Знак чатырох

22
18
20
22
24
26
28
30

Ён падаў мне нешта накшталт невялікага мяшэчка ці гаманца, сплеценага з каляровай саломы і расшытага таннымі шклянымі перламі. Форма і памер знаходкі наводзілі на думку пра партсігар. Унутры ляжала з паўтузіна цёмных калючак расліннага паходжання, вострых з аднаго канца і закругленых з другога, – рыхтык тая, што забіла Барталам’ю Шолта.

– Д’ябальская рэч, – сказаў Холмс. – Асцярожна, не параньцеся. Я рады, што знайшоў іх, бо ёсць шанец, што гэта ўвесь яго запас. Цяпер можна не баяцца, што хтосьці з нас неўзабаве надта блізка з імі пазнаёміцца. Лепш ужо куля з пібадзі-марціні*, я так лічу. Ну што, Ўотсан, вы гатовыя да шасцімільнай прагулкі?

– Безумоўна, – адказаў я.

– Вашая нага вытрымае?

– Ніякіх сумневаў.

– А вось і ты, сабачка! Добры стары Тобі! Нюхай, Тобі, нюхай!

Ён падсунуў выпацканую крэазотам насоўку сабаку пад нос. Расставіўшы калматыя лапы і смешна навастрыўшы адно вуха, Тобі нюхаў насоўку, як дэгустатар, што ацэньвае букет найвыбітнейшага марачнага віна. Холмс кінуў насоўку як мага далей, прывязаў да ашыйніка паўкроўкі моцную вяроўку і падвёў сабаку да бочкі. Няўклюднае стварэнне тут жа выбухнула тонкім няроўным лаем і, апусціўшы нос да самай зямлі і як мага вышэй задраўшы хвост, затупала па следзе так хутка, што павадок нацягнуўся, і мы былі вымушаныя з усіх ног кінуцца за Тобі.

Усход спакваля яснеў, і мы ўжо маглі агледзецца ў халодным шэрым святле. Прастакутны масіўны дом з чорнымі пустымі вокнамі і высокімі голымі сценамі высіўся за нашымі спінамі, сумны і самотны. Дарога нашая ляжала праз сад, цераз яміны і канавы, якія яго перасякалі і перакрыжоўвалі. Усё гэтае месца з раскіданымі там і тут купамі зямлі і кепска дагледжанай парасцю выглядала такім закінутым і злавесным, што здавалася адпаведным фонам для нядаўняй страшнай трагедыі.

Дабегшы да мура, што атачаў сад, Тобі, нецярпліва скуголячы, кінуўся уздоўж яго ценю, пакуль урэшце не спыніўся ў куце, што схаваўся за маладым букам. Там, дзе сыходзіліся дзве сцяны, некалькі цаглінаў былі ссунутыя, і шчыліны падаваліся сцёртымі і закругленымі ўніз, быццам імі часта карысталіся як лесвіцай. Холмс ускараскаўся на мур і, узяўшы з маіх рук сабаку, перакінуў яго на іншы бок.

– Драўляная нага тут наслядзіла, – заўважыў ён, калі я таксама ўскараскаўся на мур. – Бачыце, на белай вапне плямка крыві. Якое шчасце, што з учорашняга дня не было сур’ёзнага дажджу. Мы спазняемся на дваццаць восем гадзін, але пах на дарогах усё яшчэ ёсць.

Прызнаюся, што на гэты конт у мяне былі сумневы, бо я помніў, які на лонданскай дарозе моцных рух. Аднак страхі мае хутка развеяліся. Тобі, не вагаючыся і нікуды не збочваючы, патрухаў сваім непараўнальным манерам проста наперад. Рэзкі пах крэазоту перамог, відаць, усе астатнія пахі.

– Не думайце толькі, – сказаў Холмс, – што мой поспех залежыць ад таго, што нехта з нашых сяброў выпадкова наступіў на хімікаліі. Цяпер я ведаю дастаткова, каб узяць іх след многімі іншымі спосабамі. Гэты проста самы хуткі, і калі ўжо лёс даў нам у рукі ніць, было б злачынствам ёй не скарыстацца. Справа, аднак, ужо не выглядае цікавай лагічнай задачкай, якой падавалася спачатку. Праз гэты занадта відавочны след нашая заслуга не будзе такой ужо і вялікай.

– Яшчэ як будзе! – запярэчыў я. – Магу вас упэўніць, Холмс, што я шчыра захапляюся хуткасцю, з якой вы робіце высновы, – яна ўражвае нават больш, чым у справе Джэферсана Хоўпа! А тут жа ўсё яшчэ глыбей і складаней. Як вы, напрыклад, змаглі так упэўнена апісаць чалавека з драўлянай нагой?

– Фэ, мой дарагі хлопча, гэта ж так проста! Але ніякай патэтыкі – усё тут відавочна і несумненна. Два афіцэры, якія ахоўваюць вязняў, даведаліся пра важны сакрэт, дзе схаваны скарб. Карту ім намаляваў ангелец Джонатан Смол – вы памятаеце, мы бачылі яго імя на плане капітана Морстэна. Ад імені сябе самога і сваіх таварышаў ён з некаторай доляй драматызму падпісаўся «знакам чатырох». З дапамогай плана афіцэры – ці адзін з іх – здабылі скарб і прывезлі яго ў Англію, не выканаўшы, як мы можам меркаваць, адну з умоваў, на якіх яго атрымалі. Чаму ж Джонатан Смол не завалодаў скарбам сам? Адказ ляжыць на паверхні. На плане стаіць дата, калі Морстэн быў шчыльна звязаны з вязнямі. Джонатан Смол не мог атрымаць скарб, бо тады разам са сваімі суўдзельнікамі сядзеў у турме.

– Але гэта толькі здагадка, – сказаў я.

– Больш чым здагадка – гэта адзіная гіпотэза, якія тлумачыць усе факты. Давайце паглядзім, як добра яна адпавядае далейшым падзеям. Некалькі гадоў маёр Шолта, валодаючы здабытым скарбам, жыве спакойна і шчасліва. Потым атрымлівае ліст з Індыі, які моцна яго палохае. З чаго б гэта?

– У лісце вядзецца пра тое, што чалавек, з якім ён кепска абышоўся, выйшаў на волю.

– Ну ці збег. Гэта больш імаверна, бо Джон Шолта напэўна ведаў тэрмін яго зняволення, і калі б ён скончыўся, для маёра гэта не было б такой нечаканкай. Што ён тады робіць? Спрабуе абараніцца ад чалавека з драўлянай нагой, дарэчы, белага, бо маёр памылкова пераблытаў яго з мясцовым гандляром і падстрэліў таго з пісталета. А ў плане ёсць толькі адно імя белага чалавека – астатнія індусы і мусульмане. Іншых белых там няма. Таму мы з упэўненасцю можам сцвярджаць, што Драўляная Нага і ёсць Джонатанам Смолам. Ну як, мае развагі падаюцца вам непераканаўчымі?

– Не, пакуль усё каротка і ясна.

– А цяпер давайце паставім сябе на месца Джонатана Смола. Зірнем на справу, так бы мовіць, з яго гледзішча. Ён вяртаецца ў Англію, з аднаго боку прагнучы атрымаць тое, што лічыць сваёй уласнасцю, а з другога – адпомсціць таму, хто кепска з ім абышоўся. Даведваецца, што Шолта жывы, і, цалкам імаверна, знаёміцца з яго прыслугай. Быў у маёра дварэцкі, Лал Раа, якога мы не бачылі, але місіс Бэрнстан апісвала яго з вялікай непрыязнасцю. Смол, аднак, тайніка не знайшоў, бо ніхто, апроч самога маёра і яго вернага слугі, цяпер ужо нябожчыка, не ведаў, дзе схаваны скарб. Раптам Смол дазнаецца, што маёр пры смерці. Адчайна баючыся, што сакрэт скарбу памрэ разам з ім, Смол нейкім чынам праслізгвае міма варты, дабіраецца да акна хворага, і толькі прысутнасць двух малодшых Шолта перашкаджае яму залезці ў пакой. Даведзены нянавісцю да шалу, той жа ноччу ён забіраецца ў дом памерлага і абшуквае ўсе прыватныя паперы маёра, спадзеючыся знайсці хоць якія звязаныя са скарбам запісы, і ўрэшце пакідае згадку пра свой візіт – цыдулку са «знакам чатырох». Ён, без сумневу, планаваў забіць маёра і пакінуць ля яго цела нейкі намёк на тое, што з гледзішча чатырох кампаньёнаў гэта не звычайнае забойства, а нешта накшталт справядлівага акту. Прыкладаў такой вычварнай і эксцэнтрычнай пыхлівасці ў аналах крыміналістыкі дастаткова, і звычайна яна робіцца каштоўным ключом для высвятлення асобы злачынцы. Пакуль вам усё зразумела?