, – сказаў Пшэмак. – Участковы дае больш бульбы на кожным ходзе, але яго нельга апгрэйдзіць да праграміста.

– Нічога не разумею, – сказала Агата. – Вось гэта што? – яна паказала карталюшку з выявай Нацыянальнай бібліятэкі.

– Гэта суботнік: ты прапускаеш ход.

– А як перамагчы?

– Трэба сабраць пяць тысяч даляраў, амерыканскую візу і квіток на лаўкост.

– А як візу атрымаць?

– Ёсць два спосабы. Можна або гуляць у латарэю, або стаць праграмістам.

– А праграмістам як стаць?

– Трэба прамацоўваць персанажа. Спачатку ты настаўнік, пасля камбайнер, потым дырэктар СТА, потым – праграміст. Кідай кубік, раскажу падчас гульні.

Агата кінула кубік, які выпаў гранню з каларадскім жуком да верху.

– У цябе ўраджайнасць падае да дзесяці цэнтнераў з гэктара.

Што здараецца, калі ўраджайнасць падае, Агата не даведалася, бо Кася прыехала ад дылера і пачала балбатаць пра тое, як яны цяпер будуць працаваць з маёрам Галандскім і Таццянай.

– Каханы, – звярнулася Кася да мужа. – А што з крыветкамі?

Крыветкі сабраліся ў складаную геаметрычную фігуру, максімальна блізкую да тэтраэдра.

– У іх пачаўся нераст, – не задумваючыся, схлусіў Пшэмак.

Кася не дала яму веры, але нічога не паспела сказаць, бо у дзверы пазванілі.