— Можаш прыступаць да справы, — урэшце сказаў ён, — калі ўзнікнуць якія-небудзь складанасці, кліч мяне, я буду непадалёк.
І пайшоў у самы канец участка. Там ён згінаў лісты абечайкі, надаючы ім квадратную форму, з якіх потым жанчыны і выраблялі маразільныя камеры, аздабляючы іх заднімі сценкамі, змеявікамі і белай ліпкай ізастужкай.
Як толькі Снайпер адышоў, Дзяніс адчуў сябе, у поўнай ступені, адзінокім чалавекам, кінутым сам насам з адказнай аперацыяй. Круціся, як хочаш. На яго ўсклалі працоўны абавязак, паставілі задачу, зацвердзіўшы, тым самым, новае звяно ў агульным ланцугу канвеернага механізму. Таму прыйшлося хутка ўлівацца ў адну працоўную плыню і Дзяніс паступова, сам таго не заўважаючы, пачаў набываць здольнасці робата, якога запраграмавалі для пэўнай мэты.
У галаву лезла Бог ведае якая лухта. Дзяніс і сам не мог растлумачыць адкуль браўся гэты бессэнсоўны трэш, і як ён яшчэ на працягу гэтага ўмудраўся выконваць аперацыю. Самнамбулізм якісьці. Разам з тым яго рухі зрабіліся дасканала аднастайнымі. А потым ён вынайшаў зручную тэхніку, з дапамогай якой на аперацыю патрабавалася роўна адна хвіліна. Ён нават вызначыў, як лепей стаяць каля маразільнай камеры, каб папярочка прымацоўвалася двума націскамі рукі. Таксама Дзяніс разлічыў часовы інтэрвал паміж працай і адпачынкам (трыццаць секунд), што дазваляла яму аднавіць сілы і ён смела сядаў на стол. Пад час адпачынку Дзяніс з цікавасцю вывучаў працоўнае асяроддзе. Трэці цэх быў прасторным, болей, чым ён здаваўся яму раней. Вышыня ад падлогі да шклянога даху складала каля дваццаці метраў. Праз бруднае шкло даху Дзяніс бачыў сіняе неба з бязладна раскіданымі па ім аблокамі — шматок свабоды, якая пранікала сюды з гарадскога свету. Дарэчы, па небу можна было арыентавацца, асабліва ў другую змену, зоркі і сонца ў такой резервацыі шмат аб чым казалі. Але найбольш увагу Дзяніса прыкавала завадская вентыляцыя, прадстаўленая ў выглядзе тоўстых алюмініевых трубаў, якія пачыналіся ад падвесных канвеераў і цягнуліся да самага даху.
“Зусім як у амерыканскіх фільмах, — падумаў ён, — калі які-небудзь Джэймс Бонд, хаваючыся ад ворагаў, асцярожна пралазіць па такой жа вентыляцыі і тут нечакана струмень вады змывае яго ў сцёкавую канаву”.
Разглядаючы цэх, Дзяніс, адначасова, усведамляў, што яму падабаецца працаваць на гэтым месцы.
“А што, ёсць пастаянная праца, адна не зусім складаная аперацыя, добры заробак, чаго яшчэ трэба звычайнаму мужыку? Тым больш час на новым месцы праходзіў удвая хутчэй, чым на “Лініі Краўса” і першай канвеернай ветцы”.