Далей ён паказаў Дзянісу паслядоўнасць выканання аперацыі. У яго абавязак цяпер уваходзіла: здымаць з канвеера зробленыя маразільныя камеры, ставіць на прэс, які прэсаваў іх з чатырох бакоў, а ў прыватнасці ізастужку, якой абляплялі каркас і змеявік кожнага маразільніка. Наступным крокам патрабавалася зняць з прэса камеру і паставіць яе на стол непадалёк. Ужо на стале да камеры трэба было прымацаваць папярочку, а потым павесіць яе за кручок на цележку, якая змяшчала дванаццаць такіх жа маразільных камераў.
— У гэтай справе галоўнае правільна паставіць на прэс маразілку, — гэта значыць роўна, таму што ў горшым выпадку пагнуцца сценкі і мне прыйдзецца ўсё перарабляць. Яшчэ праблемы могуць узнікнуць з папярочкай — памятай, яе неабходна прымацоўваць роўна; спярша будуць балець далоні, але гэта дробязі і ты паступова прывыкнеш, — сказаў мужык.
Запамінаючы паслядоўнасць дзеянняў, Дзяніс раптам усвядоміў, што гэта была першая сур’ёзная і адносна складаная аперацыя непасрэдна звязаная з лядоўнямі. Ужо можна ганарыцца. Праца на карысць Айчыны. Патрыятызм так і разбіраў Дзяніса. Паралельна з гэтым ён на асацыятыўным узроўні спрабаваў узгадаць, на каго ж быў падобны гэты мужык? Дзяніс выпусціў з памяці, якім імем яго назваў Прошын і таму адразу вырашыў надзяліць мужыка мянушкай. Асабліва гэтае жаданне з’яўлялася, калі той прымацоўваў да маразільніка папярочку, твар яго рабіўся напружаным і ён пераканаўча нагадваў амерыканскага акцёра.
“Акцёра, які здымаўся ў баявіках, дзе граў крутога героя, які біў храпы благім хлопцам, начыняючы іх на працягу кінастужкі кулямі, і абавязкова займаўся сэксам з прыгожай жанчынай. А самы вядомы яго фільм…як жа гэта… “Снайпер”. У самую кропку. А як жа яго звалі? Бэдар… Брэмер… не … Бэры… Бэрынджэр. Усё!”
Мужык быў падобны на Тома Бэрынджэра,[6] як дзве кроплі вады.
“Буду называць яго Снайперам”, — вырашыў Дзяніс.
У гэты момант мужык, нібы прачытаўшы яго думкі, паглядзеў на Дзяніса, усміхнуўся і сказаў:
— Цяпер давай сам спрабуй.
Дзяніс падышоў да канвеера і ўзяў у рукі маразільную камеру. Асцярожна паставіў на прэс.
— Смялей, — падбадзёрыў Снайпер і Дзяніс націснуў на кнопку “Пуск”.
Прэс выдаў уласцівы яму гук гудзення, і сплюшчыў сценкі маразільніка спярша з аднаго, а потым з другога боку. Не прайшло і хвіліны, як пачатковы этап аперацыі быў паспяхова завершаны. Дзяніс адразу ж зняў з прэса маразільнік і паставіў яго на стол. Узяў папярочку і паспрабаваў прымацаваць. Аднак яна выслізнула з рук і яму спатрэбілася дапамога Снайпера. Першая маразілка была гатовая.
Зрабіўшы з горам напалову дванаццаць маразільных камераў, Снайпер сказаў:
— А цяпер цележку трэба завесці да Віці. Пайшлі за мной, я пакажу куды.
Яны адышлі ад канвеера, мінулі першую ветку, завярнулі на лева і выйшлі да другой. Падышоўшы да невысокага шчуплага мужычка з вострым носам, Снайпер уладна паклікаў яго:
— Віця!
Той, як па загаду схамянуўся і хуценька падышоў да іх.
— Вось сюды будзеш прывозіць цележку, — сказаў Дзянісу Снайпер.
“Дзяцел”, — падумаў Дзяніс, гледзячы на востры нос мужычка.
— Што, гэт-сам, памочніка далі? — спытаў у Снайпера Дзяцел.
Снайпер абыякава махнуў рукой і, доўга там не затрымаўшыся, вярнуўся з Дзянісам зваротна да працоўнага месца.