Канвеер

22
18
20
22
24
26
28
30

Наступнай ахвярай стала жанчына, у якой быў непрыемны здушаны голас. Асацыяцыя прыйшла мімаволі.

“Нібы адчайнае мяўканне ката, якому дзвярамі прыціснула яйкі. Толькі яна жанчына! Значыць котка. Але ў коткі няма яйкаў! Халера з ёй. Буду называць яе Мявутам. “Гэй, Мявут, закрый рот, ці скажы выразней”.

Дзяніс стрымліваў сябе, каб не зарагатаць.

На трэцюю жанчыну, праўду кажучы, ён бы ніколі не звярнуў увагі. Ну акрамя, як на яе тлустыя лыткі з варыкознымі венамі, што ставала гідка.

"Баба, тупая працоўная баба. Баба Зіна! Вось цікава, калі ў яе і імя адпавядае мянушцы”.

На гэтым і вырашыў.

Апошнія гадзіны паступова вычэрпваліся, а канвеер, з кожным імгненнем, здаваўся Дзянісу ідэальным месцам для працы, бадай, лепш, чым выкладаць у школе, што свяціла яму па дыпломе.

Пад канец змены да яго падышоў Снайпер і працягнуў руку.

— Да заўтра, — сказаў ён, усміхнуўшыся.

Снайпер быў адзін з першых, хто падышоў да яго і на развітанне паціснуў яму руку.

“А гэты Снайпер не благі мужык”, — падумаў Дзяніс.

На гэтым працоўны дзень быў скончаны.

5

Субота. Тыдзень прайшоў незвычайна хутка, як звышхуткасны цягнік па рэйках. Дзяніс пераканаўся, што хапала яму толькі пераваліць мяжу серады, і тыдзень знікаў. Галоўнае, ператрываць панядзелак з аўторкам. І так паўсюль.

Наступныя будні праходзілі пад эгідай трэцяй змены, таму можна было расслабіцца.

Прачнуўшыся каля дванаццаці гадзін, Дзяніс адчуў боль у далонях, а калі паспрабаваў сціснуць кулак, боль праслізнула па ўсёй кісці. Вось і першыя прыкметы карпатлівай працы. Снайпер усё ж меў рацыю. Выходзіць, што канвеер, як болесуцішальны механізм — калі працуеш, стомленасць не адчуваецца, а калі выходзіш за прахадную, цела ные, нібы яго збілі палкамі. Канвеер выціскаў свае сокі. З такімі думкамі Дзяніс падняўся з канапы.

Дома нікога не было. Бацькі, хутчэй за ўсё, паехалі на кірмаш. На кухонным стале ён знайшоў цыдулку, у якой былі пазначаныя каардынаты сняданку. Дамашняя лядоўня прыўносіла сапраўднае замілаванне.

Прыняўшы душ, Дзяніс сеў за кампутар і зайшоў “у кантакт”. На яго старонцы было тры паведамленні. Першае ад Іры і два ад сяброў па ўніверсітэце. Іра напісала, што з’язджае з мамай на лецішча. Гэта істотна сапсавала Дзянісу настрой. Паведамленне не выратавалі нават смайлікі ў выглядзе пацалункаў. Аднак две наступныя навіны адразу ўзбудзілі ў ім хвалю энтузіязму. Гэтыя два паведамленні па-змоўніцку прывабілі яго думкі, яны бясспрэчна валодалі тэлепатычнай сувяззю, таму што змест іх дзіўным вобразам пераплятаўся.

Субота!

Ну як жа?