Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris

22
18
20
22
24
26
28
30

– Як вы жылі, што рабілі? – запытала Зіна, якая не страціла надзею стаць цім-лідарам і таму ўдавала на твары ледзьве не рэлігійны экстаз, які нават ліўся ў паветра кантравым святлом.

– Ды скончыла Акадэмію мастацтваў, памалявала два гады, аформіла карту паляка і паехала ў Варшаву.

Але Зінка вырашыла ўдакладніць:

– І як вам тут жывецца?

– Дрэнна мне, Зіначка, жывецца. Адчуваю, адарвалася ад роднага кораню, нібы хтосьці па спіне сякерай лупануў. З галіны зляцела, як ліст у жніўні – заўчасна, раптоўна. Халодным ранкам на чужой зямлі ляжу, чырвоная, сабакамі абасцаная.

Паехала ад мастацкай школы, ад каледжа, ад акадэміі, ад майстроў беларускіх. Паехала – і не вярнуся ўжо, нібы і да мяжы чатырыста кіламетраў, а як праз край свету пераскочыла. Часам гляджу ў вочы гэтыя польскія, блакітныя, нахабныя. І здаецца мне, што нежывыя яны. Устаю раніцай, у люстра зірну, і з кожным днём ува мне ўсё меней душы застаецца, нібы смокча яе хтосьці праз трубачку ў аперолі.

Кепска тут, не ведаю, як жыць, што рабіць, куды падацца. Галасі-не галасі, ніхто не пачуе, а пачуе – па пяццот не паабяцае, а калі і паабяцае, дык не мне, а на дзіцёнка. А дзіцёнка ў мяне няма.

Жыву як трава на вятры – куды мода мастацкая, туды і я. Сёння арт-аб’екты робім, заўтра сячом па мармуры, а ў панядзелак – ліём з бронзы. Стабільнасцю і не пахне, газету возьмеш, пах паперы ноздрамі ўцягнеш, да вуснаў фарбу тыпаграфскую прыкладзеш – нават намёку на стабільнасць няма. Дзе тут ужо фінансава сплануешся, куды ляцець – на Маёрку або на Лансаротэ – нічога зразумець не магу.

Вуліцай ідзеш вечарам – травой цягне, у клуб зойдзеш – усе ваду п’юць пасля парашкоў, куды паліцыя глядзіць – зразумець не магу, я ж так скуруся! Давалі б восем гадоў за пятачку – пайшло б жыццё!

Або абяцала Таня спачатку хахлоў, а пасля вас прыслала! Дзе тут смяяцца, дзе тут спакой душэўны адшукаць, як ухапіць той спакой за бараду, калі паголены ён? Натхнення няма, з песімізмам гляджу ў будучыню, сітуацыя ў Еўразвязе нестабільная, брэксіты спрэс, бежанцы. Працую, нібы на бураках у калгасе «Чырвоная змена». Бацвінне адразаю і сама ў гэтае бацвінне нырца даю.

На гэтым і варта скончыць гісторыю жыцця Лізы Лянкевіч у мастацтве па панятках, расказаную ёй самой, хаця галасіла яна доўга і жаласліва, але нават матальшчыцы слухалі яе, як на вёсцы радыёкропку, – фіксуючы толькі віншаванні з юбілеямі. Больш жа слухаць не было каму, бо хлопцы і Агата Кокс былі занятыя сваімі справамі.

– А што ты, Капейкін, – пачаў Віталь. – Не цікавішся, што там было далей з Цімурам?

– Ды зразумеў я ўжо, што гісторыя твая выдуманая ад пачатку да канца, не знаеш ні фіга, людзям галаву дурыш.

– Ды ты сам падробка, зробленая ў Польшчы, знойдзеная ў Сарагосе, а гісторыя Хоміча праўдзівая ад першага да апошняга слова – некаторым выпадкам я сам быў сведкам і магу паклясціся, што ўсё было рыхтык як я апісваю. Аднак як Хоміч ірве валасы на галаве і плача па А. І. Бацкелю, я не чуў, дый ніхто не чуў, бо хто чуў, той аглух, а пасля яшчэ саслеп, анямеў і знерухомеў, то паведаміць, як яно там было, не можа, мне ж пра той плач сама беларуская мова расказала, бо была ў тую ноч узбагачаная некалькамі выразамі, тузінам зваротаў і парай соцень безэквівалентных у дачыненні да астатніх моў сэнсава-канцэнтраваных мацюкоў.

Нагадаю, што, адплакаўшы па А. І. Бацкелю, Хоміч лёг на лаву з сандалавага паркету і забыўся кароткім трывожным сном беларускага паэта. Прачнуўшыся ад таго, што на поле выехалі камбайны, Цімур устаў і пайшоў у свет, куды вочы глядзелі. Вочы ж глядзяць заўсёды наперад ад твару, твар – наперадзе галавы, галава ў чалавека на тулаве, а тулава Хоміч павярнуў спінаю да сонца. Такім чынам, рухаўся ён кудысьці ў бок дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Польшчай.

Ішоў сабе паэт, ішоў, і сам не прыкмеціў, як гэтую мяжу перасёк. Не ведаю, можа, не заўважылі яго, можа быць, і заўважылі, але былі ўражаныя маштабам яго асобы, можа, і не былі ўражаныя, але адкрылі па ім агонь з буйнакаліберных кулямётаў, ды ўсё ж спрацавала парада псіхолагаў, і паколькі Хоміч не звяртаў ніякай увагі на кулі, што ў яго ляцелі, і на сабак, якія хапалі яго за клубы, то яны і не змаглі перашкодзіць паэту перасячы дзяржаўную мяжу, нейтральную паласу і яшчэ адну дзяржаўную мяжу.

Ішоў сабе Хоміч далей па пальшчызне, але не той, якая польская мова, а той, каторая тэрыторыя ўсялякіх там мала-, велька- і інша- польскіх ваяводстваў ды паветаў. Ішоў дый не-не, а ўзгадваў свайго сябра А. І. Бацкеля, пускаў круглую паэтычныю слязу, і дзе такая слёзка падала, там прарастаў дуб, а дзе высыхала такая слёзка на яго кашулі, там праступалі выявы багоў і дэманаў. Калі ж які падарожны бачыў такую выяву, у яго пачынаўся вурзупель, але не ўваччу, а чамусьці на каленях.

Ішоў сабе Хоміч ішоў дый прыйшоў да Віслы (а куды ты яшчэ можаш прыйсці, як ідзеш ад беларускай мяжы ўвесь час на Захад? Ясна, у Варшаву) і выйшаў так няўдала, паміж мастамі, то як быў у адзежы, так і пайшоў далей у хвалі. Як зрабілася яму па грудзі, то паплыў. Плыў сабе Цімур, плыў, нарэшце выйшаў на іншым беразе. Была першая ці другая гадзіна ночы, але акурат у тым месцы стаяў начны клуб. І ведаеце што? Гэта быў клуб Барыса, якога мы ў Шымана бачылі, помніце?

Чорны і Пшэмак паківалі, Адамовіч паціснуў плячыма – маўляў, бачылі – і што з таго, ці мала каго я дзе бачыў.

Барыс сядзеў на шэзлонгу і глядзеў, як Хоміч плыве па дарожцы месячнага святла праз магутную раку. Як выйшаў Цімур на бераг, то запытаў яго Барыс, хто ён такі і чаму не перайшоў Віслу па мосце, як усе нармальныя людзі. Хоміч нічога не адказаў, толькі сеў побач з Барысам проста на пясок і закрыў твар рукамі. Пасядзеўшы колькі часу, Хоміч расказаў Барысу, што здарылася, што памёр ягоны, Цімураў, адзіны сябар, што гэта непапраўна і зрабіць з гэтым ніхто ўжо нічога не здолее.